Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ня гнуткі — той будзе зламаны. Марудлівасьць можа дорага каштаваць Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Афіцыйны Менск зноў спрабуе гуляць у звыклую для сябе гульню і намагаецца на тле вайны ва Ўкраіне намацаць шляхі да аднаўленьня кантактаў з Захадам. Аднак адбываецца гэта адначасова з эскаляцыяй палітычных рэпрэсій. Лукашэнка нібы не заўважае, што на дварэ не 2010-ы і не 2014 год.

Пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў выніку «пякельных» санкцый і агульныя пэрспэктывы пайсьці на дно пасьля магчымай паразы Расеі ў вайне (альбо разам з Расеяй, альбо ў рамках якіх-небудзь пасьляваенных «адступных» Масквы перад Захадам) — усё гэта яўна непакоіць Менск. Аднак высновы з новай сытуацыі робяцца своеасаблівыя. Лукашэнка нібы разьлічвае, што Акрэсьціна на фоне Бучы ператворыцца ў яшчэ адну «перагорнутую старонку», як раней выкраданьні і забойствы Ганчара, Захаранкі ды іншых палітыкаў або рэпрэсіі пасьля выбараў 2010 году.

Адначасова ў Беларусі не спыняецца палітычны тэрор. Толькі на мінулым тыдні зьявіліся 27 новых палітвязьняў. Працягваюцца рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Адзін з найбольш гучных выпадкаў — злачыннае і абсурднае абвінавачваньне цяжарнай Насты Дашкевіч, актывісткі і жонкі знакамітага палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, якой цяпер пагражае да пяці гадоў турмы. Тысячы людзей застаюцца ў незаконным зьняволеньні і цярпяць зьнявагі і зьдзекі. На фоне вайны рэжым рыхтуецца ўвесьці сьмяротнае пакараньне паводле артыкулу, па якім ужо абвінавачваюцца Ціханоўская, Латушка ды іншыя лідэры апазыцыі.

На што разьлічвае Менск у такіх умовах, сказаць цяжка. Ніякіх зрухаў з боку Эўропы ня можа быць, пакуль беларускія палітвязьні не на свабодзе і пакуль рэжым не зрабіў выразных крокаў насустрач. Успомніць толькі, зь якім гучным скандалам зь Беларусі была выгнаная ўся амбасада Латвіі. Пры якіх абставінах латвійскія дыпляматы змогуць вярнуцца і што для гэтага павінен зрабіць афіцыйны Менск, складана сабе цяпер уявіць.

Аўтарытарныя рэжымы ў нашым рэгіёне прывыклі перамагаць у міжнароднай палітыцы за кошт сваёй нягнуткасьці, незгінальнасьці, нахрапістасьці. Але выглядае, што цяпер хто ня будзе гнуткім, той будзе зламаны.

Настрой калектыўнага Захаду сёньня зусім іншы, чым у якім-небудзь 2019 годзе. Скончыліся два дзесяцігодзьдзі цярпімасьці да пуцінскай Расеі, калі Эўропа дзеля эканамічных інтарэсаў заплюшчвала вочы на відавочныя парушэньні міжнароднага права, ад агрэсіі супраць Грузіі ў 2008 годзе, да анэксіі Крыму ў 2014-м (ня кажучы пра парушэньні правоў чалавека і фальсыфікацыю выбараў).

Параўнаньне з Гітлерам стала банальным, але перад нашымі вачыма амаль паўтараецца гісторыя трыццатых гадоў. Тады Захад дараваў Гітлеру аншлюс Аўстрыі, дараваў (нават санкцыянаваў) захоп ім часткі Чэхаславаччыны, і толькі сумесны з СССР напад на Польшчу стаўся «чырвонай рысай», калі стала зразумела, што ўся палітыка залагоджваньня дыктатара правалілася і трэба даваць адпор.

І вось цяпер у нас разгар вайны: ідзе прамое супрацьстаяньне, а час для перамоваў і кампрамісаў надыдзе толькі потым, пры іншай канфігурацыі сілаў (найперш ваенных). Будуць, напэўна, свае Тэгеран, Ялта, Патсдам. Толькі Расею на іх не запросяць. Зь ёй калі і будуць перамовы, то толькі аб поўнай і безумоўнай капітуляцыі.

Хтосьці скажа, што Лукашэнка ня Гітлер, а толькі Мусаліні пры Гітлеру. А дакладней, мабыць, Антанэску (дыктатар Румыніі, калі яна ваявала на баку гітлераўскай Нямеччыны). Румынія ў апошнія месяцы Другой сусьветнай вайны сапраўды перайшла на бок саюзьнікаў і ваявала супраць Нямеччыны. Але Антанэску гэта ня выратавала: ён за свае ваенныя злачынствы трапіў у турму, а ў 1946 годзе быў асуджаны і пакараны сьмерцю.

Чым даўжэй будзе Менск адцягваць свае крокі насустрач Захаду і свае жэсты добрай волі, тым даражэйшай для яго будзе выніковая дамоўленасьць. Можа атрымацца і так, што крокі гэтыя будуць запозьненыя і нерэлевантныя. Што будуць зроблены яны толькі тады, калі размова будзе ўжо не з Лукашэнкам пра ягоны выхад з вайны на нейкіх прымальных для яго ўмовах, а зь якой-небудзь генэральскай хунтай — пра ўмовы дэмантажу дыктатуры ў постлукашэнкаўскай Беларусі. І момант гэты набліжаецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG