Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ключавая мэта — правесьці ў Марыюпалі «парад ваеннапалонных»». Вайсковы экспэрт — аб хадзе вайны на Данбасе


Марыюпаль
Марыюпаль

Вайсковы экспэрт Ігар Грэцкі, запрошаны дасьледнік Міжнароднага цэнтру ў пытаньнях абароны і бясьпекі, у інтэрвію вядоўцы «Настоящего времени» Яўгеніі Тагановіч кажа, што Расея разьлічвае на пасьпяховую спробу атачэньня Данбаскай групоўкі ўкраінскіх Узброеных сілаў.

Паводле яго, да 9 траўня Расея пастараецца стварыць умовы, «каб абаронцы Марыюпалю самі здаліся», — каб правесьці «парад ваеннапалонных» і выкарыстоўваць гэта ў прапагандысцкіх мэтах. Таксама ён тлумачыць, чаму Нямеччына ня хоча ці ня можа пастаўляць Кіеву больш зброі і чаму замест яе гэта робяць краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

— Брытанская выведка сьцьвярджае, што Расея хоча дамагчыся сур’ёзных посьпехаў у вайне ва Ўкраіне да дзявятага траўня. А што можа быць такім посьпехам? У чацьвер Пуцін сказаў, што «вызваленьне» Марыюпалю — гэта ўжо «посьпех». І калі дапусьціць, што войскі РФ захопяць Данбас — што будзе далей?

— З ваеннага пункту гледжаньня думаю, што Расея найбліжэйшым часам разьлічвае на пасьпяховую спробу атачэньня Данбаскай групоўкі ўкраінскіх Узброеных сілаў, гэта па-першае.

Таксама думаю, што да 9 траўня яны пастараюцца стварыць умовы, каб абаронцы Марыюпалю самі здаліся, бо сытуацыя там сапраўды вельмі няпростая: не хапае боепрыпасаў, харчаваньня. І ў цэлым, думаю, Кіеву эвакуаваць частку Ўзброеных сілаў Украіны, што там знаходзіцца, мяркуючы па ўсім, ня ўдасца.

І яшчэ, я думаю, будзе спроба абвяшчэньня «Херсонскай народнай рэспублікі». Гэта ідэя, зь якой Узброеныя сілы Расеі заходзілі на тэрыторыю Ўкраіны з Крымскага паўвостраву: яны спрабавалі ажыцьцявіць гэты плян зь першых дзён вайны ў канцы лютага. Але яны не змаглі знайсьці дастаткова людзей сярод мясцовых, каб кантраляваць Херсон і падтрымліваць жыцьцезабесьпячэньне, і плян быў адкладзены. Зараз, відаць па ўсім, да гэтага пляну вяртаюцца і пастараюцца яго рэалізаваць да 9 траўня.

— Незаконны «рэфэрэндум» у Херсоне заплянаваны ўжо на 27 красавіка. А што будзе з самім Марыюпалем, калі ён падзе? І зь іншымі захопленымі тэрыторыямі? Там магчыма ці немагчыма правесьці так званы рэфэрэндум? Наагул які плян у Расеі на гэтыя тэрыторыі?

— Плян Расеі ў апошні тыдзень часта агучваўся, і перш за ўсё міністэрствам абароны: выйсьці на адміністрацыйныя межы Луганскай і Данецкай вобласьцяў. Да 9 траўня, думаю, расейскае войска гэта пастараецца зрабіць.

Што да Марыюпалю, то, паўтаруся, тут ключавая мэта — прымусіць часткі Ўзброеных сіл Украіны, якія там знаходзяцца, здацца ў палон. І я ўпэўнены, што будуць спробы правесьці «парад ваеннапалонных». Будуць, відавочна, арганізаваныя нейкія прапагандысцкія кампаніі, дзе гэты факт і гэтых людзей пастараюцца выкарыстоўваць, прымеркаваўшы гэтыя кампаніі да 9 траўня.

— Хацела б яшчэ з вамі абмеркаваць тую дапамогу, якую аказваюць Украіне заходнія краіны — ня толькі грошы, але таксама тэхніку і ўзбраеньне. Кіеў пастаянна адказвае, што гэтага недастаткова: недастаткова танкаў, недастаткова ўзбраення, здольнага зьбіваць самалёты, каб яны ня скідвалі авіябомбы на ўкраінскія гарады. Цікавая гісторыя зь Нямеччынай. Bild паведаміў, што ўлады Нямеччыны скарацілі сьпіс паставак узбраеньня Ўкраіне і гэта быў просты наказ канцлера Оляфа Шольца. Чаму, як вам здаецца, Захад перадае Кіеву недастаткова ўзбраеньня? Што можа замінаць перадаваць больш?

— Па-першае, ідзе вайна, баявыя дзеяньні, боепрыпасы расходуюцца ў велізарных колькасьцях. Украінскі ВПК, відавочна, знаходзіцца ў паўразбураным, амаль разбураным стане, папаўняць боепрыпасы ня можа. Кіеў разьлічвае, вядома ж, на дапамогу эўрапейскіх краін, Злучаных Штатаў Амэрыкі.

У Нямеччыне з гэтай прычыны ёсьць вялікія рознагалосьсі, яны могуць патэнцыйна прывесьці да расколу кіроўнай кааліцыі. Крыніцай гэтых рознагалосьсяў ёсьць Сацыял-дэмакратычная партыя, міністэрства абароны, якое ўзначальвае Крыстынэ Лямбрэхт. Там моцна асьцерагаюцца, што Расея можа нейкім чынам адрэагаваць на пастаўкі зброі Нямеччынай Украіне, што гэта можа пацягнуць за сабой падвышэньне цэнаў на энэргарэсурсы і нанесьці дадатковую шкоду нямецкай эканоміцы.

Нямеччына на пачатак красавіка паставіла ўзбраеньняў Украіне на крыху больш за 80 мільёнаў эўра. Калі гэта супаставіць з пастаўкамі іншых эўрапейскіх краін, скажам, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у агульным абʼёме гэта дастаткова сурʼёзная сума. Але калі падзяліць яе на колькасьць жыхароў, то выявіцца, што маленькая Эстонія паставіла Ўкраіне ўзбраеньняў у пераліку на аднаго жыхара ў шэсьць разоў больш , чым Германія. Нямеччына, вядома, магла б зрабіць больш.

Можна тут, дарэчы, узгадаць і гісторыю да пачатку вайны, з саракагадовымі гаўбіцамі: іх хацела Ўкраіне паставіць Эстонія. Але яны былі нямецкай вытворчасьці, і міністэрства абароны Нямеччыны, Крыстынэ Лямбрэхт заблякавала гэтую ўгоду.

Але я думаю, што будзе дасягнуты кампраміс, ён ужо высьпявае. Краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы будуць пастаўляць Кіеву старое савецкае ўзбраеньне, на якім ня трэба доўга вучыцца, каб яго выкарыстоўваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG