Як даведаліся сёньня праваабаронцы «Вясны», у адным з судоў Менску 22 красавіка вынесеныя два прысуды за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Палітзьняволеныя Васіль Ярмоленка і ягоная сяброўка Тацяна Гацко былі прызнаныя вінаватымі ў актыўным удзеле ў пасьлявыбарчых пратэстах 2020 году.
Васіль Ярмоленка — гітарыст і кантрабасіст, былы артыст Беларускага дзяржаўнага ансамблю танцаў. Ён грае ў такіх гуртах, як Unia, «Голая Манашка», «Мутнаевока». Васіля затрымалі 25 студзеня 2022 году і зьмясьцілі пад варту ў СІЗА № 1 Менску.
Тацяна Гацко — спэцыялістка па кадрах аднаго з прадпрыемстваў горада, таксама была затрымана 25 студзеня 2022 году і зьмешчаная ў СІЗА.
Адразу пасьля затрыманьня на праўладным тэлеграм-канале зьявілася «пакаяльнае» відэа, зь якога вынікае, што ў жніўні 2020у музыка ўдзельнічаў у некалькіх масавых мерапрыемствах, а таксама стаяў у «счэпцы» на праезнай частцы. Тацяна таксама прызнаецца, што ў жніўні 2020 году яе сфатаграфавалі на Нямізе зь бел-чырвона-белым сьцягам.
Васілю і Тацяне прысудзілі па тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). Да прызначэньня месца адбыцця пакараньня яны вызваленыя з-пад арышту пад падпіску аб нявыезьдзе.
У Менску затрыманы моладзевы актывіст Арсень Дзядок
20 красавіка ў Менску супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 19-гадовага Арсенія Дзядка. Ён перастаў выходзіць на сувязь, а пазьней праваабаронцы высьветлілі, што ён знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсьціна.
23 красавіка на праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае відэа» з хлопцам, дзе ён кажа, што нібыта «прымаў удзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году», а таксама «праходзіў рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога». пасьля выбараў 2020 году Арсенія Дзядка перасьледавала Камісія па справах непаўналетніх за ўдзел у акцыях пратэсту.