Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памідоры +31%, перцы +35%. Што найбольш падаражэла ў Беларусі з пачаткам вайны ва Ўкраіне


Глядзім, як напад Расеі на Ўкраіну адбіўся на цэнах на прадукты ў Беларусі.

Гародніна

За месяц вайны ва Ўкраіне найбольш у Беларусі падаражэла гародніна. У лютым, калі вайна яшчэ не пачалася, кіляграм памідораў каштаваў 6,75 рубля за кіляграм, а ў сакавіку ўжо 9,90 за кіляграм. Рост — плюс 31% за месяц. Такія дадзеныя публікуе Белстат.

Кіляграм перцаў у лютым каштаваў 9,76 рубля за кіляграм, а ў сакавіку — ужо 15,13 рубля за кіляграм. Рост 35%.

Часнык за месяц падаражэў на 10%.

Садавіна

Грушы ў лютым прадаваліся па 5,87 рубля за кіляграм, а ў сакавіку ўжо па 8,23 рубля за кіляграм. Рост — плюс 28% за месяц.

Вінаград у лютым каштаваў 8,44 рубля за кіляграм, а ў сакавіку ўжо 12,31 рубля за кіляграм. За месяц падаражэў на 31%.

Бананы падаражэлі на 26%, ягады на 11%.

Мяса і яйкі

Кіляграм сьвініны за месяц падаражэў на 1,2%, ялавічына — на 0,4%, курыца — на 0,56%. Як бачым, мясная прадукцыя ў цэнах амаль не зьмянілася, бо яна звычайна беларускай вытворчасьці, у адрозьненьне ад гародніны і садавіны.

Яйкі падаражэлі на 1,8%.

Кава і гарбата

Гарбата за месяц падаражэла на 5,6%, молатая кава — на 6,2%, распушчальная кава — на 7,5%, цукар падаражэў на 3,9%.

Рыба

Сьвежая рыба за месяц падаражэла на 11%, замарожаная і неразабраная рыба — на 5,6%, замарожанае філе рыбы — на 6,9%.

Селядзец за месяц падаражэў на 10%, іншая салёная і вэнджаная рыба — на 19,5%.

«Малочка» і крупы

Гэтыя катэгорыі тавараў звычайна беларускай вытворчасьці, таму цэны на іх за месяц зьмяніліся нязначна. Напрыклад, малако падаражэла на 2%, кефір не зьмяніўся ў цане, сьмятана падаражэла на 1,4%.

Падобная сытуацыя і з крупамі: грэчка падаражэла на 2,5%, ячныя крупы патаньнелі на 2%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG