Законапраект падтрымалі 330 дэпутатаў Вярхоўнай Рады, у тым ліку некаторыя чальцы былой фракцыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», якая лічылася прарасейскай.
Кіраўніца партыі «Слуга народу» Алена Шуляк патлумачыла, што закон прадугледжвае забарону партый, калі іх праграмныя мэты ці дзеяньні накіраваныя на апраўданьне або адмаўленьне збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны. У тым ліку размова можа ісьці аб адмаўленьні таго, што расейскія вайскоўцы акупуюць украінскія тэрыторыі, або аб вызначэньні расейскіх вайскоўцаў і сілаў, якія імі падтрымліваюцца, як «апалчэнцаў» ці «ветлівых людзей». Пераліку партый, якія могуць трапіць пад забарону, у законе няма, іх вызначыць суд.
У канцы сакавіка Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны прыпыніла дзейнасьць шэрагу партый на час ваеннага становішча, абгрунтаваўшы сваё рашэньне іх прарасейскай пазыцыяй. Пасьля гэтага 25 чальцоў распушчанай фракцыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё» стварылі ў Вярхоўнай Радзе дэпутацкую групу «Плятформа за жыцьцё і мір».