Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбываецца з заводамі МТЗ і БелАЗ, дзе затрымалі мэнэджараў


МУС паведаміла пра затрыманьне мэнэджараў МТЗ і БелАЗ, іх падазраюць у атрыманьні «шматлікіх хабараў». Глядзім, што адбываецца з заводамі.

11 лістапада тэлеграм-канал МУС паведаміў пра затрыманьне мэнэджараў МТЗ і БеЛАЗу, агулам 7 чалавек. Іх падазраюць у хабарніцтве ў асабліва буйным памеры.

Глядзім, што цяпер з заводамі МТЗ і БелАЗ.

1,2 мільярда даўгоў

Паводле бухгальтарскага балянсу МТЗ, на 30 чэрвеня завод мае 1,2 мільярда даўгоў па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытах. Па доўгатэрміновых — 384 мільёны, па кароткатэрміновых — 867 мільёнаў. На сьнежань мінулага году запазычанасьць была большая — 1,3 мільярда.

За 5 месяцаў — прыбытак 94,3 мільёна

Чысты прыбытак МТЗ за студзень-чэрвень гэтага году — 94,8 мільёна рублёў, годам таму такі ж пэрыяд прынёс заводу страты на 53,5 мільёна рублёў.

Чысты прыбытак МТЗ за ўвесь мінулы год — 8,2 мільёна рублёў.

А што зь БелАЗам?

Даўгі заводу на першы квартал гэтага году — 1,3 мільярда рублёў, годам раней у такі ж пэрыяд было 1,4 мільярда. Чысты прыбытак на канец сакавіка — 36 мільёнаў рублёў, годам раней быў мінус на 60 мільёнаў.

Што з экспартам трактароў і грузавікоў?

Белстат закрыў статыстыку па экспарце шэрагу катэгорый тавараў: нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, трактары, грузавікі і самазвалы. Аднак экспарт трактароў і грузавікоў зь Беларусі можна адсачыць па статыстыцы іншых краін. Расея — адзін з найбуйнейшых пакупнікоў гэтай катэгорыі тавараў.

У студзені-ліпені Расея набыла беларускіх тавараў на 8,7 мільярда даляраў, што на 1,6 мільярда больш, чым за такі ж пэрыяд мінулага году.

У жніўні імпарт у Расею зь Беларусі склаў 1,37 мільярда даляраў. 13% гэтага імпарту — транспарт, якраз у гэтую катэгорыю ўваходзяць, у тым ліку, трактары і грузавікі.

Летась Беларусь прадала трактароў на 593,6 мільёна даляраў, асноўны пакупнік — Расея.

Летась кар’ерных самазвалаў Беларусь прадала ў ЭЗ на 3,3 мільёна даляраў. Гэта толькі 10 адзінак. Агулам жа за год у розныя краіны Беларусь прадала 435 адзінак гэтай тэхнікі. З краін ЭЗ самазвалы куплялі Польшча, Баўгарыя.

Найбольш самазвалаў купляла Расея (на 106 млн даляраў), Індыя (на 83 млн даляраў), Узбэкістан (на 55 млн даляраў).

Сёлета чыноўнікі заявілі, што падпісалі кантракт з Кубай на продаж 260 трактароў, хоць летась продажаў у гэтую краіну не было. Гэта каля 3 мільёнаў даляраў, калі пералічваць па сярэдніх коштах на гэтую прадукцыю.

Колькасьць супрацоўнікаў скарачаецца

У 2015 годзе на Менскім трактарным заводзе, паводле парталу каштоўных папер (portal. gov. by), працаваў 17 891 чалавек, у 2020-м — 15 753. За 5 гадоў колькасьць супрацоўнікаў зьменшылася больш як на 2 тысячы чалавек, або на 12%.

На БелАЗе зь мінулага году супрацоўнікаў паменела на 571 чалавека.

А што з санкцыямі?

Пакуль Менскі трактарны завод ня трапіў пад санкцыі. Аднак пад санкцыі трапіла кампанія Аляксандра Зайцава ТАА «Сохра». Афіцыйна асноўны від яе дзейнасьці — пасярэдніцтва ў пастаўках беларускай тэхнікі ў краіны Азіі і Афрыкі. Сярод іншага, «Сохра» гандлюе прадукцыяй МТЗ, БелАЗу, МАЗу, «Амкадору» ды іншых вытворцаў.

А вось БелАЗ пад санкцыі трапіў, і асноўныя пастаўшчыкі рухавікоў з ЭЗ і ЗША адмовіліся ад супрацоўніцтва з заводам. Праз гэта завод зьбіраецца пераходзіць на расейскія рухавікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG