Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: хворы на анкалёгію Кастусёў год за кратамі, маладачанца Пяскова рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА, Залатар перавялі ў калёнію

абноўлена

Зьняволены лідэр БНФ Рыгор Кастусёў
Зьняволены лідэр БНФ Рыгор Кастусёў

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1120 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што колькасьць пераследаваных у палітычна матываваных справах значна большая.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пад арыштам ужо год. Пры гэтым сьледчых дзеяньняў у ягонай справе не было больш за 8 месяцаў, напісаў у фэйсбуку зяць палітзьняволенага палітыка Дзьмітры Антончык.

Вядома, што Рыгор Кастусёў мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Яшчэ летась дактары сказалі яму, што існуе імавернасьць анкалягічнай хваробы. Пазьней дыягназ пацьвердзіўся — рак прастаты.

Лідэра партыі БНФ Рыгора Кастусёва затрымалі ў красавіку 2021 году разам з Аляксандрам Фядутам і Юрасём Зянковічам. Усіх трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы да «замаху» на Лукашэнку, яны сталі фігурантамі крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Паўла Пяскова ў бабруйскай калёніі рэгулярна зьмяшчаюць у ШЫЗА

Праваабаронцам стала вядома, што на палітвязьня Паўла Пяскова, якога асудзілі за штурханіну з амапаўцамі ў Маладэчне, цісьне адміністрацыя папраўчай калёніі № 2. Першы раз Паўла зьмясьцілі ў ШЫЗА яшчэ ў студзені, і з таго часу гэтае спагнаньне выкарыстоўваюць супраць яго з надуманых прычын рэгулярна, піша «Вясна».

Павал Пяскоў — першы, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасьля выбараў 2020 году. Яго абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, зьвязаным з ужываньнем гвалту (ч. 2 арт. 363 КК) на акцыі 19 чэрвеня 2020 году ў Маладэчне, на якой амапавец дастаў пісталет. Паўлу прысудзілі 3 гады і 3 месяцы калёніі.

Па дадзеных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 18 палітзьняволеных перавялі ў «крытую» турму і супраць яшчэ 7 распачалі крымінальныя справы паводле арт. 411 КК.

Вольгу Залатар этапавалі ў гомельскую калёнію

Палітзьняволеную маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар 10 красавіка перавялі ў гомельскую жаночую калёнію № 4. У Менскім гарадзкім судзе 3 сьнежня Вользе прысудзілі 4 гады калёніі. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня), ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і навучаньне дзеяньням, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), ч. 1 арт. 16 ч. 1 арт. 342 (дапамога ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Вольга не прызнала віны па ніводным артыкуле. 11 сакавіка Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.

Адрас: ПК № 4, 246035, Гомель, вул.Антошкіна, 3, Вольга Віктараўна Залатар (на лістах патрэбная пазнака «карантын»).

Футбольнага заўзятара клюбу «Гомель» Яўгена Маранца асудзілі другі раз

Сёньня Гомельскі абласны суд разгледзеў справу палітвязьня Яўгена Маранца. Пасьля таго як зімой заўзятара футбольнага клюбу «Гомель» асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч.1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 1 арт. 333 (Незаконны абарот моцнадзеючых або атрутных рэчываў) КК, яму выставілі абвінавачаньні па ч.1 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім).

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Мікалай Доля вынес палітвязьню новы прысуд: 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Палітвязьня Юрыя Бялько ў калёніі зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу

Меркавана, яго будуць судзіць за злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі, паведамляе «Вясна». Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя бабруйскай калёніі дамагаецца, каб Юрыю Бялько ўзмацнілі рэжым утрыманьня. Спачатку яго зьмясьцілі на 30 сутак у ШЫЗА, а потым перавялі на 2 месяцы ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). Заўтра над ім адбудзецца суд, меркавана, па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы).

Юрыю Бялько раней прысудзілі 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў тэлеграм-чаце «радыкальнага напрамку» і ў намеры пашкодзіць або зьнішчыць тры «Табакеркі». Бялько — ужо восьмы вядомы за апошні год палітвязень, якога зьбіраюцца прызнаць «злосным парушальнікам рэжыму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG