Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Украіны ў Менску заявіў, што ня бачыць сэнсу ва ўдзеле Беларусі ў расейска-ўкраінскіх перамовах


Ігар Кізім
Ігар Кізім

Пасол Украіны ў Менску Ігар Кізім ня бачыць карысьці, якую можа прынесьці расейска-ўкраінскім перамовам магчымы ўдзел у іх Беларусі. Сваім меркаваньнем аб гэтым ён падзяліўся ў Facebook.

Дыплямат зазначыў, што «пакуль увесь сьвет асуджае» напад Расеі на Ўкраіну, у Беларусі «так званыя «камэнтатары» і «экспэрты» на ўсіх дзяржСМІ (іншых тут няма) спрабуюць абвінаваціць у гэтым украінскія ўзброеныя сілы або гавораць, «што там ня ўсе адназначна».

Паводле слоў Ігара Кізіма, «антыўкраінская рыторыка і крывадушнасьць уладаў» ня сталі для яго «адкрыцьцём», паколькі і раней беларускі бок «спрабаваў перакуліць усё «з ног на галаву» і прытрымлівацца расейскай прапаганды. Дыплямат паведаміў, што прыняў удзел у сустрэчы ў МЗС Беларусі, але там «не змаглі толкам растлумачыць», на чым грунтуецца прапанова беларускага боку аб удзеле яго прадстаўнікоў у перамовах паміж Украінай і Расеяй.

«У якой якасьці Беларусь хоча браць удзел у іх — ахвяры, агрэсара, міратворца, пасярэдніка і г.д.? Якая карысьць ад гэтага ўдзелу, калі беларускія ўлады падтрымалі гэтую агрэсію і далі сваю тэрыторыю для ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і нанясеньня ракетна-бомбавых удараў расейскай авіяцыяй па ўкраінскіх гарадах», — зазначыў пасол.

Кізім сказаў, што калі Менск лічыць «прымальнымі ўмовамі» для Ўкраіны патрабаваньні РФ аддаць Крым, прызнаць незалежнасьць самаабвешчаных «Данецкай і Луганскай народных рэспублік», раззброіцца, адмовіцца ад сваёй ідэнтычнасьці і гісторыі, то ў такім удзеле «няма сэнсу», бо расейская дэлегацыя «сама ўсё скажа».

Адзіным тлумачэньнем гэтай прапановы Кізім назваў жаданьне ўключыць Беларусь у сьпіс краін-гарантаў бясьпекі Ўкраіны, аб чым раней казаў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.

«Калі Расея гэтага хоча, то яна можа ўключыць гэта ў свае прапановы да парадку дня ўкраінска-расейскіх двухбаковых перамоваў, як, напрыклад, мы прапануем у якасьці гарантаў Турэччыну, Вялікую Брытанію, Нямеччыну, Францыю і іншыя. Як вырашаць два бакі, так і будзе» , — падкрэсьліў Кізім.

Таксама Ігар Кізім заявіў, што ні пра якую капітуляцыю Ўкраіны ня будзе нават мовы.

«У такой сытуацыі лепш выкарыстоўваць увесь свой уплыў, калі ён ёсьць, каб прымусіць Пуціна спыніць вайну, забраць усе свае войскі з акупаваных украінскіх тэрыторый, спыніць марадэрстваваць і пачаць сур’ёзныя мірныя перамовы, а ня ставіць Украіне ўльтыматум аб капітуляцыі. Капітуляцыі ня будзе».

7 красавіка Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні Рады бясьпекі заявіў, што «мы зыходзім не з таго, што нас у адзін кошык пагрузілі з Расеяй. Мы зыходзім з таго, што гэта вайна — за плотам нашай краіны. І яна вельмі сур’ёзна ўплывае на сытуацыю ў Беларусі. Таму ніякіх сэпаратных за сьпінай Беларусі дамоўленасьцяў быць ня можа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG