Міністэрства замежных справаў Беларусі сёньня ў акаўнце у Фэйсбуку апублікавала некалькі цытатаў з выступу міністра Ўладзіміра Макея на прэзэнтацыі кнігі Ўладзіміра Ліхадзедава «Адзінства непераможнага народу» з нагоды афіцыйнага Дня адзінства народаў Беларусі і Расеі:
Беларусь і Расея засталіся практычна сам на сам з тымі, хто спрабуе накінуць ім сваю волю. Мне асабіста дзіўна назіраць, як у цяжкую для сябе хвіліну частка непераможнага савецкага народу зьвяртаецца па дапамогу да Расеі і Беларусі, і мы аказваем ім гэтую дапамогу. А ў цяжкую для Беларусі і Расеі хвіліну гэтая частка непераможнага народу заяўляе, што ня будзе «у адным кошыку» зь Беларусьсю і Расеяй.
Ведаеце, калі ўжо быць пакараным сьмерцю, не памятаю, хто гэта сказаў, то лепш быць пакараным за вернасьць, чым за здраду.
У студзені сёлета сілы краінаў АДКБ, у тым ліку Беларусі і Расеі, правялі ў Казахстане вайсковую апэрацыю па здушэньні пратэстаў і беспарадкаў.
Сёньня намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану Цімур Сулейменаў заявіў, што Казахстан ня будзе дапамагаць Расеі абыходзіць санкцыі.
«Казахстан не зьяўляецца часткай гэтага канфлікту. Так, мы зьяўляемся часткай Эўразійскага эканамічнага саюзу, але мы незалежная дзяржава са сваёй сыстэмай, і мы будзем выконваць абмежаваньні, накладзеныя на Расею і Беларусь. Мы не хочам апынуцца ў адным кошыку і не будзем рызыкаваць», – сказаў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану.