У чым была мэта паездкі Лукашэнкі на Далёкі Ўсход Расеі? Ці зьменіцца стаўленьне Кіева да Лукашэнкі пасьля яго заяваў у Благавешчанску наконт Бучы? Якая пэрспэктыва мірных перамоваў паміж Украінай і Расеяй, ці могуць яны зноў вярнуцца ў Беларусь? Якая імавернасьць, што беларускае войска пашлюць на вайну?
Вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч
- Ці варта было ехаць так далёка, каб ні пра што не дамовіцца? Было сказана толькі, што Расея абяцала паставіць у Беларусь нейкую найноўшую вайсковую тэхніку. Прычына гэтай сустрэчы больш псыхалягічная. Пуцін, як і Лукашэнка, у міжнароднай ізаляцыі.
- Для Пуціна гэтая сытуацыя нязвыклая. У яго застаюцца міжнародныя кантакты, але яны альбо непрыемныя, альбо сухія. А тут прыяжджае Лукашэнка і кажа: Вы ўсё правільна робіце, калі б вы не напалі, то Ўкраіна б напала на вас, у Бучы — спэцапэрацыя Брытаніі.
- Візыт Лукашэнкі — гэта псыхатэрапія для Пуціна. І для Пуціна гэта важна, калі вайна ва Ўкраіне ідзе не паводле пляну.
- Пазыцыі Менску і Масквы ў пытаньні мірных перамоваў разыходзяцца. Лукашэнка і Макей казалі, што Беларусь хацела б быць удзельніцай мірных перамоваў. Макей дадаў, што гарантыі бясьпекі павінна атрымаць ня толькі Ўкраіна, але і Беларусь.
- Пуцін у Благавешчанску казаў пра ролю Лукашэнкі як мадэратара перамоваў, а Лаўроў — што Беларусь магла б быць гарантам бясьпекі Ўкраіны.
- Сэнс заяваў Лукашэнкі і Макея — у страху, што Расея і Ўкраіна дамовяцца за сьпінаю Беларусі за кошт яе інтарэсаў.
- Украіна хоча мець гарантыі бясьпекі ад пагрозы з боку Расеі. Ад пагрозы з чыйго боку хоча мець гарантыі бясьпекі Беларусь?
- Пытаньне месца Беларусі за сталом перамоваў на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі і Пуціна не ўзьнімалася, таму што бакі не паразумеліся.
- Да бітвы за Данбас перамовы ня маюць ніякага сэнсу. Па выніках гэтай бітвы будзе больш зразумела, хто павінен больш саступаць.
- Для Пуціна важна, каб сытуацыя з вайсковай прысутнасьцю ў Беларусі была падвешаная, няпэўная, каб было зразумела, што Масква вырашае — патрэбныя на тэрыторыі Беларусі расейскія войскі ці не.
- Я думаю, што гэтая вайсковая прысутнасьць — гэта ўжо сталы чыньнік.
Цыганкоў
- Лукашэнка ня думае пра свой імідж, пра сваю рэпутацыю ў вачах заходняга сьвету. Калі нешта патрэбна Расеі, ён гатовы сказаць усё што заўгодна.
- Дзьве тэзы прагучалі ад Лукашэнкі: Буча — спэцапэрацыя брытанскіх спэцслужбаў, і — Захад ці Ўкраіна хацелі напасьці на Расею, але Пуцін іх апярэдзіў.
- Папярэдняя заява Лукашэнкі пра ўдары па Беларусі, якія плянавала Ўкраіна, стала падставай для зьяўленьня шматлікіх зьдзеклівых інтэрнэт-мэмаў, у якіх Лукашэнка расказваў пра гэта бамжам, кінагероям і г.д. Гэта было б сьмешна, калі б не было так сумна.
- Мы памятаем, якія рэзкія рэчы казаў Лукашэнка пра ўкраінскіх кіраўнікоў у першыя дні вайны, калі быў упэўнены ў хуткай перамозе Расеі. Потым яго рыторыка зьмянілася.
- Палітыка афіцыйнага Кіева была іншая. Хоць у сацыяльных сетках і ў СМІ Лукашэнку бэсьцілі апошнімі словамі, але кіраўніцтва Ўкраіны — Зяленскі, Арастовіч, іншыя — вырашыла, што ня трэба злаваць Лукашэнку, галоўнае, каб Беларусь не ўступіла ў вайну сваім войскам.
- Але Лукашэнка ня той чалавек, які можа адказаць удзячнасьцю на стрыманасьць. Ён на гэта адказвае заявай пра Бучу як пра спэцапэрацыю брытанцаў. Цяпер Кіеў можа адысьці ад сваёй стрыманасьці. Зараз уступленьне беларускага войска ў вайну менш імавернае. На гэта ўплывае і адыход часткі расейскіх войскаў зь Беларусі, і антываенныя настроі ў беларускім войску і грамадзтве. Зьмяніліся і расейскія стратэгічныя пляны — з поўначы на ўсход і поўдзень.
- Пуцін паўтарыў гістарычную хлусьню, што ўкраінства вынайшаў генштаб Аўстра-Вугоршчыны. Калі б Беларусьсю кіраваў не Лукашэнка, а нават Ціханоўская, ня кажучы ўжо пра Пазьняка, то з расейскага тэлевізара мы б таксама чулі, што Беларусь — гэта прыдумка польскіх ксяндзоў.
- З боку Лукашэнкі запатрабаваць, каб расейскія войскі сышлі зь Беларусі, было вельмі рызыкоўна. Беларусь маштабна ўдзельнічае ў агрэсіі. Паводле вызначэньня ААН Беларусь — агрэсар, а ня проста побач стаяла.
- Лукашэнку некамфортна, пакуль расейскія войскі ў Беларусі знаходзяцца. Мо непублічна ён і просіць, каб яны сышлі. Але публічна ён пра гэта не гаворыць.
- Пуцін успрымае вайсковую прысутнасьць у Беларусі як пэўную страхоўку ад таго, што Лукашэнка раптам узбрыкне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.