Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далейшая падтрымка расейскай агрэсіі ня мае для Менску ніякай палітычнай пэрспэктывы, — палітоляг Царык


Расейскі цягнік з расейскай ваеннай тэхнікай на станцыі Навабеліца ў Гомлі, 30 сакавіка 2022 года
Расейскі цягнік з расейскай ваеннай тэхнікай на станцыі Навабеліца ў Гомлі, 30 сакавіка 2022 года

Намесьнік дырэктара Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Юры Царык тлумачыць, чаму прысьпеў час для Менску асудзіць агрэсію Расеі.

Ён сьцьвярджае, што ў беларускім грамадзтве ёсьць моцны антываенны кансэнсус, і заяўляе, што Лукашэнку ня мае ніякага сэнсу далей падтрымліваць вайну супраць Украіны — ва ўмовах, калі Расея гэтую вайну прайграе.

Інтэрвію было запісана 6 красавіка. Але ўжо сёньня, 7 красавіка, Лукашэнка на паседжаньні Савету бясьпекі фактычна ўзьняў пытаньне аб далейшым дыстанцыяваньні ад расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Сьцісла:

  • Я ня бачыў ніводнага чалавека (незалежна ад палітычных поглядаў), які б сказаў, што Беларусі трэба ўцягвацца ў гэтую вайну, накіраваць ва Ўкраіну войскі.
  • Няма ніводнага іншага пытаньня, у якім у Беларусі на ўсіх узроўнях, ва ўсіх частках грамадзтва існуе настолькі моцны кансэнсус, як наконт непрыняцьця вайны.
  • Калі б 24 лютага Лукашэнка паспрабаваў забараніць агрэсію з тэрыторыі Беларусі, у Расеі было дастаткова патэнцыялу, каб хутка паставіць сытуацыю ў Беларусі пад свой поўны кантроль.
  • Цяпер Беларусь мае магчымасьць паспрабаваць дыстанцыявацца ад расейскай агрэсіі.

— Днямі ваш Цэнтар апублікаваў тэкст пад назвай «Як Беларусі выйсьці з ганебнай вайны». Сярод іншых, даволі рэзкіх, крокаў вы і Арсень Сівіцкі прапануеце афіцыйнаму Менску асудзіць ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны, патрабаваць ад Расеі спыніць выкарыстаньне беларускай тэрыторыі. Пры гэтым вы знаходзіцеся ў Беларусі. У Беларусі, дзе за налепкі супраць вайны, за словы «Не — вайне» прысуджаюць «суткі». Ці лічыце вы, што сярод беларускай улады ёсьць розныя думкі наконт гэтай вайны і гэтае вашае меркаваньне можа быць пачутым, а не ўспрымацца як крамола ці нават падстава для нейкага пакараньня?

— Давайце падзелім гэтае пытаньне на дзьве часткі. Першая частка зьвязаная з нашымі асабістымі падыходамі. Мы пазьбягаем у сваіх артыкулах любых формаў, зьвязаных зь лёзунгамі і заклікамі. Вядома, мы разьлічваем, што нашыя тэксты і высновы адпавядаюць інтарэсам Рэспублікі Беларусь у самым шырокім і канкрэтным разуменьні. І мы імкнемся гэтыя інтарэсы Беларусі ўсяляк адстойваць, нават калі гэта не супадае, напрыклад, з рыторыкай дзяржаўных тэлеканалаў.

Што тычыцца глябальнай ацэнкі таго, як беларуская ўлада ставіцца да вайны, якія тут варыянты і гэтак далей. Я кантактую зь вельмі рознымі людзьмі і ня бачыў ніводнага чалавека (незалежна ад палітычных поглядаў), які б на поўным сур’ёзе сказаў, што Беларусі трэба ўцягвацца ў гэтую вайну, накіраваць ва Ўкраіну войскі і гэтак далей. На мой погляд, у Беларусі існуе кансэнсус, што гэтага нельга рабіць. Мне здаецца, няма ніводнага іншага пытаньня, па якім у Беларусі на ўсіх узроўнях, ва ўсіх частках грамадзтва існуе настолькі моцны кансэнсус.

Зразумела, чаму ён існуе, — бо ад уступленьня Беларусі ў вайну сваімі ўзброенымі сіламі ёсьць шэраг мінусаў ва ўсіх сфэрах. І калі ў першыя дні вайны ў кагосьці маглі б узьнікнуць нейкія ілюзіі наконт магчымай хуткай перамогі Расеі ў гэтай вайне, то цяпер яны канчаткова зьніклі.

Намесьнік дырэктара Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Юры Царык
Намесьнік дырэктара Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Юры Царык

— Пасьля публікацыі вашага тэксту ў сацыяльных сетках пачалі абмяркоўваць ня толькі ягоны зьмест, але і ваш цяперашні статус. Некаторыя, нагадваючы, што калісьці вы былі дастаткова праўладным аналітыкам, выказвалі думку, што гэтая публікацыя ня можа быць толькі вашым і Арсеня Сівіцкага меркаваньнем — бо, маўляў, «хтосьці за вамі стаіць»

— Я і Арсень зьяўляемся незалежнымі аналітыкамі і ўсе нашы выказваньні, якія мы публікуем, адлюстроўваюць толькі нашы асабістыя аналітычныя думкі. Улічваючы палітычны кантэкст у Беларусі, мы, натуральна, ня ўсё апублічваем з таго, што мы думаем і абмяркоўваем. І калі мы апублікавалі гэты тэкст, то, на наш погляд, у Беларусі склаўся такі кантэкст, што гэта стала магчымым і нават неабходным. Але ніякіх установак ні ад кога мы не атрымліваем і робім гэта на свой страх і рызыку, як рабілі гэта заўсёды, ад моманту пачатку працы нашага цэнтру.

— За апошнія дні адбылося некалькі падзеяў, якія прыцягнулі ўвагу аналітыкаў і якія пры жаданьні можна скласьці ў нейкі зьвязаны ланцужок. Вызваленьне журналістаў Tut.by, перавод пад хатні арышт кіраўніцы Саюзу палякаў Анжалікі Борыс, адкрыцьцё беларускіх межаў (фармальная нагода — зьніжэньне пандэміі ковіду), інтэрвію Пяскова менавіта беларускай тэлевізіі, якое расейскія шавіністычныя каналы назвалі ледзь не здрадніцкім і міратворчым. Ці кладзецца ўсё гэта ў нейкую схему?

— Безумоўна, гэта манэўры афіцыйнага Менску. Але я б сказаў, што гэтыя манэўры ішлі ўвесь час і не спыняліся зь першага дня вайны. Рыторыка Аляксандра Лукашэнкі была вельмі антыўкраінскай у пачатку вайны. Але важна разумець, як зьмянілася сытуацыя за 42 дні.

24 лютага пачынаюцца баявыя дзеяньні, у гэты момант на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца вялікая групоўка расейскіх войскаў у поўнай боегатоўнасьці, у тым ліку элітныя часткі, шмат тэхнікі і ўзбраеньня. У такой сытуацыі Лукашэнка прымае рашэньне не працівіцца нападу Расеі на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.

Мне асабіста як грамадзяніну Беларусі гэтае рашэньне не падабаецца, выклікае ў мяне горыч і сорам. Гэта парушэньне ўсіх тых гарантыяў, якія беларускі бок раней даваў Украіне. Але я вымушаны прызнаць, што калі б на той момант Лукашэнка прыняў іншае рашэньне і паспрабаваў бы забараніць агрэсію з тэрыторыі Беларусі, я думаю, у Расеі было дастаткова патэнцыялу, каб хутка паставіць сытуацыю ў Беларусі пад поўны свой кантроль. Пры гэтым Лукашэнка не атрымаў бы ніякай падтрымкі з боку Захаду, Беларусь засталася б сам-насам з Расеяй і ўсё б хутка скончылася.

На сёньня, на 42-і дзень вайны, стала відавочна, што Расея пацярпела апэратыўную паразу ва Ўкраіне, адмовілася ад першапачатковых плянаў, Расея эканамічна аслаблена. Таму створаны зусім іншы кантэкст, Расея знаходзіцца ва ўразьлівым становішчы. Зараз Беларусь мае магчымасьць у ваенна-палітычным пляне абазначаць сваю пазыцыю больш дакладна і акцэнтавана і спрабаваць дыстанцыявацца ад расейскай агрэсіі.

Таксама відавочна, што калі Лукашэнку давядзецца рабіць пэўны замежнапалітычны манэўр, то ён павінен дапаўняцца і нейкімі ўнутрыпалітычнымі дзеяньнямі, каб паспрабаваць стварыць прастору для нейкага дыялёгу з краінамі Захаду. І, што больш важна, каб паспрабаваць вырашыць палітычны крызіс унутры Беларусі, які так і застаўся нявырашаным з 2020 году. Калі б я даваў параду ўладам, я б рэкамэндаваў падумаць над тым, каб гэты моцны антываенны кансэнсус унутры Беларусі, які аб’ядноўвае ўсё грамадзтва, выкарыстаць для таго, каб пераадолець той падзел, які ўзьнік у выніку крызісу.

— Па першым пытаньні, наконт палітычнай прымальнасьці такіх крокаў для беларускага кіраўніцтва: тое, што мы абазначылі, зьяўляецца кароткім выкладаньнем таго, што неабходна зрабіць. Зразумела, што ў рэальным жыцьці гэтыя крокі могуць набываць самыя розныя формы.

Напрыклад, наша прапанова — «асудзіць расейскую ваенную агрэсію, накіраваць адпаведную заяву ў Сакратарыят ААН». Расейская ваенная агрэсія ўжо прызнаная агрэсіяй дзьвюма рэзалюцыямі Генасамблеі ААН, таму Менску застаецца зусім няшмат — прыняць да ведама і пагадзіцца з гэтымі рэзалюцыямі. Як дзяржаве, якая паважае міжнароднае права.

Другі пункт — запатрабаваць спыніць выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для ваеннай агрэсіі. Але сытуацыя так павярнулася, што гэта па факце ўжо амаль адбылося. Рашэньне Расеі адвесьці войскі з Кіеўскай вобласьці стварае такую сытуацыю, калі «ў сьпіну расейскаму салдату» ўжо ніхто ня можа стрэліць — адпаведна, трэба проста завяршыць працэс. Наступны крок — спыненьне ўсялякіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі і вылетаў авіяцыі. Ну і ў такой сытуацыі што ўвогуле расейскай арміі рабіць на тэрыторыі Беларусі? Яна тут не патрэбна. Так што далей можна акуратна, бяз рэзкіх рухаў працягваць гэты працэс.

Расеі самой трэба думаць, як выходзіць з гэтай вайны. Ёсьць ацэнкі, што вайна можа цягнуцца месяцы і гады — так яно, магчыма, і будзе. Але мы разумеем, што зараз Расея сканцэнтруецца на ваенных дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіне, у раёне Данбасу. А пасьля яе паразы там пытаньне аб сканчэньні вайны ўсё роўна паўстане.

— Вашыя прапановы наконт таго, як Беларусь павінна выйсьці з вайны, усё ж, як падаецца, ня ўлічваюць магчымую рэакцыю Масквы — на фоне той ваеннай і эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі, якая радыкальна павялічылася за апошнія паўтара года. Наколькі далёка Менск мог бы пайсьці ў гэтым кірунку, калі раптам прыняў бы такое прынцыповае рашэньне?

— Гэта адкрытае пытаньне. Я б зьвярнуў увагу на тое, што сам ход гісторыі штурхае беларускае кіраўніцтва да дзеяньняў у гэтым кірунку. Цяжка ацэньваць, наколькі ўлады гатовыя да гэтага. Але відавочна, што далейшая падтрымка расейскай агрэсіі ня мае для Менску ніякай палітычнай пэрспэктывы.

Я зыходжу з разуменьня Лукашэнкі як палітыка, які дбае пра свой уласны інтарэс, але і дбае пра інтарэс Беларусі — у той форме, як ён гэта разумее. І я ня бачу ніякага варыянту, пры якім Лукашэнку мае сэнс падтрымліваць агрэсію супраць Украіны — ва ўмовах, калі Расея гэтую вайну прайграе.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG