Берасьцейскі суд прысудзіў палітвязьню Ўладзіміра Агіевіча тры гады калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 130 КК (распальваньне варожасьці), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Судзьдзя Святлана Крамянёўская ўгледзела распальваньне варожасьці ў камэнтары «Хороший кагэбэшник — мёртый кагэбэшник», які Агіевіч пакінуў 29 верасьня 2021 года ў суполцы «Онлайн Брест» пад відэазапісам перастрэлкі, у якой былі забіты супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк і IT-спэцыяліст Андрэй Зельцар, у кватэру якога ўварваліся сілавікі.
У судзе Агіевіч прызнаў, што напісаў гэты камэнтар, але заявіў, што ў яго не было матыву, які яму прыпісаў бок абвінавачаньня. Паводле палітвязьня, ён быў перакананы, што відэаролік пастановачны, і пакінуў камэнтар, проста перафразаваўшы назву кінастужкі «Добры коп — мёртвы коп».
Адвакат Агіевіча адзначыў: судовая псыхоляга-лінгвістычная экспэртыза прыйшла да высновы, што камэнтар нэгатыўны. Разам з тым экспэрты не ўказалі, што ён абразьлівы або гераізуе Зельцара, які застрэліў супрацоўніка КДБ, што магло б трактавацца як «распальваньне варожасьці».
Судзьдзю гэтыя довады не пераканалі і яна вынесла прысуд, які запатрабаваў дзяржабвінаваўца.
- Агіевіча затрымалі летась 29 верасьня — праз тры гадзіны пасьля таго, як ён напісаў камэнтар, за які яго пазбавілі волі. Да суду ён быў пад вартай.