Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усю сябе аддавала школе, дзецям». Што піша з турмы 68-гадовая настаўніца, затрыманая па «справе Зельцара»


Фрагмэнт ліста Эмы Сьцепулёнак з-за кратаў
Фрагмэнт ліста Эмы Сьцепулёнак з-за кратаў

29–30 верасьня па Беларусі прайшла хваля затрыманьняў па «справе Зельцара». У СІЗА трапілі каля 200 чалавек — за камэнтары з нагоды двух сьмерцяў: IT-спэцыяліста Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка.

Сярод затрыманых — 68-гадовая жыхарка Мёраў, былая настаўніца беларускай мовы Эма Сьцепулёнак.

Што вядома пра Эму Сьцепулёнак і што ёй пагражае?

Жыхарку Мёраў затрымалі 29 верасьня. Яе абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальваньні варожасьці» (артыкулы 369 і 130 Крымінальнага кодэксу). Былой настаўніцы пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі за камэнтар, які яна пакінула з нагоды сьмерці супрацоўніка КДБ. Які быў зьмест камэнтару — невядома.

Эма Сьцепулёнак — настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яна выкладала ў школе беларускую мову.

«Яе заўсёды на апошніх званках вучні проста задорвалі кветкамі ў знак падзякі за веды, якія яна давала ім. Вельмі вопытная, эрудзіраваная спэцыялістка. Пра гэта кажуць посьпехі яе вучняў, якія займалі неаднаразова першыя месцы на рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове, ня кажучы ўжо пра посьпехі на абласных і раённых алімпіядах», — расказвалі «Вясьне» былыя калегі са школы.

У Эмы няма сваёй сям’і, яна клапацілася пра маці, сястру, пляменьнікаў.

«Яна ўмее вязаць, шыць, вышываць, пячы. Яна і рамонт у хаце робіць сама, і лазьню пабудуе, і ваду правядзе, і праводку адрамантуе. Які парадак у яе каля дома, кветкі пахнуць з раньняй вясны да позьняй восені! Эма Антонаўна — творчы чалавек: яна і маляваць умее, шрыфтам валодае, пісала віншаваньні ў вершах калегам да сьвятаў, і ня толькі на беларускай мове. Працаголік па жыцьці. Разумная, адказная, справядлівая», — так характарызуюць яе былыя калегі.

«Я паехала ні з чым, ня ведала — куды і на які час»

Пасьля затрыманьня Эму, як і практычна ўсіх затрыманых у «справе Зельцара», паўтара месяца трымалі ў нялюдзкіх умовах у Жодзіне.

Пра гэта яна напісала ў сваіх лістах.

«Забралі з дому, нічога не дазволілі ўзяць. У камэры ў Жодзіне людзі дапамагалі чым маглі. Не было чым і на чым напісаць людзям адказ на лісты. Ні бялізны, ні ручніка — нічога. Ціск высокі. Некалькі дзён трымаецца 219 на 119. Але трымаюся», — пісала ў лістападаўскім лісьце жыхарка Мёраў.

Фрагмэнт ліста Эмы Сьцепулёнак з-за кратаў
Фрагмэнт ліста Эмы Сьцепулёнак з-за кратаў

Яна шкадавала, што ня мае канвэртаў, каб усім адказаць.

«Спадзяюся на лепшае. Дзякуй за тое, што дапамаглі пасылкай. Я паехала ні з чым і ня ведала — куды і на які час. Няма сродкаў асабістай гігіены, патрэбны кіпяцільнік, астатнім добрыя людзі па камэры дапамагаюць. Хто легінсы даў, хто майткі. Толькі тапак няма, але перажыву. Дабро пераможа, я ў гэта веру», — пісала ў іншым лісьце пэнсіянэрка.

У турме яна сустрэла свае 68 гадоў. Гэта было ў віцебскім СІЗА, куды яе перавялі з Жодзіна. Там жа адсьвяткавала каталіцкае Раство.

«Як вы разумееце, асабліва пісаць нічога не магу. Вельмі хочацца ўбачыць зіму, сьнег, дрэвы, але, на жаль... У мяне сёньня Божае Нараджэньне, я каталічка. У душы малюся і сьвяткую. У мяне ў Беларусі няма родных зусім. Дый сяброў ужо не засталося. Хто памёр, хто зьехаў, хто ўжо ня сябар. Сястра жыве ў Піцеры. Тут я адна. Так склалася маё жыцьцё. Усю сябе аддавала школе, дзецям, дапамагала сястры. Пра сябе ня думала. Я прывыкла да самоты. Цяпер у мяне зьявілася шмат сяброў. Гэта незнаёмыя раней людзі, якія падтрымліваюць і дапамагаюць мне. Беларусы — неверагодныя, я маю на ўвазе не нацыянальнасьць, а прыналежнасьць да краіны. Мне многім дапамаглі. Адзеньнем, абуткам, сродкамі гігіены. Бо ў мяне практычна нічога не было», — напісала ў лісьце на волю Эма.

«Ніякага руху па справе няма зусім. Поўная бязглузьдзіца і невядомасьць. Умовы ў Віцебску зьнешне лепшыя, па сутнасьці ж — не. Харчаваньне аднастайнае. Мэдычнай дапамогі практычна няма. Падала тры заявы да тэрапэўта, але яна мяне так і не прыняла. Ціск скача, пасьцельнага рэжыму няма. Агулам на людзей тут напляваць», — пісала Эма.

Што зь іншымі затрыманымі па «справе Зельцара»?

Пасьля турмы ў Жодзіне людзей папераводзілі ў СІЗА «па месцы жыхарства» — у Менск, Горадню, Гомель, Віцебск ці Берасьце.

У Магілёве быў вынесены першы прысуд па гэтай справе. За камэнтары 45-гадовы жыхар Магілёва атрымаў 2 гады пазбаўленьня волі і штраф 3200 рублёў.

Астатнія чакаюць у СІЗА.

«Затрымалі брата майго мужа — за камэнтар па „справе Зельцара“ ў некалькіх тэлеграм-каналах. Ён жыў у Менску, працаваў на будоўлі. Проста вывелі з дому, у чым быў, — і „зьнік“. Жонцы ніякай інфармацыі першапачаткова не давалі. Быў у Жодзіне, як і ўсе. Цяпер піша нам лісты, але такое адчуваньне, што пад цэнзурай. Бо так піша: Ем, сплю, усё добра» — і больш нічога. Потым хадзілі з вобшукамі — да ягонай жонкі і бацькоў. Шукалі «экстрэмісцкую сымболіку» — так яны сказалі, але нічога не знайшлі. Толькі што папікалі, што затрыманы нібыта падтрымліваў апазыцыю, а каб яна прыйшла да ўлады — «нас бы вешалі і стралялі», — расказала Алена, жыхарка Менску.

У гомельскім СІЗА цяпер вядомы валянтэр Ільля Міронаў. Пасьля гібелі Андрэя Зельцара ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook спачуваньні сям’і праграміста. За гэта быў затрыманы.

У турме ў Ільлі было запаленьне вачэй, ён ня мог нават чытаць і пісаць.

«Цяпер у яго таксама шмат розных праблем. Да мяне прыходзіў сьледчы і сказаў, што ягоную справу перададуць у КДБ. Наколькі я ведаю, ніякія сьледчыя дзеяньні цяпер не праводзяцца, нешта шукаюць, відаць», — расказала маці Ільлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG