Як паведамляе Gazeta Wyborcza, работы пры аднаўленьні «ідуць выдатна, грошай шмат і выдаткоўваюцца яны без скандалаў».
Пажар сабору 15 красавіка 2019 году зьнішчыў яго дах і шпіль, але галоўная канструкцыя храму, у прыватнасьці абедзьве званіцы, ацалела.
Упэўненасьць, што гэты 850-гадовы помнік, занесены ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА, можна будзе выратаваць, была атрымана толькі ў верасьні летась, пасьля завяршэньня этапу яго ўзмацненьня. Этап заключаўся ў падтрыманьні 28 апорных арак, дэмантажы 500-тонных мэталічных рыштаваньняў, узьведзеных вакол шпіля перад пажарам з мэтай яго рэканструкцыі, а таксама ачыстцы нэфа і трансэпта ад завалаў.
15 красавіка ў саборы пабываў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон разам з жонкай Брыжыт.
Праца над рэканструкцыяй ужо некалькі разоў зацягвалася, спачатку праз забруджаньне высокатаксычным сьвінцом, 450 тон якога пакрылі дах і шпіль, потым праз пандэмію каранавірусу.
«Над належнай рэканструкцыяй сабору мы працавалі некалькі месяцаў, пачынаючы з ачысткі сьцен, скляпеньняў і падлогі ад сажы і пылу. Адначасова, акрамя гэтага, вядзецца аднаўленьне цудам ацалелых ад пажару найбуйнейшых у Францыі сымфанічных арганаў і кансэрвацыя алейных палотнаў XVII–XVIII стст. (у тым ліку Шарля Ле Бруна і Рубенса), што ўпрыгожвалі бакавыя капліцы», — выданьне цытуе Жан-Люі Жаржліна, каардынатар рэканструкцыі.
«Наперадзе самае галоўнае: рэканструкцыя арганаў у адпаведнасьці з арыгіналам і рэканструкцыя скляпеньня. Неўзабаве скончыцца этап дзяржаўных тэндэраў на гэтыя работы, шпіль пачнуць аднаўляць вясной наступнага году, — паведамляе рэктар сабору арцыбіскуп Патрык Шавэ. — Сабор стане сьвятлейшым і прыгажэйшым, сьцены набылі першапачатковае белае зьзяньне. Пачысьцілі вітражы, што паўплывае на колькасьць сьвятла, якое паступае ў інтэр’ер. Ён будзе настолькі зьменены, што тыя, хто яго ведаў раней, могуць быць нават у шоку».
«Каб аднавіць гэты гатычны шэдэўр, быў арганізаваны найбуйнейшы ў сьвеце збор сродкаў. Мы сабралі 830 мільёнаў эўра ад 350 тысяч донараў — прыватных асобаў, прадпрыемстваў і дзяржаўных установаў з 150 краін», — кажа Бэртран дэ Фэйдо з Фонду нацыянальнай спадчыны, адной з трох устаноў, адказных за прыём ахвяраваньняў.
Паводле ранейшых заяў, рэканструкцыя сабору Нотр-Дам мае завяршыцца да 2024 году, калі ў Парыжы пройдуць Алімпійскія гульні.