На фоне вайны ва Ўкраіне Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) яшчэ больш дыстанцыяваўся ад Расеі і яе саюзьніцы Беларусі.
Упершыню з пачатку расейскага збройнага ўварваньня ва Ўкраіну амаль два месяцы таму МАК у пятніцу, 22 красавіка, абвясьціў Расею і Беларусь агрэсарамі ў канфлікце.
Пра гэта паведамляе DW.
У паведамленьні наконт сумеснага візыту прэзыдэнта МАК Томаса Баха, міністра спорту Ўкраіны Вадзіма Гутцайта і ўкраінскага чальца МАК Сяргея Бубкі да ўкраінскіх спартоўцаў, якія трэніруюцца ў Швайцарыі, Камітэт назваў ваенныя дзеяньні вынікам «уварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну пры падтрымцы Беларусі».
Санкцыі супраць расейскіх чальцоў МАК
Цяпер ідзе шмат спрэчак наконт пашырэньня санкцыяў супраць расейскіх чальцоў МАК — былой скакухі з шастом Алены Ісінбаевай і прэзыдэнта Фэдэрацыі тэнісу РФ Шаміля Тарпішчава. У сувязі з гэтым Томас Бах заявіў, што «МАК падтрымлівае меры супраць любога чальца алімпійскай супольнасьці, які ўхваляе вайну».
Міжнародны алімпійскі камітэт ужо на працягу многіх дзён знаходзіцца пад агнём крытыкі празь бязьдзейнасьць у адносінах да Ісінбаевай і Тарпішчава. Бах і кіраўніцтва МАК абвінавачваюць у падвойных стандартах за тое, што яны заклікалі да адхіленьня расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад усіх міжнародных спаборніцтваў ужо неўзабаве пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, але нічога ня робяць супраць расейскіх чальцоў Камітэту.
Спробы МАК апраўдацца, спасылаючыся на Алімпійскую хартыю, ня выклікалі разуменьня. Многія крытыкі скептычна паставілася да пазыцыі МАК, паводле якой яго чальцы выступаюць не як прадстаўнікі сваіх дзяржаваў, а як амбасадары, дэлегаваныя МАК у краіны свайго паходжаньня.