Палітзьняволены берасьцеец Давід Збаранскі ажаніўся ў калёніі
Як стала вядома берасьцейскай«Вясьне», 18-гадовы Давід Збаранскі 13 красавіка ажаніўся ў бабруйскай калёніі. Цяперашнюю жоку Давіда завуць Аліна, яны пазнаёміліся яшчэ да яго трапляньня ў няволю, а прапанову палітвязень зрабіў ёй падчас іх спатканьня ў СІЗА (дзе давялося размаўляць праз шкло і тэлефон, а побач спаткаліся яшчэ 6 чалавек і назіраў супрацоўнік ізалятару).
Давіда затрымалі 30 лістапада 2020 году. Яго асудзілі да 3 гадоў калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 году (суд палічыў падзеі таго дня ў Берасьці «масавымі беспарадкамі» і асудзіў Давіда па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). На момант затрыманьня хлопцу было 17 гадоў.
26 красавіка Давід адзначыць свой Дзень народзінаў, яму споўніцца 19 гадоў.
Палітвязень Уладзімер Яроменак — на волі
Палітвязень Уладзімер Яроменак выйшаў зь СІЗА № 1 на Валадарскага, паведаміла 16 красавіка жонка Зьмітра Дашкевіча Наста ў Фэйсбуку.
Уладзімера Яроменка затрымалі 23 сакавіка 2022 году нібыта за выраб і распаўсюд бел-чырвона-белай сымболікі. Спачатку Яроменку прысудзілі адміністрацыйны арышт, а потым перазатрымалі па крымінальнай справе аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Паведамлялася, што ён нібыта перадаваў бел-чырвона-белыя сьцягі «лідарам экстрэмісцкіх ячэек», сярод якіх названы Зьміцер Дашкевіч. Сам Зьміцер працягвае знаходзіцца ў няволі, яго перавялі ў СІЗА №1.
Уладзімер Яроменак — былы актывіст «Маладога фронту». У 2011 годзе яго асудзілі да 3 гадоў калёніі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году.
Непаўнагадовы палітвязень Максім Куксачэнка выйшаў на волю
17-гадовага Максіма Куксачэнку затрымалі за падзеі 11 жніўня 2020 году ў Мазыры.
14 студзеня 2022 году яго асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: па ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і па арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) на 1,5 года выхаваўчай каленіі.
Сёньня праваабаронцам стала вядома, што Максім выйшаў на волю.