Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З-пад плітаў тырчалі рукі і ногі». Сьведкі блякаднага Марыюпалю расказалі, як змаглі ўратавацца з падарванага тэатру


Пашкоджаныя дамы ў Марыюпалі, 3 красавіка 2022 году
Пашкоджаныя дамы ў Марыюпалі, 3 красавіка 2022 году

Марыюпальская гарадзкая рада апублікавала відэазапіс з інтэрвію жыхароў гораду, якім удалося выратавацца з-пад завалаў падарванага расейцамі драматычнага тэатру.

Сьведкі кажуць, што гарадзкі тэатар выглядаў найбольш бясьпечным месцам у Марыюпалі, таму туды кожны дзень прыходзіла ўсё больш і больш мясцовых грамадзян. Ежу гатавалі на палявой кухні перад тэатрам. Напярэдадні 16 сакавіка, калі расейцы разбамбілі тэатар, у ягоным бомбасховішчы не было вольных месцаў, а людзі разьмяшчаліся ў зале, грымёрках і іншых памяшканьнях тэатру.

«Я раскапала сваю дачку ў каменьні»

Вікторыя Дубавіцкая разам з дваімі сваімі дзецьмі ў момант бамбаваньня знаходзілася ў пражэктарным пакоі тэатру. Як яна паведаміла «BBC News Україна», выбуховая хваля была настолькі моцнай, што яе падкінула і ўдарыла аб сьцяну. Другая сьцяна, якая аддзяляла пражэктарны пакой ад канцэртнай залі, была разбураная. Ейную двухгадовую дачку Насту засыпалі камяні.

«Пасьля выбуху чуліся крыкі і стогны, а маё дзіця маўчала. І гэта было самае страшнае. Толькі потым я пачула яе голас. Яна клікала „Матуся!“», — расказала Вікторыя Дубавіцкая.

Паводле яе, удар па дачцэ зьмякчылі коўдры, пад якімі тая знаходзілася ў момант удару. Вікторыя змагла сама раскапаць дачку ў каменьні — яна была жывой.

«Яны згарэлі там жыўцом»

Ірына Хаджава 16 сакавіка ў Марыюпальскім драматычным тэатры страціла сына, нявестку і ўнучку.

Сын гатаваў на вуліцы. Палявая кухня знаходзілася справа ад цэнтральнага ўваходу. Там стаяў вялікі кацёл, палілі вогнішча, на якім ежу гатавалі для ўсіх. Прыходзілі нават людзі з суседніх дамоў.

Па словах сьведак, у момант выбуху ля кухні ў чарзе па гарачую ваду стаялі некалькі дзясяткаў чалавек, усе яны загінулі. Іх «накрыла» сьцяной тэатра. Ад палявой кухні нічога не засталося.

Ірына Хаджава кажа, што яе нявестка разам з дзьвюма дочкамі знаходзіліся на другім паверсе тэатру. На іх абрынуўся трэці паверх. З-пад завалаў выйшла толькі старэйшая ўнучка жанчыны, 10-гадовая Лера. Дзяўчынка расказала, што чула, як пад камянямі кашляла ейная сястра Караліна, якой было 2 гады і 7 месяцаў.

«Я крычала, прасіла дапамагчы іх выцягнуць, але ўсё марна. Мне сказалі, што ўсё... Яны там згарэлі жыўцом», — кажа Ірына і плача.

Людзі былі паўсюль

Марыюпаль, 30 сакавіка 2022 году
Марыюпаль, 30 сакавіка 2022 году

Вікторыя Дубавіцкая правяла ў драматычным тэатры амаль два тыдні. Спачатку яе сям’я жыла на першым паверсе каля калёнаў. Спалі на крэслах. Потым заслалі падлогу дошкамі, пасьцялілі на іх фіранкі і такім чынам уладкавалі сабе спальныя месцы.

«У калідоры было холадна, а ў канцэртнай залі цяплей. Туды хацелі трапіць больш людзей. Менавіта туды і пацэліла бомба», — успамінае жанчына.

Пра велізарную колькасьць людзей у тэатры расказала і Марыя Кутнякова. Яна прыйшла ў тэатар на досьвітку 16 сакавіка разам з маці і сястрой пасьля таго, як іхны дом абстралялі з «Градаў». Ежа закончылася, у двары хавалі суседзяў. Тэатар быў апошняй надзеяй. Яны верылі, што там можна схавацца.

Каб знайсьці месца, Марыя прайшла па тэатры зь ліхтарыкам. «Людзі былі паўсюль — на сцэне, у залі, на падлозе ва ўсіх пакоях і ў калідорах. Знайсьці месца было вельмі цяжка. У бамбасховішчы ўсе проста не зьмяшчаліся».

«Людзі крычалі. Гэта быў хаос»

Марыюпаль, 25 сакавіка 2022 году
Марыюпаль, 25 сакавіка 2022 году

Калі Вікторыя Дубавіцкая зь дзецьмі выбіралася з развалін, яна бачыла шмат параненых і забітых.

«Людзі крычалі. Гэта быў хаос. Параненых было шмат, але я нічым не магла ім дапамагчы. Мне трэба было выцягнуць траіх дзяцей — дваіх сваіх і яшчэ аднаго суседзкага хлопчыка, які зайшоў да нас перад выбухам», — паведаміла яна.

Марыя Кутнякова выйшла з тэатру на 15 хвілін, каб наведаць дзядзьку, які жыве ў суседнім доме. Калі яна вярнулася, тэатар быў у руінах. «Спачатку я не зразумела, што здарылася. Я бачыла сьцяну тэатру ў тумане, паламаныя дрэвы навокал, а на зямлі пад нагамі валяліся ярка-чырвоныя кавалкі. Гэта быў дах тэатру. Мая першая думка была: „Што з роднымі?“».

Марыя Кутнякова расказала пра жахлівую карціну, якую пабачыла ў тэатры — на зямлі ляжала дзяўчына з разьбітай галавой і прасіла вады, маленькі хлопчык плакаў і клікаў маці, хтосьці быў паранены, хтосьці закрыты гіпсам; мёртвыя, шмат целаў.

Калі праз калідор яна ўвайшла ў канцэртную залю, то ўбачыла неба. На зямлі сярод каменьня і целаў ляжала жырандоля. Столь упала проста на людзей у залі. Яна хадзіла і клікала па імёнах сваіх маці і сястру. Іх яна знайшла на лесьвіцы, што вяла ў бамбасховішча.

Марыюпаль, 3 красавіка 2022 году
Марыюпаль, 3 красавіка 2022 году

«Мы толькі знайшліся, і тут чуем крыкі, што тэатар гарыць і трэба ўцякаць. Мы ледзьве выбраліся. Па дарозе я выцягнула нейкага маленькага хлопчыка, які крычаў, што ягоную маму завуць Надзя. Мы тады яго аддалі знаёмым ягонай маці».

Марыя кажа, што, калі выходзілі, ім крычалі, каб не азіраліся і закрывалі дзецям вочы. Вакол былі трупы, часткі целаў. Паводле яе, з тэатру выйшлі каля 200 чалавек. Спачатку людзі спрабавалі разьбіраць завалы, але пачаўся пажар і потым новы абстрэл.

Толькі празь дзевяць дзён пасьля трагедыі гарадзкая рада паведаміла прыблізную колькасьць ахвяр выбуху — 300 чалавек. Гэтыя дадзеныя мэрыя атрымала ад відавочцаў. Але дакладную колькасьць загінулых ні ў тэатры, ні ва ўсім горадзе пакуль немагчыма падлічыць, бо там дагэтуль працягваюцца баі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG