Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія прызнала ўказ Пуціна аб аплаце за газ у рублях парушэньнем санкцый, — Bloomberg


Сядзіба "Газпрому"
Сядзіба "Газпрому"

Эўракамісія папярэдзіла краіны Эўразьвязу, што аплата газу ў рублях, як гэтага патрабуе Расея, будзе парушэньнем санкцыяў. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцу.

Згодна з папярэднім юрыдычным аналізам камісіі, указ Пуціна істотна зьмяняе працэдуру і стварае новую прававую сытуацыю. Як адзначыў суразмоўца агенцтва, новая працэдура перадасьць поўны кантроль над зьдзелкамі расейскай дзяржаве. Больш за тое, будуць парушаны абмежавальныя меры ЭЗ у адносінах да Расеі, лічаць у Эўракамісіі.

Уладзімір Пуцін 31 сакавіка падпісаў указ аб пераводзе разьлікаў за прыродны газ з «недружалюбнымі» краінамі на рублі. Згодна з дакумэнтам, пакупнікам расейскага газу трэба будзе адкрываць рублёвыя рахункі ў банках РФ для аплаты паставак з 1 красавіка. Пры гэтым у Крамлі ня выключылі, што могуць адмяніць рашэньне, «калі наступяць іншыя ўмовы».

Лідэры краін ЭЗ неаднаразова заяўлялі, што выступаюць супраць аплаты расейскага газу ў рублях. Кіраўнік Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен назвала рашэньне Расеі перавесьці плацяжы за газ у рублі спробай абысьці заходнія санкцыі. Па яе словах, ЭЗ не дазволіць гэта зрабіць. «Час, калі нас можна было шантажаваць энэрганосьбітамі, прайшоў», — сказала яна.

Эўразьвяз атрымлівае ад Расеі каля 40 працэнтаў спажыванага ім газу. Паводле ацэнак Эўракамісіі, неадкладна замясьціць такі аб’ём немагчыма — спыненьне паставак немінуча прывядзе да дэфіцыту паліва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG