Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ракетны крэйсэр «Москва» затануў, ЗША даюць Кіеву новую зброю. 50-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Крэйсэр «Масква»
Крэйсэр «Масква»

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • ЗША накіроўваюць ва Ўкраіну верталёты, якія раней плянавалі паставіць у Афганістан, а таксама іншую цяжкую зброю.
  • ААН: З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі мінімум 1964 мірныя жыхары, 2613 параненыя.
  • На Харкаўшчыне як мінімум 24 дзіцяці загінулі пасьля расейскіх абстрэлаў.
  • Украінцы заявілі, што ўдарылі па расейскім ракетным крэйсэры «Масква». У Мінабароны Расеі заявілі, што на «Маскве» ў выніку пажару здэтанаваў боезапас, але крэйсэр застаўся на плыву.
  • Расейцы захапілі ў палон частку ўкраінскіх марпехаў, але сустрэча двух злучэньняў адбылася. У Расеі заявілі пра больш як тысячу палонных, ва Ўкраіне прызналі толькі «нязначную колькасьць».
  • Войскі Расейскай Фэдэрацыі зь Белгародзкай вобласьці Расеі прасоўваюцца на ўсход Украіны, пра гэта сьведчаць спадарожнікавыя здымкі.
  • Прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі наведалі Кіеў 13 красавіка. 14 красавіка ў Кіеў прыбылі сьпікеры сэнатаў Польшчы і Чэхіі.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 14 красавіка

Мінабароны РФ: крэйсэр «Москва» затануў

Як заявілі ў расейскім Міністэрстве абароны, «пры буксіраваньні крэйсэра «Москва» у порт прызначэньня праз пашкоджаньні корпусу, атрыманыя падчас пажару ад дэтанацыі боезапасу, карабель страціў устойлівасьць. Ва ўмовах штармавога хваляваньня мора карабель затануў».

Гэта самая дарагая ваенная страта Расеі з пачатку вайны. Выданьне Forbes ацэньвае яго вартасьць прыкладна ў 750 мільёнаў даляраў.

Урад Украіны паведаміў пра чацьвёрты абмен палоннымі з Расеяй

Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук заявіла аб правядзеньні з Расеяй чарговага абмену палоннымі.

«Абмянялі 5 афіцэраў і 17 шараговых вайскоўцаў. Таксама вызвалілі 8 цывільных, у тым ліку адну жанчыну», — паведаміла Ірына Верашчук. Усяго, паводле яе, вызвалілі 30 украінскіх грамадзян.

Сьпікеры сэнатаў Польшчы і Чэхіі наведалі вызваленыя Ірпень, Бучу і Барадзянку

«Мы ў Сэнаце парлямэнта Чэхіі ведаем, што адбываецца ва Ўкраіне, але лічым патрэбным і правільным убачыць гэты жах на ўласныя вочы. Калі хтосьці кажа, што не было марадэрства, барбарства і зьверства — мы бачылі, што вы памыляецеся», — напісаў сьпікер Сэната Чэхіі Мілаш Вистрчыл у Twitter.

«Я ў шоку ад убачанага — гэта Галгофа XXI стагодзьдзя. Ганебнай агрэсіі Расеі супраць Украіны няма апраўданьня. Мы ўшаноўваем загінулых і схіляем галовы перад гераічнымі абаронцамі... Зьверствы расейскіх вайскоўцаў — гэта горш, чым можна было ўявіць», — пракамэнтаваў візыт у вызваленыя гарады сьпікер Сэнату Польшчы Томаш Гродскі.

Абстрэлы ў Харкаўскай вобласьці

14 красавіка расейскія войскі абстралялі пасёлак Золачаў у Харкаўскай вобласьці. Ёсьць разбураныя прыватныя дамы і прадпрыемствы. Таксама абстралялі сяло Аднаробаўка каля мяжы з Расеяй: пашкодзілі 8 дамоў і 4 разбурылі цалкам, паведаміў старшыня Золачаўскай абшчыны Віктар Каваленка.

Акрамя таго, з двух верталётаў абстралялі пасёлак Аляксандраўка. Раненьні атрымалі двое дзяцей 9 і 11 год. З раненьнямі ў шыю і сьцягно іх шпіталізавалі.

Парк Горкага ў Харкаве трапіў пад абстрэл яшчэ 11 красавіка. Ад выбухаў упалі некалькі дрэў, пашкоджаныя атракцыёны, сцэна ў рэтра-зоне, ёсьць сьляды ад снарадаў на асфальце і платах, піша НВ і дэманструе відэа зь месца падзей. Па дадзеных на 13 красавіка, загінулі як мінімум 24 дзіцяці. Яшчэ 55 дзяцей атрымалі раненьні і траўмы рознай ступені цяжкасьці.

Ад пачатку расейскага ўварваньня ў выніку абстрэлаў у Харкаўскай вобласьці пашкоджана 207 навучальных устаноў. Чатыры школы і чатыры дзіцячыя садкі зьнішчаныя ўшчэнт.

Абстрэлы ў Данецкай вобласьці

На працягу 14 красавіка расейскія войскі абстралялі тэрыторыю на захадзе і на поўначы Данецкай вобласьці, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка.

  • Раніцай тры авіяўдары па Вялікай Навасёлцы: пацярпелі як мінімум два чалавекі, пашкоджаная цывільная інфраструктура,
  • абстрэлы ў Зарэчным — адзін чалавек загінуў, двое атрымалі раненьні;
  • Вугледар — адзін чалавек загінуў і трое параненыя.

Удар па прадпрыемстве ў Краматорску

Расейскія войскі 14 красавіка патрапілі ў машынабудаўнічае прадпрыемства ў Краматорску. Яно працягвала працаваць падчас вайны, цяпер працу спынілі. Ратавальнікі разьбіраюць завалы, паведаміў мэр горада Аляксандар Ганчарэнка.

Расея заяўляе пра новыя абстрэлы «з боку Ўкраіны». Ва Ўкраіне называюць заявы «рэалізацыяй пляну зьдзяйсьненьня тэрактаў расейскімі спэцслужбамі»

СК РФ 14 красавіка заявіў, што ​Ўзброеныя сілы Ўкраіны абстралялі зь верталётаў пасёлак Клімава ў Бранскай вобласьці:

«З выкарыстаньнем двух баявых верталётаў, забясьпечаных цяжкім наступальным узбраеньнем, вайскоўцы Ўзброеных сіл Украіны незаконна ўварваліся ў паветраную прастору Расейскай Фэдэрацыі. Рухаючыся на малой вышыні, дзейнічаючы наўмысна, яны зрабілі ня менш за 6 авіяўдараў па жылых дамах у пасёлку Клімава Клімаўскага раёну Бранскай вобласьці», — заяўляе ведамства. Паводле Сьледчага камітэту, у выніку пашкоджаныя 6 дамоў, параненыя 7 чалавек. СК РФ завёў крымінальную справу.

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці сёньня заявіў пра абстрэлы «з боку Ўкраіны» вёсак Спадарушына і Жураўлёўка. Паводле яго, пацярпелых і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва няма.

Цэнтар процідзеяньня дэзынфармацыі пры РНБА Ўкраіны ў адказ на гэтыя заявы сьцьвярджае, што расейскія спэцслужбы «пачалі рэалізацыю пляну правядзеньня тэрактаў для нагнятаньня антыўкраінскай гістэрыкі ў РФ».

Расейцы акупуюць горад Алешкі на Херсоншчыне

Над будынкам адміністрацыі горада Алешкі ў Херсонскай вобласьці ўсталявалі расейскі сьцяг, паведаміў 14 красавіка мэр населенага пункта Яўгені Рышчук. Паводле яго, горад ужо амаль цалкам заняты расейскімі войскамі.

У Бучы з брацкай магілы дасталі дасталі целы 73 загінулых

У Бучы Кіеўскай вобласьці з брацкай магілы ля царквы Андрэя Першазванага дасталі целы 73 загінулых, паведаміў мэр горада Анатоль Федарук.

Агулам у Бучы знайшлі целы 403 загінулых. Па словах мэра, устаноўленыя асобы 167 чалавек: «Высьветлілі, што гэта за людзі, дзе яны жылі, дзе працавалі».

ААН: З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі мінімум 1964 мірныя жыхары

Таксама арганізацыя паведамляе пра 2613 параненых. Пры гэтым у ААН адзначаюць, што сапраўдныя лічбы могуць быць значна вышэйшыя, бо інфармацыя з заблякаваных раёнаў прыходзіць са спазьненьнем.

Генпракуратура Ўкраіны: з пачатку вайны ў краіне загінулі 197 дзяцей

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне пацярпелі 548 дзяцей: 197 зь іх загінулі, 351 параненыя, паведамляе генпракуратура Ўкраіны са спасылкай на ювенальных пракурораў. Больш за ўсё дзяцей пацярпела ў Данецкай, Кіеўскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях.

Амаль 220 тысяч чалавек засталіся ва Ўкраіне без жыльля праз вайну

З прычыны вайны без жыльля ва Ўкраіне засталося 219 600 чалавек, паведаміла Людміла Дзянісава, упаўнаважаны Вярхоўнай рады Ўкраіны па правах чалавека. Паводле яе, гаворка ідзе аб 37 550 унікальных адрасах па ўсёй Украіне.

Інфармацыю аб пашкоджаным або зьнішчаным жыльлі зьбіраюць празь дзяржаўны партал электронных паслуг «Дія». Паводле Людмілы Дзянісавай, на плятформу паступіла ўжо каля 76 700 інфармацыйных заявак, а агульная плошча шкоды ацэньваецца ў 5,3 мільёна квадратных мэтраў.

Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны: па стане на 3 красавіка функцыянуюць толькі 30% моладзевых цэнтраў і прастораў

Паводле Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны:

  • 18 моладзевых цэнтраў разбураныя, пашкоджаныя або занятыя;
  • 68% моладзевых працаўнікоў былі вымушаныя пакінуць свае рэгіёны;
  • толькі 37,6% маюць магчымасьць займацца моладзю;
  • 40% моладзі ва Ўкраіне пацярпелі ў выніку ўзброенай агрэсіі Расеі і Беларусі,
  • больш за 2 мільёны маладых людзей сталі ўнутрана перамешчанымі і яшчэ 2 мільёны выехалі за мяжу.

Украіна заявіла пра ўдар па расейскім ракетным крэйсэры «Москва»

Дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч паведаміў пра пажар на борце расейскага ракетнага крэйсэра «Москва», што цяпер у Чорным моры.

«510 чалавек на борце. Мы ня можам зразумець, што адбылося. Ці то два матросы курылі ня ў тым месцы. Ці то парушылі чарговым разам якія-небудзь меры бясьпекі. Як не шанцавала Белгараду, так і «Москве» не пашанцавала. Хачу сказаць, што гэта той карабель, які паслалі на *** [украінскія памежнікі з вострава Зьмяіны]», — сказаў Арастовіч.

У сваю чаргу, кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Марчанка заявіў, што ў крэйсэр «Москва» трапілі ўкраінскія крылатыя ракеты «Нэптун».

У Мінабароны Расеі заявілі, што на ракетным крэйсэры «Москва» ў выніку пажару здэтанаваў боезапас, але крэйсэр застаўся на плыву і яго адбуксуюць у порт.

Сілы спэцапэрацый Украіны зруйнавалі мост у горадзе Ізюм, адкуль расейцы плянуюць наступ

Салдаты сіл спэцыяльных апэрацый узарвалі мост з вайсковай тэхнікай, якая накіроўвалася ў Ізюм, паведаміла 14 красавіка прэс-служба ССА.

Некалькі дзён таму ўкраінскія вайскоўцы выявілі расейскую тэхніку ў Харкаўскай вобласьці: для ўзмацненьня расейскай групоўкі ў рэгіёне былі накіраваныя бронеаўтамабіль «Тыгр», «КАМАЗ» і тры «Ўралы». Апэратары ўстанавілі маршрут калёны і вызначылі мост, прыдатны для інжынэрнай засады.

Эвакуацыя ва Ўкраіне 14 красавіка

Віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук паведамляе аб эвакуацыі 2557 чалавек. 289 зь іх — з Марыюпаля, 2043 — з гарадоў Запароскай вобласьці, 225 — з Луганскай.

Мінабароны Расеі паведамляе, што за суткі ўдалося вывезьці 14 606 чалавек, у тым ліку 815 з Марыюпаля.

У Кіеўскай вобласьці на 14 красавіка зарэгістравалі 104 тысячы вымушаных перасяленцаў

Каля 10 тысяч перасяленцаў размясьцілі ў 23 установах камунальнай уласнасьці ў 13 абшчынах рэгіёну, паведаміў кіраўнік гуманітарнага штабу Кіеўшчыны Аляксей Кулеба.

Францыя заявіла, што яе амбасада ва Ўкраіне вернецца ў Кіеў

«Гэтая перадысьлякацыя адбудзецца вельмі хутка і дазволіць Францыі ўзмацніць сваю падтрымку Ўкраіны ва ўсіх сфэрах, каб супрацьстаяць вайне, разьвязанай Расеяй 24 лютага», — гаворыцца ў заяве МЗС, піша AFP. У пачатку сакавіка амбасада Францыі пераехала з Кіева ў Львоў.

Уцекачы ад вайны

Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, вынікае са зьвестак на сайце агенцтва ААН у справах уцекачоў на 9 красавіка.

Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу — гэта звыш 2,5 млн чалавек. Звыш 671 тысячы чалавек адправіліся ў Румынію, 413 тысяч — у Вугоршчыну, 406 тысячы — у Малдову, 373 тысячы — у Расею, 307 тысяч — у Славаччыну і 19 тысяч — у Беларусь.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расея ўвяла санкцыі супраць кангрэсмэнаў ЗША і сэнатараў Канады. Міністэрства замежных спраў Расеі 13 красавіка ўнесла ў чорны сьпіс 398 кангрэсмэнаў ЗША і 87 канадзкіх сэнатараў. Таксама Расея абвясьціла пэрсонай нон грата старшага дыплямата амбасады Чэхіі ў Маскве.

Société Générale і Ericsson сыходзяць з Расеі

Француская фінансавая група Société Générale абвясьціла, што пакідае Расею.

Швэдзкая кампанія Ericsson заявіла, што прыпыніць сваю дзейнасьць у Расеі на няпэўны тэрмін.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

На Гомельшчыне затрымалі сем чалавек за фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі

Нягледзячы на новыя заявы Лукашэнкі ў падтрымку Пуціна і расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, беларусы працягваюць змаганьне партызанскімі мэтадамі, каб не дапусьціць перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі па чыгунцы ва Ўкраіну.

Супраць тых, хто скідаў фота і відэа ў тэлеграм-каналы «Беларускі Гаюн», Nexta, «Беларусь головного мозга», распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, па якім затрыманым пагражае да 6 гадоў зьняволеньня, паведамілі ў Сьледчым камітэце РБ.

Лясы на поўдні пад забаронай

Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.

Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хойніках.

Як рэагуе сьвет

ААН: Вайна ва Ўкраіне пагражае голадам адной пятай чалавецтва

«Вайна ва Ўкраіне можа адкінуць звыш пятай часткі чалавецтва за рысу беднасьці, галечы і голаду ў маштабах, якіх ня бачылі дзесяцігодзьдзямі», — заявіў генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антонію Гутэрыш 14 красавіка.

ЗША паабяцалі дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне на 800 млн даляраў

«Гэты новы пакет дапамогі будзе ўтрымліваць многія з высокаэфэктыўных сыстэм узбраеньняў, якія мы ўжо прапанавалі, і новыя магчымасьці, прыстасаваныя да больш шырокага наступу, які, як мы чакаем, Расея ажыцьцявіць на ўсходзе Ўкраіны, — адзначыў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. — Гэтыя новыя магчымасьці ўключаюць артылерыйскія сыстэмы, артылерыйскія снарады і бронетранспартэры. Я таксама ўхваліў перадачу дадатковых верталётаў».

Сусьветны банк дасьць Украіне яшчэ 1,5 мільярда даляраў фінансавай дапамогі

Сусьветны банк адправіць Украіне пакет фінансавай дапамогі на суму 1,5 мільярда даляраў — грошы пойдуць на крытычна важныя паслугі, піша Reuters. Сюды адносяцца пэнсіі, выплаты заробкаў для супрацоўнікаў мэдычных установаў, забесьпячэньне сацыяльных праграм і гэтак далей.

На пачатку сакавіка Сусьветны банк выдзеліў 700 мільёнаў даляраў экстранага фінансаваньня для Ўкраіны, а потым — яшчэ два траншы памерам амаль 200 мільёнаў і 100 мільёнаў даляраў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG