Палітзьняволены Іван Багдзевіч выйшаў на волю з папраўчай калёніі № 3 («Віцьба»), паведамляе Dissident.by
Івана Багдзевіча затрымалі 19 кастрычніка 2020 году дома ў вёсцы Рыбцы Пухавіцкага раёну. Яго прызналі вінаватым у тым, што 12-13, 13-14, 14-15, 16, 23 жніўня 2020 году, знаходзячыся ў розных месцах Менску, ён «публічна выкрыкваў лёзунгі і рабіў гучныя воплескі рукамі, тым самым зьдзяйсьняў дзеяньні, накіраваныя на працяглае парушэньне спакою грамадзян».
23 чэрвеня 2021 году Івана асудзілі на 2 гады калёніі, піша «Вясна».
Да затрыманьня Іван актыўна ўдзельнічаў у пошуках зьніклых людзей з ПВА «Анёл», ён мае траіх непаўналетніх дзяцей.
Журналіста Анджэя Пачобута перавялі з Жодзіна ў СІЗА на Валадарскага ў Менску
Пра гэта паведаміла жонка Анджэя Аксана Пачобут.
Цяпер напісаць ліст Пачобуту можна на адрас: 230030, Менск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА № 1.
Анджэя Пачобута арыштавалі ў рамках «справы палякаў», фігурантамі якой таксама зьяўляюцца старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс, актывісты Саюзу палякаў Беларусі зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава. Жанчын, апрача Анжалікі Борыс, летась вызвалілі і прымусілі пакінуць Беларусь.
Анжаліцы Борыс нядаўна зьмянілі меру стрыманьня — цяпер яна пад хатнім арыштам.
«Не саступаем, не спыняемся!» — палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк з-за кратаў
Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк даслала натхняльны ліст з-за кратаў, датаваны 25 красавіка, піша «Вясна». У лісьце яна дзякуе ўсім за падтрымку:
«Дазвольце павіншаваць вас зь Велікоднымі сьвятамі і падзякаваць за падтрымку ў мой адрас! Вашыя дзеяньні, як і Салідарнасьць іншых беларусаў са мною на працягу красавіка, цалкам абвяргаюць той штамп, маўляў, усе „забылі“ і нікому мы „не цікавыя“. Як быццам можна махнуць рукою на справядлівасьць ды забыцца на Волю. Гэта доля рабоў, а Беларусы, дзякуй Богу, з гэтага стану выйшлі і, я веру, ужо не дазволяць ніколі накінуць ярмо на сваю шыю. Не саступаем, не спыняемся! Мы разам!».
7 красавіка Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі ў гомельскай калёніі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй, на дадатак да двух гадоў зьняволеньня, яшчэ адзін год у калёніі.
У палітвязьня Ўладзімера Гундара ў турме забралі ўсе лісты
Увесь час у зьняволеньні на Гундара аказваецца ціск. Яго зьмяшчаюць у карцар, а аднойчы падчас этапу прымусілі ісьці бяз мыліц, паведамляе «Вясна | Брэст».
«Міліцыянты за сьпінай скавалі яму рукі кайданкамі, забралі мыліцы і сказалі, што на загад сьледчага КДБ ён мусіць дабірацца да аўтамабіля самастойна. Уявіце: без нагі, бяз мыліцаў, з рукамі за сьпінай у кайданках», — паведамлялі сваякі.
Нядаўна Гундар напісаў, што ў яго забралі ўсе лісты. Суд над ім меркавана адбудзецца прыкладна ў канцы траўня.
Уладзімер Гундар — актывіст і краязнаўца з Баранавічаў, мае інваліднасьць другой групы. Яго затрымалі па «справе Аўтуховіча» нібыта за падрыхтоўку тэракта. Спачатку яго вінавацілі ў тэрарызьме, але пазьней гэты артыкул быў зьняты. Цяпер Уладзімеру ставіцца ў віну ч. 1 арт. 285 (стварэньне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).