На палітзьняволенага Сьцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калёніі «Воўчыя норы», цісьне адміністрацыя.
За пяць месяцаў палітвязьня зьмяшчалі ў ШЫЗА агулам на 32 дні, 27 зь якіх ён адбыў у лютым.
Сваякі Сьцяпана паведамляюць, што адміністрацыя калёніі складае на яго рапарты з надуманых прычынаў. Палітвязьня пакаралі нават за тое, што ён выконваў загад аднаго супрацоўніка, а другі палічыў гэта парушэньнем.
«Мне тут вельмі цяжка, бо я Сьцяпан Латыпаў, і мне тут дастаецца больш за ўсіх. І мне тут вельмі цяжка, бо я стараюся не чарсьцьвець, я ўсё роўна стараюся любіць усіх — і тых, хто ў зялёнай форме, і тых, хто ў чорнай форме. Мне ад гэтага дастаецца яшчэ больш, — паведаміў палітзьняволены. — У мяне ўжо 32 дні [праведзеных у ШЫЗА] ад пачатку году — на дадзены момант гэта рэкорд, больш [ніхто] столькі тут не адседжваў — нават бывалыя вязьні, у іх вочы на лоб вылазяць: „Колькі ж можна катаць, што ты такога зрабіў?“ Нават тых, хто скраў мільёны і не прызнаецца дзе, катаюць менш. Але, у прынцыпе, нармальна, я трымаюся, бо выходжу і даволі хутка аднаўляюся»
Сваякі мужчыны прапануюць дубляваць лісты, якія людзі шлюць яму ў калёнію, на электронную пошту — listy.sciapanu@gmail.com.
Сьцяпана Латыпава асудзілі 16 жніўня на 8,5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў.
Палітвязьня абвінавацілі ў стварэньні дваровага telegram-чату і майстэрні вырабу пратэставай сымболікі, у супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні 15 верасьня.
Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым ва ўвядзеньні ў зман кліентаў пры аказаньні паслуг у хімічнай абароне расьлін. Сьцяпан на судзе віну не прызнаў.
Падтрымаць палітвязьня можна лістамі: ПК № 22, 225295, Берасьцейская вобласьць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сьцяпан Сяргеевіч Латыпаў.
Мікіту Емяльянаву трымаюць у карцары яшчэ 10 дзён
16 красавіка палітзьняволены анархіст Мікіта Емяльянаў мусіў выйсьці з карцару пасьля 35 дзён. Аднак праваабаронцам стала вядома, што адміністрацыя магілёўскай турмы зноў пакарала яго 10-дзённым зьмяшчэньнем у карцар.
Штодзень, калі палітвязьня выводзяць на прагулку, яму загадваюць прыбіраць дворык. І штораз Мікіта адмаўляецца гэта рабіць, за што на яго складаюць рапарты, якія служаць падставай для спагнаньняў.
Свой дзень народзінаў, а таксама Вялікдзень Мікіта сустрэў у карцары. Там ён займаецца фізкультурай, таксама з памяці паўтарае нямецкую мову і геаграфію.
У хлопца пачалася пякотка, яму выдаюць лекі. Цяпер Мікіта чакае разгляду апэляцыйнай скаргі.
Падтрымайце палітвязьня можна лістамі або грашовым пераводам: Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А
Паліна Шарэнда-Панасюк у калёніі правяла 50 дзён у ШЫЗА і тры месяцы ў ПКТ
Пра гэта паведаміў муж актывісткі Андрэй Шарэнда.
«Паліна перадае ўсім прывітаньньне! Яна вельмі ўдзячная за лісты, бандэролі і паштовыя пераказы. Стала вядома, што агулам за паўгода ў гомельскай жаночай калёніі Паліна правяла 50 содняў у ШЫЗА (карцары) і тры месяцы яе пратрымалі ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу). Тры месяцы ў ПКТ Паліна спала басанож на халоднай бэтоннай падлозе, а ў самой камэры з крана ішла толькі халодная іржавая вада, і то вельмі слабым струменем», — напісаў Андрэй Шарэнда.
7 красавіка ў гомельскай калёніі Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволеньня яшчэ адзін год у калёніі.
Андрэй падкрэсьліў, што ягоная жонка з жартамі ўспрыняла свой чарговы прысуд:
«Самы цёмны час — перад сьвітаньнем!» — упэўнена яна. Паліна нават з-за кратаў бачыць, што дыктатарскія сыстэмы спарахнелі, параслі цьвільлю і хутка пойдуць на дно ўсьлед за „рускім ваенным караблём“. Паліна жадае посьпехаў украінцам. А беларусаў заклікае не спыняцца ў сваёй барацьбе»
Каб падтрымаць Паліну, можна слаць ёй лісты, грашовыя пераказы або бандэролі: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Шарэнда-Панасюк Паліне Сяргееўне.
Кастусёву чарговы раз працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай — да 12 чэрвеня
Пра гэта палітык паведаміў родным, гаворыцца на сайце Партыі БНФ. 17 красавіка старшыню Партыі БНФ Рыгору Кастусёву споўнілася 65 гадоў. Летась напярэдадні 64-й гадавіны супрацоўнікі КДБ забралі яго з дому ў Шклове і адвезьлі ў сьледчы ізалятар.
Яму выставілі абвінавачаньне ў «змове ці іншых дзеяньнях, учыненых з мэтаю захопу дзяржаўнай улады»: нібыта ён рыхтаваў замах на Лукашэнку.
З допісаў палітыка вядома, што сьледчых дзеяньняў зь ім не вядуць. Тройчы яму працягвалі тэрмін утрыманьня пад вартай.
У турме ў Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем, выяўлена анкалягічнае захворваньне. Родных запэўніваюць, што хваробу пільнуюць турэмныя лекары. Сам жа ён паведаміў, што ад вялікай колькасьці лекаў у яго зьявіліся праблемы з ныркамі.
Таксама Кастусёў перахварэў на каранавірус. Просьбы зьмяніць умовы зьняволеньня пакінутыя без задавальненьня.
Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ у зьняволеньні можна на наступны адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Кастусёву Рыгору Андрэевічу.
Цэнзар не прапусьціў у лісьце да Бабарыкі новы тэкст песні Wind of Change — у ім быў радок у падтрымку Ўкраіны
Штаб прэтэндэнта на выбарах прэзыдэнта 2020 году Віктара Бабарыкі, асуджанага на 14 гадоў зьняволеньня, апублікаваў цытаты з новых лістоў палітвязьня:
- «Вельмі ўсхваляваны тым водгукам, які мы чуем ад усяго сьвету пра падзеі ва Ўкраіне. Спадзяюся, што такое яднаньне ўсіх акалічнасьцяў не будзе дарэмным і чалавецтва зробіць яшчэ адзін крок для лепшай будучыні»;
- «Упэўнены, што праца міжнароднага трыбуналу таксама завершыцца вартым прысудам»;
- «У вашым лісьце частка словаў была на ангельскай мове і іх замазалі, аднак я ведаю песьню Scorpions і разумею, якія яны былі».
- На канцэрце ў Лас-Вегасе ў лютым вакаліст Scorpions Кляўс Мэйн замест першага радка песні «I follow the Moscow down to Park Gorky» («Я іду па Маскве ў парк Горкага») прасьпяваў «Now listen to my heart, it says Ukrainia» («Цяпер паслухай маё сэрца, яно кажа Ўкраіна»).
Падтрымаць В. Бабарыку можна лістамі: ПК № 1. 211440, Наваполацк, Тэхнічная, 8, Віктар Дзьмітрыевіч Бабарыка, ці напісаць онлайн.