Сёлета прафсаюзу РЭП споўнілася б 32 гады. У 1990-х колькасьць яго сяброў сягала 275 тысяч чалавек. У 2018 годзе лідэраў РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка асудзілі на 4 гады «хіміі». Цяпер за кратамі знаходзіцца берасьцейская лідэрка РЭП Зінаіда Міхнюк.
Найстарэйшы незалежны прафсаюз, створаны 32 гады таму
Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці ўтварыўся ў лістападзе 1990 году. Заснавальнікамі прафсаюзу РЭП былі 93 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі з усёй Беларусі.
Прафсаюз аб’яднаў тады 275 тысяч сяброў і ўвайшоў у склад Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ).
Пры непасрэдным удзеле прафсаюзу РЭП у 1990-х гадах былі праведзены шматтысячныя акцыі пратэсту «Не — зьбядненьню народу» на плошчы Свабоды і каля Палаца спорту ў Менску, якія дазволілі стабілізаваць становішча на прадпрыемствах.
Пры прафсаюзе была створаная юрыдычная служба, якая давала бясплатныя кансультацыі.
На знак пратэсту РЭП выйшаў са складу афіцыйнай ФПБ
У 2003 годзе пасьля прыходу ў кіраўніцтва ФПБ Леаніда Козіка, намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, прафсаюз РЭП — адзіны з 28 галіновых прафсаюзаў — на знак пратэсту выйшаў з ФПБ.
Для зьнішчэньня прафсаюзу РЭП стварылі прафсаюз прамысловасьці, куды бяз згоды работнікаў, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, перавялі пераважную большасьць пярвічных арганізацый.
Стала пытаньне аб ліквідацыі прафсаюзу. Аднак прафсаюз вытрываў і з 630 чальцоў вырас да 2000 чалавек.
У 2009 годзе прафсаюз уступіў у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. РЭП меў свае структуры ў 28 раённых цэнтрах, ва ўсіх абласьцях і ў сталіцы.
У 2017 годзе РЭП выступіў супраць падаткаў на «дармаедаў»
Увесну 2017 году па ўсёй краіне прайшлі шматлюдныя маршы недармаедаў, адным з арганізатараў якіх быў РЭП. Акцыі пратэсту прайшлі ў Менску, Гомлі, Горадні, Магілёве, Віцебску, Воршы, Рагачове, іншых гарадах краіны.
РЭП зьвяртаўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў з патрабаваньнем разгледзець «дармаедзкі» дэкрэт на адпаведнасьць Канстытуцыі Беларусі. Адказу так і і не атрымаў. РЭП таксама патрабаваў скасаваць дэкрэт № 3 і «падатак на дармаедзтва», сабраў больш за 50 тысяч подпісаў за адмену дэкрэту.
Улады адпомсьцілі прафсаюзу арыштам кіраўнікоў
2 жніўня 2017 году ў офісах прафсаюзу РЭП у Менску і Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску адбыліся ператрусы. Канфіскавалі кампутары і фінансавыя дакумэнты. Супраць прафсаюзнага лідэра Генадзя Фядыніча і бухгальтара Ігара Комліка распачалі крымінальную справу аб фактах нявыплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай.
Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
Многія доказы падчас сьледзтва здабылі ў межах «таямнічых працэдураў». Як высьветлілася падчас суду, Фядыніча і Комліка пачалі праслухоўваць за 1,5 месяца да таго, як зьявілася санкцыя пракурора і Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў на іх крымінальную справу. У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
Лідэраў прафсаюзу Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі»
24 жніўня 2018 году суд Савецкага раёну Менску асудзіў кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча на 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.
Іх абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры — на суму ў 23 тысячы рублёў (паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Праваабаронцы прызналі гэтую справу палітычна матываванай. Пасьля суду, у сакавіку 2019 году судовыя выканаўцы наклалі арышт на адзіную кватэру, у якой пражываюць Генадзь Фядыніч і ягоная сям’я, і машыну, а таксама на аўтамабіль і прычэп, якія належаць Ігару Комліку.
Са жніўня 2020-га ў РЭП пачалі ўступаць людзі, якія выйшлі з афіцыйных прафсаюзаў
Увосень 2020 году прафсаюз РЭП падпісаў зварот праваабарончых ды іншых няўрадавых дэмактатычных арганізацый супраць гвалту.
Са жніўня 2020 году шэрагі незалежнага прафсаюзу РЭП павялічыліся. Лідэр РЭП Генадзь Фядыніч тады расказаў: «Так, нас стала болей, прыкладна на 100 чалавек, цяпер у РЭП больш за 2600 сяброў. Але бачым, што людзі яшчэ асьцярожнічаюць з уступленьнем, нават калі выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу. Лепш ідзе працэс там, дзе ўжо ёсьць суполкі незалежных прафсаюзаў».
Падчас чарговага ператрусу ў канапе офісу прафсаюзу РЭП знайшлі патрон
29 сакавіка Беларускі прафсаюз РЭП выступіў з заявай «Спыніць рэпрэсіі».
Больш за 200 сяброў прафсаюзу прайшлі праз адміністрацыйныя арышты, многія апынуліся ў турме.
16 лютага 2021 году ў офісе РЭП на вуліцы Кульман адбыўся ператрус, якія доўжыўся больш за 5 гадзін — шукалі пацьверджаньне фінансаваньня пратэстаў.
Паводле старшыні прафсаюзу РЭП Васіля Завадзкага, былі канфіскаваныя ўсе сродкі сувязі, тэлефоны, ноўтбукі, друкаваныя і агітацыйныя матэрыялы, уласныя грошы.
Тады ў канапе на кухні знайшлі патрон ад паляўнічай зброі. Кіраўнікі прафсаюзу назвалі гэта правакацыяй.
25 сакавіка 2022 году затрымалі прадстаўніцу Беларускага прафсаюзу РЭП па Берасьцейскай вобласьці Зінаіду Міхнюк. Пры затрыманьні ў яе ў хаце выбілі шыбу і правялі ператрус. Таксама ператрус адбыўся ў берасьцейскім офісе РЭП. Цяпер актывістка незалежнага прафсаюзу знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Берасьці. Прафсаюз РЭП прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»
11 красавіка Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Такое рашэньне прыняў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. 11 красавіка прафсаюз дадалі ў «пералік фармаваньняў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», апублікаваны на сайце Міністэрства ўнутраных спраў.
Гэта першы выпадак, калі ў сьпіс «экстрэмістаў» трапіла зарэгістраваная дзяржавай юрыдычная асоба, дзе ёсьць афіцыйнае сяброўства.
«Справа РЭП». Што важна ведаць
- Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017-га. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
- Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
- У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
- Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
- З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
- З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.
Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць