Палітвязьня з «хіміі» пераводзяць у калёнію
Палітзьняволенага Арцёма Мядзьведзкага, які ў лютым зьбег з «хіміі», пераводзяць у калёнію, паведамляюць праваабаронцы.
Арцёма затрымалі 19 кастрычніка 2020 году. Яго абвінавацілі ў тым, што ён увечары 10 жніўня ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля ст. м. «Пушкінская», выкаціў на дарогу камень, што прывяло да заблякаваньня праезнай часткі. 15 студзеня 2021 года палітвязьню прысудзілі 3 гады «хіміі».
Празь нейкі час стала вядома, што Мядзьведзкі ў пачатку лютага здолеў уцячы з папраўчай установы № 45. Тады зьявілася інфармацыя, што мужчына ўцёк зь лякарні ў Каменцы, куды трапіў зь лёгкім страсеньнем галаўнога мозгу пасьля таго, як пасьлізнуўся і ўпаў у будынку ўстановы. Аднак празь некаторы час Арцёма затрымалі і вярнулі ў папраўчую ўстанову.
Учора ў судзе Камянецкага раёну разглядзелі справу «аб пераводзе палітвязьня ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зьмене ўмоваў рэжыму». Судзьдзя Аксана Шкель пастанавіла зьмясьціць Мядзьведзкага ў калёнію на 9 месяцаў.
У Менску затрымалі Настасьсю Даўгую
Сваякі Настасьсі паведамілі праваабаронцам, што ёй 22 гады і што яе затрымалі дома ў прысутнасьці панятых.
Як мяркуецца, прычынай затрыманьня стала падпіска Настасьсі на тэлеграм-канал, на якім нядаўна зьявілася відэа, якое выстаўляе Лукашэнку ня лепшым чынам. Ёсьць зьвесткі, што дзяўчыну павезьлі ў Заводзкае РУУС Менску, аднак знайсьці яе там родным не ўдалося.
Дзе трымаюць Настасьсю, невядома. Сытуацыю ўскладняе тое, што ў дзяўчыны праблемы са здароўем — аўтаімуннае захворваньне шчытавіцы, пры якім лекі абавязкова трэба прымаць тры разы на дзень.
У Баранавічах затрымалі Юрыя Вераб’ева
Юрыя Верабʼева затрымалі 21 красавіка. У чым яго абвінавачваюць і дзе зараз трымаюць, праваабаронцам пакуль невядома.
Вярхоўны Суд пакінуў выракі анарха-партызанам бязь зьменаў
22 сьнежня анархістаў Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў» — прызналі вінаватымі толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча) і асудзілі на наступныя тэрміны:
- Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,
- Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў,
- Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў,
- Сяргею Раманаву —20 гадоў.
Сёньня, 22 красавіка, Вярхоўны суд пакінуў пакараньне чатыром анархістам у сіле. На паседжаньне не пусьцілі нават бацькоў палітвязьняў.