Разам з Марынай Аўсяньнікавай (яе імя набыло вядомасьць, калі яна зьявілася ў эфіры праграмы першага каналу расейскага тэлебачаньня з плякатам супраць вайны) прэмія прысуджаная Ўладзіміру Зяленскаму і Сьвятлане Ціханоўскай.
«На мой погляд, прапагандысцкія тэхналёгіі ходзяць па лязе нажа — там не дакажаш факты, там факты і не патрэбныя, такія рэчы працуюць эмацыйна», — піша Гераімюк у сваім фэйсбуку.
Яна цытуе паведамленьне журы прэміі: «Украінцы, беларусы і расейцы стаяць на перадавой барацьбы супраць зла, супраць вайны і тыраніі ва Ўсходняй Эўропе і мужна абараняюць сваю, а таксама нашу, свабоду. Словамі, справамі, вялікай адвагай і сваімі жыцьцямі» — і падае тэкст ліста ад імя Нацыянальнай Рады Ўкраіны па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні на адрас заснавальнікаў прэміі, Weimer Media Group.
«Мы былі засмучаныя рашэньнем Weimer Media Group зраўняць у важнасьці прасоўваньня дэмакратыі і міру ў Эўропе прэзыдэнта Ўкраіны і работніцу галоўнага крамлёўскага прапагандысцкага рупара — „Першага каналу“, — гаворыцца ў лісьце. — Як вядома, у Расеі ніводная тэлевізійная праграма, а навіны і пагатоў, не выходзіць у прамым эфіры. Такім чынам, акцыя Аўсяньнікавай зьяўляецца часткай сцэнару, распрацаванага адным з галоўных прапагандыстаў пуцінскага рэжыму, кіраўніком Першага каналу Канстанцінам Эрнстам, які, дарэчы, у многіх эўрапейскіх краінах знаходзіцца пад санкцыямі ў сувязі з нематываваным і надзвычай жорсткім уварваньнем Расеі ва Ўкраіну».
Аўтары ліста таксама лічаць, што звальненьне і выезд з Расеі ў Эўропу — гэта «частка адзінага пляну», і прыводзяць у якасьці аргумэнтаў допісы Аўсяньнікавай у сацыяльных сетках пра неабходнасьць скасаваць санкцыі супраць Расеі, а таксама тое, што адначасна са свабодным выездам былой рэдактаркі «ў Маскве арыштоўвалі на доўгі тэрмін і нават асуджалі людзей за адзіночныя пікеты з вокладкай рамана Льва Талстога «Вайна і мір».
«Мы б аддалі перавагу, каб Axel Springer Verlag, якая валодае выданьнем Die Welt, — пішуць аўтары звароту, — адмовілася наогул ад супрацоўніцтва са спадарыняй Аўсяньнікавай як прыкладам „кансэрваваньня“ ўплыву пуцінскай каманды на эўрапейскія мазгі некалькіх пакаленьняў. Але гэтае рашэньне мы пакідаем на разгляд нямецкай прэсы, якая сёньня ёсьць прыкладам для шматлікіх дэмакратый».
Рэакцыя заснавальнікаў прэміі на гэты зварот пакуль невядомая.
- 4 сакавіка жывы эфір праграмы «Время» на «Першым канале» расейскай тэлевізіі быў перарваны антываеннай акцыяй, якая выклікала рэзананс ва ўсім сьвеце. У той час як вядоўца праграмы «Время» Кацярына Андрэева, седзячы ў студыі, расказвала пра пляны ўраду наконт зьмякчэньня наступстваў ад заходніх санкцый, у студыю ўбегла рэдактарка праграмы Марына Аўсяньнікава і стала за сьпінаю ў Андрэевай з плякатам: «Спыніце вайну. Ня верце прапагандзе. Тут вам хлусяць». Акрамя таго, Аўсяньнікава выклала ў сетку відэазварот, у якім заклікала расейцаў пратэставаць супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне.
- Пазьней яе затрымалі, а потым аштрафавалі за заклік да незаконных акцый пратэсту. Сьледчы камітэт праводзіць праверку на прадмет завядзеньня супраць Аўсяньнікавай крымінальнай справы паводле новага артыкула аб «публічным распаўсюджваньні заведама лжывай інфармацыі аб выкарыстаньні Ўзброеных сіл РФ», які прадугледжвае пакараньне ад 3 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
- У сярэдзіне красавіка стала вядома, што Марыну Аўсяньнікаву прынялі на працу ў нямецкае выданьне Die Welt. Паведамлялася, што яна будзе пісаць калёнкі для газэты і браць удзел у падрыхтоўцы навін пра Расею і Ўкраіну.