Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея папярэдзіла ЗША аб наступствах за дапамогу Ўкраіне. У Вашынгтоне адказалі, што іх «нішто не прымусіць» ад гэтага адмовіцца


Мар'інка, Данецкая вобласьць, 14 красавіка 2022 г.
Мар'інка, Данецкая вобласьць, 14 красавіка 2022 г.

Расея накіравала ЗША дыпляматычную ноту, у якой папярэдзіла аб «непрадказальных наступствах» у выпадку, калі NATO працягне пастаўкі ўзбраеньня Ўкраіне. Пра гэта піша The Washington Post са спасылкай на копію расейскага дакумэнта.

«Мы заклікаем Злучаныя Штаты і іх саюзьнікаў спыніць безадказную мілітарызацыю Ўкраіны, якая прыводзіць да непрадказальных наступстваў для рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекі», — цытуе выданьне ноту. Расея таксама папярэдзіла аб небясьпецы таго, што зброя трапіць у рукі ўкраінскіх экстрэмістаў, піша газэта.

The Washington Post мяркуе, што Масква накіравала ліст у адказ на новы пакет вайсковай дапамогі Кіеву ў памеры 800 мільёнаў даляраў. Пасольства Расеі ў ЗША перадало дакумэнт у Дзярждэпартамэнт.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс заявіў, што «нішто не прымусіць» адміністрацыю Джо Байдэна адмовіцца ад падтрымкі Ўкраіны. Так ён адказаў на пытаньне CNN аб уплыве расейскай ноты з папярэджаньнем аб «наступствах» паставак зброі ва Ўкраіну.

Раней дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у тэлефоннай размове з кіраўніком МЗС Украіны пацьвердзіў рашучасьць ЗША працягваць аказваць Кіеву ваенную, эканамічную і гуманітарную падтрымку.

  • У сераду, 13 красавіка, стала вядома, што Пэнтагон вылучыў Украіне новую вайсковую дапамогу. Кіеў павінен атрымаць цяжкую артылерыю, бесьпілётнікі, супрацьтанкавыя ракеты, верталёты і іншае ўзбраеньне.
  • Расейскае збройнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны пачалося 24 лютага на загад прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Кіеў абвінавачвае Маскву ў мэтанакіраваным забойстве мірных жыхароў і зьнішчэньні цывільнай інфраструктуры. Расейскі бок сьцьвярджае, што атакуе выключна вайсковыя абʼекты, а паведамленьні пра жорсткае абыходжаньне з цывільнымі асобамі называе фэйкамі.
  • На фоне баявых дзеяньняў бакі вядуць перамовы аб урэгуляваньні сытуацыі, але вынікаў яны пакуль не далі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG