Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на санкцыі. За мінулы год беларускія заводы паказалі прыбытак


Менскі аўтамабільны завод
Менскі аўтамабільны завод

Глядзім, што зь беларускімі прамысловымі гігантамі і колькі ім удалося зарабіць за 2021 год.

МАЗ

Менскі аўтамабільны завод апублікаваў справаздачу за мінулы год. Паводле яе, прадпрыемства паказала хоць невялікі, але чысты прыбытак у 364 тысячы рублёў. Гэта ўдвая болей, чым у 2020 годзе.

Па даўгах завод вінен амаль паўмільярда доўгатэрміновых абавязаньняў — 454,8 мільёна рублёў. Таксама ў заводу 1,3 мільярда рублёў даўгоў па кароткатэрміновых абавязаньнях.

За год колькасьць супрацоўнікаў заводу зьменшылася на 249 чалавек.

«Гродна Азот»

Прадпрыемства трапіла пад санкцыі ЭЗ у сьнежні 2021 году. Нягледзячы на гэта, за мінулы год завод паказаў прыбытак у паўмільёна рублёў. 2020 год завод скончыў з чыстымі стратамі ў 85,1 мільёна рублёў.

Скараціліся і доўгатэрміновыя даўгі заводу: з 171,5 да 93,5 мільёна рублёў.

БМЗ

Беларускі мэталюргічны завод пакуль апублікаваў справаздачу толькі за 9 месяцаў мінулага году, станам на канец верасьня. Паводле яе, чысты прыбытак за 9 месяцаў мінулага году — 45 тысяч рублёў, годам раней за такі ж пэрыяд было 37 тысяч.

Запазычанасьць заводу — амаль 3 мільярды рублёў па доўгатэрміновых і кароткатэрміновых крэдытах.

МТЗ

Менскі трактарны завод цяпер працуе пад санкцыямі з боку Вялікай Брытаніі. За мінулы год прадпрыемства апублікавала справаздачу станам на 2 квартал 2021 году.

Згодна з справаздачай, чысты прыбытак заводу склаў 94,3 мільёна рублёў. Годам раней за такі ж пэрыяд завод меў чыстыя страты ў 53,5 мільёна рублёў.

У заводу 1,2 мільярда рублёў даўгоў па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытах.

Нафтаперапрацоўка

Наваполацкі НПЗ за мінулы год паказаў нулявы чысты прыбытак. Якраз гэты НПЗ трапіў пад санкцыі ЗША. Другі беларускі НПЗ, мазырскі, пакуль не апублікаваў сьвежай статыстыкі.

Па словах беларускага віцэ-прэм’ера Юрыя Назарава, цяпер беларускія НПЗ працуюць «на ўнутраны рынак». Раней жа нафтаперапрацоўка была адной з асноўных крыніц прытоку грошай у Беларусь. Асноўныя рынкі збыту — ЭЗ і Ўкраіна. Цяпер жа пастаўляць прадукцыю на гэтыя рынкі амаль немагчыма.

Чаму заводы зарабілі, нягледзячы на санкцыі

2021 год стаў для Беларусі годам «экспартнага цуду», экспарт за год склаў 39,9 мільярда даляраў, што на 36,7% болей, чым у 2020 годзе. Найбольш Беларусь нарасьціла экспарт у краіны ЭЗ — на 74,4%. Гэта зьвязана з аднаўленьнем сусьветнай эканомікі пасьля пандэміі, а таксама з ростам цэнаў на традыцыйную для Беларусі экспартную прадукцыю: угнаеньні, нафтапрадукты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG