Незалежны прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) падрыхтаваў «плятформу патрабаваньняў» да ўладаў, піша БелаПАН.
Чаго патрабуюць?
- Скасаваць кантрактную сыстэму і аднавіць бестэрміновае найманьне на працу, калі праца не часовая;
- скасаваць «дармаедзкія» дэкрэты і дэкрэт аб узмацненьні адказнасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў;
- зраўняць працаўнікоў і працадаўцаў у правах і зрабіць тэрмін даўнасьці па працоўных спрэчках роўным аднаму году (цяпер — год для працадаўцы, тры месяцы для працаўніка);
- перагледзець мінімальны спажывецкі бюджэт (які цяпер складае 475,56 рубля) з улікам «рэальных патрэбаў» людзей;
- вызначыць мінімальны заробак і мінімальную працоўную пэнсію роўнымі мінімальнаму спажывецкаму бюджэту для працаздольных;
- тарыфную частку заробку зрабіць ня меншай за 70–80% усёй сумы;
- дапамогу па беспрацоўі зрабіць у памеры 70% ад сярэдняга заробку за апошні год;
- стымуляваць малы і сярэдні бізнэс да стварэньня новых працоўных месцаў з заробкамі, ня меншымі за сярэдні, праз падатковыя і крэдытныя льготы;
- зьменшыць мінімальны пэнсійны стаж з 20 да 10 гадоў;
- уключыць у пэнсійны стаж навучаньне ў вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных вучэльнях, службу ў войску, дэкрэтны водпуск і водпуск па доглядзе за інвалідамі, час атрыманьня дапамогі па беспрацоўі;
- скасаваць паніжальны каэфіцыент да пэнсій для людзей пэнсійнага ўзросту, якія працуюць, — пакуль сярэдняя працягласьць жыцьця не павялічыцца прынамсі на 5 гадоў;
- даць маладым сем’ям права на адзін безадсоткавы крэдыт на 15 гадоў на куплю жытла;
- абмежаваць цану квадратнага мэтра жытла, якое будуецца, памерам сярэдняга заробку па краіне;
- пры нараджэньні дзіцяці прапанаваць бацькам-мужчынам трохтыднёвы водпуск;
- паэтапна перайсьці на страхавую мэдыцыну;
- увесьці грамадзкі кантроль за цэнамі на лекі;
- увесьці льготы на камунальныя паслугі для пэнсіянэраў, сем’яў зь дзецьмі, у якіх даход на чалавека меншы за мінімальны спажывецкі бюджэт;
- прапанаваць студэнтам-платнікам доўгатэрміновыя безадсоткавыя субсыдыі на адукацыю;
- інвалідам і навучэнцам установаў сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі даць 50% ільготы на грамадзкі транспарт;
- давесьці памер стыпэндый да мінімальнага спажывецкага бюджэту;
- даць 30% ільготы на лекі для старэйшых за 60 гадоў і для тых, каму прымаць лекі трэба пастаянна;
- спыніць практыку навязваньня лекаў беларускай вытворчасьці;
- увесьці суд прысяжных і сыстэму абраньня судзьдзяў усіх узроўняў;
- дазволіць паведамляльны прынцып рэгістрацыі прафсаюзаў;
- адмяніць аплату дзяржаўных паслуг падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў для прафсаюзаў і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў;
- увесьці адміністрацыйную адказнасьць за прымус да ўступленьня ў прафсаюзы і за дыскрымінацыю супрацоўнікаў па прыналежнасьці да прафсаюзаў;
- замацаваць у заканадаўстве паведамляльны прынцып пры правядзеньні забастовак;
- усталяваць празрыстую для платнікаў сыстэму падаткаабкладаньня, фармаваньня і расходаваньня бюджэтаў усіх узроўняў;
- адмяніць дарожны падатак;
- забясьпечыць рэалізацыю права на зьмяняльнасьць і падсправаздачнасьць улады шляхам «свабодных і кантраляваных грамадзкасьцю выбараў»;
- абараніць незалежнасьць Беларусі — не дапускаць небясьпечных для сувэрэнітэту інтэграцыйных працэсаў, а таксама ўзмацненьня палітычнай, эканамічнай і вайсковай залежнасьці ад іншых дзяржаў.
Аўтары плятформы заяўляюць, што пералік патрабаваньняў можа дапоўніцца ў пэрспэктыве.
А то што?
РЭП ня будзе змагацца за акрэсьленыя патрабаваньні, сказаў Фядыніч.
«Безумоўна, разьлічваць, што нейкая структура — РЭП ці нейкая партыя — возьме на сябе гэтыя патрабаваньні і будзе змагацца за іх, няма сэнсу. Але мы падрыхтавалі гэтую плятформу для таго, каб зьвярнуцца да грамадзтва. Калі грамадзтва захоча, каб яго правы ў Беларусі забясьпечваліся, ёсьць шанец абʼяднаць людзей і паступова на практыцы рабіць сваё жыцьцё лепшым», — растлумачыў Фядыніч.
Плятформу апублікуюць на сайце прафсаюзу ў сацсетках і мэсэнджэрах, пад плятформай будуць зьбіраць электронныя подпісы. У працоўных калектывах яе будуць распаўсюджваць валянтэры РЭП. Англамоўную вэрсію дакумэнту накіруюць у замежныя амбасады, структуры Эўразьвязу і Міжнародную арганізацыю працы.