Яны — абвінавачаныя ў справе аб спробе замаху на Аляксандра Лукашэнку і яго родных. Супраць іх завялі крымінальную справу паводле артыкула 357 КК «Змова, альбо іншыя дзеяньні, накіраваныя на захоп улады». Вязьням пагражае ад 8 да 12 гадоў няволі.
Ці хутка справу перададуць у суд? Якія іншыя навіны прыходзяць з ізалятару? Свабода пацікавілася пра гэта ў сваякоў і паплечнікаў затрыманых.
Кастусёва перавялі з мэдычнай часткі ў звычайную камэру
Лісты ад кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сталі вельмі кепска даходзіць адрасатам ад новага году. Суразмоўца Свабоды кажа, што за два месяцы 2022 году атрымаў ўсяго адну вестку ад палітыка, хаця раней ліставаньне было дастаткова рэгулярным.
Вядома, што Кастусёў мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Яшчэ ўвосень дактары яму сказалі, што існуе імавернасьць анкалягічнай хваробы. Пазьней дыягназ пацьвердзіўся — рак прастаты.
«У апошнім лісьце спадар Рыгор пісаў, што яго перавялі з турэмнага шпіталя ў звычайную камэру. Ён нават узрадваўся, пісаў, што тут ёсьць матрацы і прагулкі на паветры. Гэта вельмі дзіўна, няўжо ў мэдычнай частцы яго маглі трымаць без матраца», — расказаў чалавек, які лістуецца з палітыкам.
Суразмоўца адзначае, што тон лістоў лідэра БНФ ня самы аптымістычны, але так было ад моманту затрыманьня.
«Дактары пачалі знаёміць яго з вынікамі абсьледаваньняў, што праходзілі яшчэ летам. Рэкамэндуюць не рабіць апэрацыю. Ён піша, што ёсьць яшчэ адзін спосаб лячэньня, які менавіта — не ўдакладняе, але яго таксама не рэкамэндуюць».
Што да бытавых умоваў, то на «Валадарцы» Кастусёў пачуваецца лепей, чым у СІЗА КДБ, працягваюць суразмоўцы.
Ня так даўно Рыгора Кастусёва прызналі палітычным зьняволеным з прычыны хваробы. Астатнія фігуранты справы пакуль не прызнаныя палітвязьнямі. Магчыма, такое рашэньне прымуць пасьля суду, кажуць праваабаронцы.
Фядута чакае, калі аддадуць рукапіс
Жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко гаворыць, што апошнім часам зь СІЗА даходзіць ня вельмі шмат навінаў.
«Чакаюць канчатковага абвінавачаньня. Справу пакуль не давалі для азнаямленьня», — расказвае спадарыня Марына.
Аляксандр Фядута ўвосень адмаўляўся прымаць лекі ў знак пратэсту супраць таго, што ў яго забралі рукапіс з камэнтарамі да раману Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
«Прыём лекаў аднавіў. Абяцаюць, што рукапіс аддадуць разам з матэрыяламі справы. На Новы год напісаў на ўсіх сукамэрнікаў — 15 чалавек — эпіграмы. Кажа, што ўсе сябе пазналі. Цяпер чытае апавяданьні японскага аўтара Руноскэ Акутагавы, зьбіраецца чытаць Штэфана Цвайга», — працягвае жонка.
Аляксандар Фядута не забываецца за кратамі і наа рамантыку: на паштоўках з выявамі вожыкаў піша Марыне Шыбко лірычныя вершыкі.
«По тропинке, листвою шурша,
Пробирались домой два ежа.
Я признаюсь, что эти ежи
Были очень собой хороши.
Что приятнее для ушей,
Чем шуршание этих ежей?
И целует их в лапки и нос
В них тихонько влюбленный барбос.
Так атрымалася, што ў нас у хаце я вожык, а Саша — сабака. Вожыкі ў нас з усіх канцоў сьвету», — кажа Марына Шыбко.
Пра здароўе Аляксандра Фядуты надта добрых навін няма.
«Ратавалі яго, ставілі кропельніцы, рабілі іньекцыі. Яго мучыць арытмія і падагра. Сукамэрнікі пры патрэбе дапамагаюць хадзіць, цяпер пачуваецца ўжо лепей», — працягвае жонка.
Сваякі Зянковіча захоўваюць маўчаньне
Што да Юрася Зянковіча, то ягоныя сваякі захоўваюць маўчаньне наконт справы. Паплечнікі з Партыі БНФ таксама кажуць, што даўно не атрымлівалі ніякіх вестак пра яго.
Зянковіч — грамадзянін ЗША. Яго затрымалі ў Маскве. Амэрыканскае пасольства ў Менску сочыць за справай, расказалі аднапартыйцы.
Таксама ў рамках крымінальнай справы затрымалі людзей, блізкіх да Зянковіча. Вольга Галубовіч, у мінулым незалежная дэпутатка Сьвіслацкага пасялковага савету, займалася справамі менскага офісу кампаніі Юрася Зянковіча. У Беларусі Зянковіч надаваў паслугі дапамогі ў міграцыі ў ЗША. Сваякі Галубовіч адмаўляюцца гаварыць з прэсай.
Пяты затрыманы — дальнабойнік зь мястэчка Нарач Дзяніс Краўчук. Вядома, што нейкі час Дзяніс глядзеў хату Зянковіча ў Мядзельскім раёне.
«У лістах на волю Дзяніс піша, што, магчыма, справу ў сакавіку перададуць у суд. Але нядаўна былі нейкія сьледчыя дзеяньні. Калі Дзяніса перавялі на „Валадарку“, то ў найлепшым разе маем адзін ліст у месяц», — сказалі сваякі.
Таксама Дзяніс піша, што ад Новага году ў камэрах паболела «палітычных», стаўленьне адміністацыі да вязьняў пагоршала.
«З сукамэрнікамі ў яго адносіны нармальныя. Што тычыцца ежы, то ў „Амэрыканцы“ нібыта былі лепшыя ўмовы», — расказалі Дзянісавы сваякі.
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.