Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нябачная катастрофа. Чаму ў гуманітарнай дапамозе для Ўкраіны павінна быць экстранная кантрацэпцыя


Усё часьцей я чую ад актывістак гісторыі, як жанчын ва Ўкраіне гвалцяць вайскоўцы-акупанты. Па кроплі гэтая інфармацыя трапляе і ў СМІ — украінская пракуратура вызначыла асобу расейскага вайскоўца, якога падазраюць у згвалтаваньні, СБУ публікуе аўдыё размовы расейскага вайскоўца, дзе ён расказвае, што ягоныя калегі згвалтавалі жанчыну і 16-гадовую дзяўчыну.

Праваабарончая арганізацыя La Strada Ukraine пацьвярджае, што да яе зьвяртаюцца пацярпелыя. Яна, сярод іншага, стварыла памятку з тлумачэньнямі, як задакумэнтаваць сэксуальны гвалт, зьвязаны з вайной.

Кіраўніца пастаяннай дэлегацыі Ўкраіны пры Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Марыя Мезенцава таксама заяўляе пра такія сэксуальныя злачынствы і падкрэсьлівае, што часьцей за ўсё гаворка ідзе пра пацярпелых жанчын, якія ня могуць выбрацца з акупаваных і заблякаваных тэрыторый. І пра большасьць выпадкаў мы пакуль што ня ведаем. У адрозьненьне ад Мезенцавай, я настроена пэсымістычна і думаю, што пра большасьць гісторый мы ніколі і не пачуем.

Хтосьці пасаромеецца расказваць, хтосьці пабаіцца абвінавачаньняў у стварэньні фэйкаў. Некаторыя жанчыны пойдуць у дэструктыўныя сэкты, яшчэ пэўны працэнт захварэе на алькагалізм і з часам страціць сваю асобу. Будуць і тыя, хто скончыць самагубствам. І ўжо, імаверна, ёсьць тыя, што загінулі пры згвалтаваньні альбо пасьля яго.

Апублічаныя гісторыі, як гэта звычайна і бывае, аўдыторыя дэталёва праінспэктуе: а ці дакладна жанчыны гэта не прыдумалі? Хтосьці зробіць гэта па інэрцыі (у згвалтаваньнях прынята сумнявацца), хтосьці не захоча верыць у рэальнасьць, дзе мужчыны масава гвалцяць жанчын і не нясуць за гэта ніякай адказнасьці.

Але згвалтаваньні вайскоўцамі — гэта злачынства, распаўсюджанае на ўсіх войнах, і няма ніводнай прычыны, чаму б цяперашняя вайна стала выключэньнем. Акрамя саміх згвалтаваньняў, ёсьць і іншая заканамернасьць — замоўчваньне гэтай катастрофы, якое толькі пагаршае наступствы. Трэба разумець, што пацярпелых ужо шмат, а будзе яшчэ больш, і што тым зь іх, якія выжывуць, трэба будзе дапамога і рэабілітацыя. Каб было менш уцёкаў ад рэальнасьці і менш самагубстваў.

Ужо цяпер гэтым жанчынам трэба псыхалягічная і мэдычная дапамога — прафіляктыка і тэсты на ВІЧ і іншыя палавыя хваробы, а ў выпадку цяжарнасьці — доступ да мэдыкамэнтознага і іншых спосабаў перарываньня. Калі гэта ўсё не арганізоўваць, жанчыны будуць спрабаваць рабіць аборты ў хатніх умовах, чым будуць сябе калечыць і часам забіваць. Забойствы нованароджаных таксама будуць.

Нельга рабіць выгляд, што гэтых згвалтаваньняў не адбываецца. Нельга ўгаворваць сябе, што неяк мала пацьверджаньняў і пацьверджаньні яшчэ нейкія не такія — а раптам гэта дэзынфармацыя ад расейцаў, каб нас запалохаць, а раптам гэта дэзынфармацыя ўкраінцаў, каб ачарніць расейцаў.

Жанчын гвалцяць. Гэта рэальнасьць.

Калі будзеце зьбіраць гуманітарную дапамогу ва Ўкраіну, дадавайце ў сьпіс пастынор і эскапэль. Украінкам цяпер вельмі трэба экстранная кантрацэпцыя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG