Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка спрабуе зноў сесьці на таго ж коніка, што ў 2008 і 2014 годзе. Але зараз не атрымаецца», — аналітык Аркадзь Мошэс


Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс
Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс адказвае на пытаньне, навошта так часта сустракаюцца Пуцін і Лукашэнка, заяўляе, што ў вачах Захаду Лукашэнка ўжо перайшоў чырвоную лінію, і аптымістычна разважае пра будучыню Беларусі.

Сьцісла:

  • Лукашэнка наступіў на чырвоную лінію — на Захадзе ён больш ня лічыцца партнэрам
  • Для Расеі — гэта вайна Расеі, а для Беларусі — гэта вайна Лукашэнкі, а не Беларусі.
  • Дзеля таго каб заставацца ў полі зроку, Лукашэнку патрэбная тэлевізійная карцінка, якую можа даць толькі Пуцін
  • Ісьці на канфрантацыю з Лукашэнкам каманда Зяленскага ня хоча, спадзеючыся, што стрыманасьць Беларусі пойдзе на карысьць Украіне.
  • Беларусь — дзяржава-агрэсар, з дакладнасьцю 100 працэнтаў трапляе ў гэтую катэгорыю паводле ААНаўскага вызначэньня.
  • У сьвеце цудоўна ведаюць і разумеюць той актыўны і пасіўны супраціў вайне, які ёсьць у Беларусі.

— 12 красавіка адбудзецца чарговая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Навошта яны сустракаюцца гэтак часта, ставячы ў гэтым своеасаблівыя палітычныя рэкорды? Няўжо нейкія пытаньні немагчыма вырашыць праз тэлефон, без асабістай сустрэчы? Што штурхае так часта бачыцца гэтых двух кіраўнікоў, якія, як меркуецца, не выносяць адзін аднаго?

— Мне падаецца, зараз гэта значна больш трэба Лукашэнку, а ня Пуціну. Бо ў Пуціна хапае і тэлефонных размоваў зь іншымі лідэрамі, і нават ёсьць візыты — зараз канцлер Аўстрыі прылятае ў Маскву. А Лукашэнку, па вялікім рахунку, каб заставацца ў полі зроку, патрэбная тэлевізійная карцінка, якую можа даць толькі Пуцін. Лукашэнка хоча паказаць, што ён яшчэ патрэбны. Трэба пераканацца ў пэўных рэчах, і зрабіць гэта зручней падчас асабістага кантакту, а не праз тэлефон.

І мы павінны разумець, што Лукашэнка гатовы ехаць на Далёкі Ўсход, але ён па-ранейшаму ня едзе ў Крым. Тое, што ён абяцаў яшчэ паўгода назад — а ніякага Крыму так і няма. Але Пуцін працягвае яго прымаць, хоць чаканьні Крамля — ад вялікіх, як увод беларускіх войскаў, да меншых, як наведваньне Крыму — так ці іначай не выконваюцца.

— Як варта ацаніць апошнія выказваньні Лукашэнкі, што безь Беларусі нельга праводзіць мірныя расейска-ўкраінскія перамовы?

— Вядома, гэта хацелкі, і гэта жаданьне стварыць нагоду для камэнтатараў, каб гаварыць пра нейкую суб’ектнасьць Лукашэнкі ў цяперашняй ваенна-палітычнай сытуацыі ў Эўропе. Я думаю, што Кіеў будзе рэагаваць на гэта роўна і асьцярожна, і, найхутчэй, проста праігнаруе. Бо лішні раз ісьці на канфрантацыю з Лукашэнкам каманда Зяленскага ня хоча, спадзеючыся, што стрыманасьць Беларусі хоць у нейкай ступені пойдзе на карысьць Украіне.

Масква адрэагуе на гэтую прапанову Лукашэнкі хутчэй станоўча — але зразумела, што гэта Крамлю не прынцыпова.

Лукашэнка настойліва хоча ствараць карцінку, што Беларусь як бы ні пры чым у гэтай вайне, што яна не агрэсар. Хоць Беларусь — дзяржава-агрэсар, з дакладнасьцю 100 працэнтаў трапляе ў гэтую катэгорыю паводле ААНаўскага вызначэньня. Лукашэнка ж спрабуе зноў сесьці на таго ж коніка, на якога ён сядаў у 2008 годзе, у 2014 годзе, ён зноў спрабуе даказаць, што складаць Беларусь і Расею ў адзін кошык нельга і што ён яшчэ можа спатрэбіцца як міратворца. Думаю, што ў яго гэта ўжо не атрымаецца. Паўтаруся, Беларусь успрымаецца менавіта як агрэсар паводле ўсіх міжнародных вызначэньняў, таму яна ўключаецца ў санкцыі, якія толькі трошкі адрозьніваюцца ад антырасейскіх санкцыяў.

— У Лукашэнкі гэта не атрымаецца — таму што Захад на гэта ўжо па-іншаму глядзіць ці таму што Масква ня мае ў гэтым ніякага інтарэсу?

— Перш за ўсё таму, што Захад на гэта цяпер па-іншаму глядзіць. Масква нейкі інтарэс будзе праяўляць, бо ў нейкай сытуацыі можна было б Менскам прыкрывацца.

Але на Захадзе ёсьць разуменьне таго, што Лукашэнка наступіў на чырвоную лінію. Можна спрачацца, ці перайшоў ён яе на палову кроку, ці толькі наступіў пальцамі, — але ён яе перайшоў. Сёньняшняму менскаму рэжыму давялося б зрабіць вельмі шмат, каб Захад зноў вырашыў зь ім размаўляць.

Гэта ня значыць, што ў Лукашэнкі няма лабістаў на Захадзе. Яны ёсьць. Яны, канечне, ня так гучна выступаюць, як яшчэ год таму — але яны нікуды не падзеліся. Яны будуць спрабаваць даказваць, што Беларусь трэба адрываць ад Расеі любымі спосабамі. Але мне падаецца, што гэтая палітычная лінія ўжо не пераможа. Я думаю, на Захадзе ўжо прысутнічае разуменьне таго, што рэжым у Менску ня можа лічыцца партнэрам і ня можа быць рукапаціскальным.

— Але ці вызначыўся Захад у дачыненьні да галоўнага агрэсара, да Расеі? Ці пакуль існуе намер проста адбіцца, абараніць Украіну, уціхамірыць? Ці зьяўляецца разуменьне, што змагацца давядзецца да таго часу, пакуль рэжым Пуціна ня будзе зьнішчаны, бо ён становіць трывалую пагрозу для міру ва ўсім сьвеце?

— Тут Захад яшчэ ня вызначыўся. Але ён вызначаецца вельмі хутка. Тое, што здавалася немагчымым яшчэ месяц таму — сёньня адбываецца. А тое, што здаецца немагчымым сёньня — будзе адбывацца заўтра, калі вайна працягнецца.

Калі вайна будзе замарожаная, калі будзе абвешчана перамір’е, калі Ўкраіне будуць паабяцаныя нейкія сур’ёзныя палітычныя набыткі (як бачыце, вельмі шмат «калі») — то замарозіцца і працэс радыкалізацыі Захаду. Але чым далей ідуць баявыя дзеяньні, тым пазыцыя Захаду будзе станавіцца ўсё больш выразнай. Прывяду прыклад Італіі, якая была адным зь лідэраў прарасейскага лягеру ў Эўропе, другая па ўзроўні залежнасьці ад расейскага газу. Сёньня Італія паводзіць сябе вельмі актыўна ў пляне энэргетычнай пераарыентацыі, што немагчыма было ўявіць яшчэ 2 месяцы назад. Шматлікія заходнія фірмы масава сыходзяць з Расеі, і многія зь іх назад у Расею ўжо ня вернуцца адразу пасьля спыненьня вайны.

Вядома, нельга казаць, што мэтай палітыкі Захаду стала зьмена рэжыму Расеі. Мэтай палітыкі Захаду, на мой погляд, усё яшчэ застаецца аслабленьне рэжыму Пуціна. Але колькасьць у пэўны момант пяройдзе ў якасьць. У той дзень, калі Нямеччына зьнізіць сваю залежнасьць ад расейскага газу (а гэта можа адбыцца цягам двух гадоў), у Эўропе ўзьнікне прынцыпова іншая геапалітычная і эканамічная сытуацыя. Дынаміка і кірунак працэсу тут больш-менш зразумелыя.

— Ці верыце вы ў такую рэч, як пераварот у Крамлі, вынікам якога можа стаць, сярод іншага, спыненьне вайны?

— Дыскусія на тэму «гэта ўсё ж вайна Пуціна ці вайна Расеі» працягваецца, і мне падаецца, што ў выніку запануе думка, што гэта ўсё ж «вайна Расеі». Расейскія грамадзяне галасавалі за гэты рэжым, падтрымлівалі яго актыўна альбо пасіўна, сёньня большасьць насельніцтва падтрымлівае вайну ва Ўкраіне. І калі запануе гэтая думка (што гэта ўсё ж «вайна Расеі»), то спроба выхаду з вайны празь пераварот у Крамлі ня мае ніякага сэнсу. Бо выхадам могуць стаць толькі вельмі сур’ёзныя структурныя зьмены ў грамадзкіх настроях і ў зьнешняй палітыцы Расеі, што зойме даволі доўгі час.

— У Беларусі сытуацыя з падтрымкай вайны і з падтрымкай улады зусім іншая. У гэтым сэнсе ці будзе стаўленьне ў пасьляваенным сьвеце да Беларусі іншае, чым да Расеі?

— Адназначна, тут у мяне думка значна больш аптымістычная. У адрозьненьне ад Расеі, гэтая вайна ўспрымаецца як «вайна Лукашэнкі», як «памылка Лукашэнкі», тое, што ён «дагуляўся».

Я думаю, у сьвеце цудоўна ведаюць і разумеюць тое актыўнае і пасіўнае супраціўленьне вайне, якое ёсьць у Беларусі. Разумеюць, што ў беларусаў няма гэтага імпэрскага мысьленьня, імкненьня да пашырэньня, гэта ня іхная вайна. У беларусаў засталося разуменьне, што вайна не павінна паўтарыцца. А ў Расеі, пачынаючы прыблізна з 2005 году, гэта замянілася на «можам паўтарыць». І гэтае адрозьненьне Беларусі ад Расеі ўсім відавочнае. У беларусаў нашмат меней антызаходніх настрояў, бо яны побач з Эўропай жывуць, яны езьдзілі, яны атрымлівалі рэкордную на душу насельніцтва колькасьць эўрапейскіх візаў, ім нават дзяржаўная прапаганда ад 2015 году казала, што з Захадам трэба супрацоўнічаць.

Тое, што гэта вайна Лукашэнкі, а не беларусаў, — гэта на Захадзе ўсе разумеюць. І калі нейкім чынам сыдзе Лукашэнка, Беларусь будзе ўспрымацца як усходнеэўрапейская дзяржава, у якой ёсьць някепскія шанцы далучыцца, кажучы высакамоўна, да сям’і эўрапейскіх народаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG