Публікацыю пераказвае BBC.
Аднак суразмоўцы выданьня ня бачаць шанцаў на тое, што Ўладзімір Пуцін зьменіць курс. Па іх словах, расейскі прэзыдэнт усё больш абапіраецца на кола бескампрамісных дарадцаў і адхіляе спробы папярэдзіць яго аб наступствах вайны.
Дзьве крыніцы Bloomberg пры гэтым сьцьвярджаюць, што рашэньне аб уварваньні ва Ўкраіну было прынята Пуціным разам зь некалькімі «ястрабамі», у ліку якіх міністар абароны Сяргей Шайгу, начальнік генштабу Валерый Герасімаў і сакратар Савету бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў.
За некалькі тыдняў пасьля пачатку ўварваньня кола дарадцаў і кантактаў Пуціна, зь якімі рэгулярна кансультаваліся раней, яшчэ мацней звузілася ў параўнаньні з абмежаванай групай прыхільнікаў жорсткай лініі, піша агенцтва.
Амаль праз восем тыдняў пасьля нападу на Ўкраіну ваенныя страты растуць, Расея сутыкнулася зь беспрэцэдэнтнай міжнароднай ізаляцыяй. «Колькасьць высокапастаўленых крамлёўскіх інсайдэраў, якія ціха сумняваюцца ў рацыі ягонага рашэньня пачаць вайну, невялікая, але яна расьце», — цытуе агенцтва BBC.
«Катастрафічная памылка»
Шэрагі крытыкаў унутры расейскай улады застаюцца на высокіх пасадах ва ўрадзе і дзяржаўным бізнэсе абмежаванымі і разгрупаванымі — яны лічаць, што ўварваньне было катастрафічнай памылкай, якая адкіне краіну на гады назад, сьцьвярджае Bloomberg, спасылаючыся на дзесяцярых суразмоўцаў, дасьведчаных у сытуацыі. Усе яны размаўлялі на ўмовах ананімнасьці, баючыся наступстваў.
Пакуль гэтыя людзі ня бачаць ніякіх шанцаў на тое, што Пуцін зьменіць свой курс. Па іх словах, расейскі прэзыдэнт усё больш і больш абапіраецца на ўсё вузейшае кола бескампрамісных дарадцаў, адкідае спробы іншых чыноўнікаў папярэдзіць яго аб згубных эканамічных і палітычных выдатках.
Некаторыя суразмоўцы Bloomberg сказалі, што ўсё больш падзяляюць асьцярогі прадстаўнікоў амэрыканскай выведкі наконт таго, што Пуцін можа пайсьці на абмежаванае прымяненьне ядзернай зброі, калі сутыкнецца зь няўдачай у кампаніі, якую ён лічыць сваёй гістарычнай місіяй.
«Безумоўна, пуцінская вайна па-ранейшаму глыбока падтрымліваецца большай часткай расейскай эліты, і многія інсайдэры публічна і нават у прыватных размовах падтрымліваюць вэрсію Крамля аб тым, што канфлікт з Захадам быў непазьбежны і што эканоміка адаптуецца да шырокамаштабных санкцый, уведзеных ЗША і іх саюзьнікамі, — гаворыцца ў артыкуле. — І грамадзкая падтрымка застаецца моцнай, паколькі першапачатковы шок і шкода ад санкцый саступілі месца свайго роду сюррэалістычнай стабільнасьці ў Расеі».
Словы аб непазьбежнасьці вайны Расеі з Украінай рэгулярна гучаць у выступах Пуціна.
Аднак усё больш і больш высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў лічаць, што працяг вайны асудзіць Расею на гады ізаляцыі і абвастрэньня напружанасьці, у выніку чаго яе эканоміка будзе паралізаваная, бясьпека будзе пастаўленая пад пагрозу, а глябальны ўплыў аслабне, робіць выснову Bloomberg.
«Спрабавалі растлумачыць»
Паводле інфармацыі суразмоўцаў агенцтва, высокапастаўленыя чыноўнікі спрабавалі растлумачыць Пуціну, што эканамічныя наступствы санкцый будуць разбуральнымі, бо зьнішчаць два дзесяцігодзьдзі росту і вышэйшы ўзровень жыцьця, якіх расейскі прэзыдэнт дабіўся падчас свайго праўленьня.
Пуцін, паводле іх слоў, адмахнуўся ад гэтых папярэджаньняў, заявіўшы, што хоць Расея заплаціць вялізную цану, Захад не пакінуў яму іншага выбару, акрамя як весьці вайну.
Два дні таму Пуцін заявіў, што спроба «эканамічнага бліцкрыгу» супраць Расеі правалілася. «Разьлік быў на тое, каб хутка расхістаць фінансава-эканамічную сытуацыю ў нашай краіне, справакаваць паніку на рынках, каляпс банкаўскай сыстэмы, маштабны дэфіцыт тавараў у крамах, — сказаў ён у панядзелак на нарадзе па сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне. — Можна ўжо ўпэўнена сказаць, што такая палітыка ў дачыненьні да Расеі правалілася, стратэгія эканамічнага бліцкрыгу не ўдалася».
Пуцін па-ранейшаму ўпэўнены, што грамадзкасьць яго падтрымлівае, а расейцы гатовыя да цяжкіх гадоў дзеля ягонага бачаньня нацыянальнай велічы, пераказвае думку сваіх крыніц Bloomberg. Агенцтва нагадвае, што з дапамогай прынятых Цэнтральным банкам Расеі мер жорсткага кантролю рубель аднавіў большую частку сваіх першапачатковых страт — і, хоць інфляцыя рэзка ўзрасла, эканамічныя ўзрушэньні пакуль застаюцца абмежаванымі.
Пуцін повен рашучасьці працягваць вайну — нават нягледзячы на тое, што Крэмль мусіў прыцішыць свае амбіцыі, адмовіўшыся ад захопу большай часткі Ўкраіны і пераарыентаваўшыся на зьнясільваючую бітву за Данбас.
Нязгодныя зь лініяй Пуціна ня бачаць ніякіх прыкмет, што той гатовы разгледзець пытаньне аб спыненьні ўварваньня з улікам стратаў — ці аб сур’ёзных саступках, неабходных, каб дасягнуць спыненьня агню.
«Улічваючы яго татальнае панаваньне ў палітычнай сыстэме, альтэрнатыўныя погляды гучаць толькі ў прыватным парадку», — піша агенцтва. Паводле яго ацэнкі, абмежаванасьць інфармацыі садзейнічала таму, што Крэмль пралічыўся ў першыя дні наступу.
Мільярдэр Раман Абрамовіч, які браў удзел у арганізацыі расейска-ўкраінскіх перамоваў, павінен быў разьвеяць упэўненасьць Пуціна ў тым, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пакіне краіну, як толькі пачнецца ўварваньне, сьцьвярджаюць крыніцы Bloomberg.
Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка мільярдэр Міхаіл Фрыдман, які трапіў пад санкцыі, тлумачыў у інтэрвію Bloomberg, чаму ніхто ў Расеі не адважыцца публічна асуджаць вайну. «Дыстанцыя паміж спадаром Пуціным і кім-небудзь яшчэ падобная да дыстанцыі паміж Зямлёй і космасам, — казаў ён. — Сказаць Пуціну нешта супраць вайны для каго заўгодна было б раўнасільна самагубству».
Мільярдэр Алег Дзерыпаска яшчэ ў канцы сакавіка назваў вайну «варʼяцтвам», заявіўшы, што «мір, на жаль, не наступіць найбліжэйшымі месяцамі», нагадвае Bloomberg.
Bloomberg нагадвае, што толькі адзін высокапастаўлены чыноўнік «публічна парваў з Крамлём з прычыны ўварваньня» — Анатоль Чубайс, які сышоў у адстаўку з пасады спэцпрадстаўніка Пуціна па пытаньнях устойлівага разьвіцьця і паляцеў у Стамбул. Аднак Чубайс адмовіўся ад якіх-небудзь публічных заяваў наконт свайго рашэньня.
Некаторыя прадстаўнікі эліты настойваюць на яшчэ больш жорсткай лініі, лічыць агенцтва і нагадвае, што калі прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заступіўся за тэлевядоўцу Івана Урганта, які зьехаў з Расеі, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, чые войскі ваююць ва Ўкраіне, скрытыкаваў Пяскова за недастатковы патрыятызм.
«Няма месца для рознагалосьсяў ці дыскусій, усе павінны проста займацца гэтым і выконваць указы прэзыдэнта, і пакуль Пуцін трымае сытуацыю пад кантролем, людзі будуць ісьці за ім», — ацаніла сытуацыю кіраўнік праекту R. Politik Тацяна Станавая.