Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто падпадзе пад «расстрэльны» артыкул пасьля зьменаў у Крымінальным кодэксе?


Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях унесла папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Цяпер за спробы замаху на тэрарыстычны акт будуць караць аж да сьмяротнага пакараньня.

З такой ініцыятывай выступіла дэпутатка ад Заходняй акругі Менску Марына Лянчэўская. Палата падтрымала яе прапановы.

Артыкулу «Замах на тэрарыстычны акт» у беларускім Крымінальным кодэксе няма. Ёсьць асобна артыкул 289 «Акт тэрарызму» і артыкул 14 «Замах на злачынства». Яны павінны прымяняцца ў зьвязцы для падобнага абвінавачаньня.

Пры гэтым існуе артыкул 67 КК «Прызначэньне пакараньня за няскончанае злачынства». «Сьмяротнае пакараньне за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства не прызначаюцца», — гаворыцца ў частцы 2 артыкулу.

«Найхутчэй, зьмены былі ўнесеныя ў гэты артыкул, — сказаў Свабодзе ананімна вядомы юрыст. — Альбо перакваліфікавалі і ўвялі новы склад, у якім „замах“ становіцца закончаным злачынствам. У Беларусі сьмяротнае пакараньне прызначалася толькі за злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця пры абцяжлівых абставінах. Калі сказаць проста, то няма трупа — няма і сьмяротнага пакараньня».

Каго могуць прыцягнуць?

Вядома, што за спробу «Замаху на акт тэрарызму» ў красавіку 2021 году КДБ унёс у сьпіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці, адразу 15 чалавек. Гэта лідэрка апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская, кіраўнік НАК Павал Латушка, блогер Антон Матолька, былыя сілавікі Ігар Макар, Андрэй Астаповіч, Станіслаў Лупаносаў, Аляксандар Азараў, Уладзімер Жыгар, Мацьвей Купрэйчык, Сяргей Курачкін, Міхаіл Куцко, Ігар Лобан, Сяргей Макар, Алег Талерчык, Сьвятлана Хілько, Сяргей Чубукоў.

У адзін сьпіс зь імі трапіў былы міліцыянт Станіслаў Якіменка, якога падазраюць у крадзяжы 270 тысяч даляраў з сэйфу офісу ГУБАЗіКу ў Менску. Ён ніяк не адносіцца да падзей 2020-2021 гадоў, але чамусьці таксама праходзіць паводле артыкулу 289 КК праз арт. 14 КК.

Таксама па гэтым жа артыкуле абвінавачваецца жыхар Пінскага раёну Вячаслаў Маляйчук, які нібыта рыхтаваў тэракты ў Менску (раён Чыжоўкі), а таксама ля вайсковай часткі Печы пад Барысавам. Затрымалі яго напярэдадні Дня Волі ў 2021 годзе.

Пазьней у сьпіс КДБ паводле гэтага ж артыкулу дадалі Натальлю Матвееву. Яе абвінавачваюць у плянаваньні падпалу лесанарыхтоўчай тэхнікі. Варта нагадаць, што ў Беларусі сьмяротнае пакараньне не прымяняецца да жанчын.

У сьнежні 2021 году менчук Аляксандар Зайцаў быў асуджаны да 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму менавіта за замах на акт тэрарызму. Яго судзілі ў закрытым рэжыме. Абвінавачаньне настойвала на тым, што Зайцаў рыхтаваў падпал лецішча старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.

«Абвінавачаны ня змог давесьці свой намер да канца, бо супрацоўнікі праваахоўных органаў своечасова спынілі супрацьпраўныя дзеяньні, чым забясьпечылі грамадзкую бясьпеку», — гаворыцца ў абвінавачваньні.

Затрыманыя менчукі, якіх падазраюць у спробе падпалу Фрунзэнскага РУУС Менску, таксама абвінавачваюцца ў «замаху на акт тэрарызму».

Што кажа праваабаронца?

Каардынатар кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня юрыст Андрэй Палуда гаворыць, што прадучуваньні ў яго «ня вельмі добрыя».

Андрэй Палуда
Андрэй Палуда

«Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі — гэта не пусты гук, запісаны ў заканадаўчых актах. Штогод у Беларусі выносяцца сьмяротныя прысуды, штогод яны прыводзяцца ў выкананьне. Вельмі складана сказаць, ці будзе гэта прымяняцца на практыцы.

У нас і так сьмяротнае пакараньне было прадугледжана ў адзінаццаці складах злачынстваў. Але правапрымяняльная практыка была такой, што сьмяротнае пакараньне выносілася па забойствах пры абцяжлівых абставінах, а таксама вядомы кейс Канавалава — Кавалёва за тэракт у менскім мэтро», — кажа Палуда.

На думку праваабаронцы, такое рашэньне ўладаў — гэта рэакцыя на сытуацыю, якая складваецца ў краіне.

«Не выключаю, што гэта падзеі, пра якія мы, шырокі пласт насельніцтва, проста ня ведаем. Магчыма, гэта „рэйкавая вайна“, магчыма, нешта яшчэ. Улады па-ранейшаму лічаць, што наяўнасьць сьмяротнага пакараньня зьўляецца стрымальным фактарам. Мы ж неаднаразова казалі, што не няўнасьць найвышэйшай меры, ня колькасьць гадоў для асуджанага, а неадваротнасьць самога пакараньня ёсць стрымальным фактарам», — лічыць юрыст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG