Галоўнае на гэты момант
- У Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях украінскае войска выйшла на межы зь Беларусьсю, расейцы адступілі.
- Украінская армія вядзе баі за вызваленьне Херсоншчыны.
- Расейцы ўдарылі па нафтабазе ў Днепрапятроўскай вобласьці, яна згарэла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 7 красавіка
Расейцы ранкам 7 красавіка атакуюць па чатырох кірунках
Расейскія войскі працягваюць актыўныя баявыя дзеяньні ў Слабажанскім, Данецкім, Паўднёвабускім і Таўрыйскім раёнах, паведамілі раніцай 7 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.
Паводле паведамленьня:
- На Слабажанскім кірунку працягваецца блякада Харкава і артылерыйскія абстрэлы;
- На Данецкім і Таўрыйскім кірунках — абстрэл з артылерыі Папасной для аднаўленьня наступу на Рубежнае, Ніжнае і Навабахмутаўку. Спроба прарваць абарону Ўзброеных сіл у раёне Наватошкаўскага ня мела посьпеху.
- На паўднёвабускім кірунку расейскія войскі працягваюць праводзіць жорсткія фільтрацыйныя мерапрыемствы на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласьці.
Ва Ўкраіне ад расейскай агрэсіі з 24 лютага пацярпелі 464 дзіцяці
Офіс генэральнрага пракурора Ўкраіны паведаміў, што ад пачатку расейскай агрэсіі загінулі 167 дзяцей і яшчэ 297 атрымалі раненьні.
Масавая эвакуацыя з усходу Ўкраіны
6 красавіка «Укрзалізниця» эвакуавала 14 тысяч чалавек з Лазавой, Краматорску, Славянску і Барвінкавага. Пра гэта заявіў старшыня праўленьня ўкраінскай чыгункі Аляксандар Камышын.
Прэм’ер Украіны: расейскія войскі пакінулі Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую вобласьці
Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас сёньняшняга брыфінгу заявіў, што расейскія войскі пакінулі тры вобласьці: Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую.
«Мы можам з упэўненасьцю сказаць, што чарговы этап нашай вызвольнай вайны завяршыўся перамогай Украіны. Пляны ворага зламаныя. Расейскія тэрарыстычныя войскі выбітыя з Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей. Але вайна далёкая аб свайго завяршэньня. Вораг не пакідае спробаў захапіць нашы землі на ўсходзе і на поўдні, працягвае наносіць ракетныя ўдары па ўсёй краіне», — сказаў Шмыгаль.
Мэр Бучы: 90% загінулых жыхароў горада былі застрэленыя
90% жыхароў, якія загінулі ў Бучы за час вайны, былі застрэленыя, сьцьвярджае мэр Бучы Анатоль Федарук у інтэрвію DW. Паводле яго, да 6 красавіка знойдзена 320 цел загінулых мірных жыхароў. «Практычна 90 адсоткаў — гэта кулявыя паразы, а не аскепкавыя».
Хведарук сказаў, што колькасьць знойдзеных целаў расьце з кожным днём, бо «іх выяўляюць у прыватных сядзібах, парках, сквэрах, дзе мелася магчымасьць, калі не было абстрэлаў, прыкопваць целы».
Генпракурор Украіны: у Барадзянцы ўжо знойдзеныя 26 загінулых, ёсьць зьвесткі аб згвалтаваньнях і катаваньнях
Пад заваламі двух жылых дамоў у Барадзянцы знойдзеныя ўжо 26 загінулых, піша Руская служба ВВС са спасылкай на паведамленьне генпракурора Ўкраіны Ірыны Венедыктавай у эфіры «Нацыянальнага тэлемаратону».
Таксама, паводле Венедыктавай, пракуроры выявілі факты сэксуальных злачынстваў і катаваньняў мірных жыхароў у пасёлку.
Як сьцьвярджае Венедыктава, прычына, па якой пасёлак аказаўся цалкам зьнішчаны, у тым, што 26-27 лютага нехта закідаў кактэйлямі Молатава першыя танкі расейцаў, якія заходзілі ў Барадзянку. У адказ расейскія вайскоўцы выклікалі авіяцыю, якая разбамбіла пасёлак.
Абстрэлы ў Рубежным, загарэліся два жылыя дамы
Два жылыя дамы загарэліся ў горадзе Рубежнае (Луганская вобласьць) пасьля абстрэлу расейскімі войскамі, яшчэ пад адным заваліла людзей. Пра гэта паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паводле яго, ратавальнікі апэратыўна вызвалілі людзей з-пад завалу. Усе жыхары жывыя.
Таксама ён расказаў, што раніцай 7 красавіка быў абстраляны горад Крамянная, у выніку чаго загінуў адзін чалавек.
Абстрэлы на Харкаўшчыне
7 красавіка ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў Харкава і раёну загінула жанчына, яшчэ 14 чалавек атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласьці Алег Сінягубаў.
7 красавіка па гуманітарных калідорах было эвакуявана 4676 чалавек
Як паведаміла віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук, за 7 красавіка эвакуявалі 4676 чалавек:
- з Марыюпаля і Бярдзянска ўласным транспартам і аўтобусамі ў Запарожжа выехалі 3256 чалавек (зь іх 1205 з Марыюпаля і 2050 жыхароў гарадоў Запароскай вобласьці: Палогі, Васільеўка, Бярдзянск і Мелітопаль).
- з гарадоў Лысічанск, Севераданецк, Рубежнае і Крэмінна Луганскай вобласьці эвакуявалі 1420 чалавек.
У Львове 7 красавіка пачалі ўсталёўваць першы кантэйнэрны гарадок для вымушаных перасяленцаў
Па словах мэра горада Андрэя Садовага, мястэчка будзе складацца з 70 жылых кантэйнэраў, у іх змогуць жыць больш за 350 чалавек. Усяго плянуецца стварыць некалькі такіх месцаў.
Офіс генпракурора Ўкраіны арыштаваў 17800 чыгуначных вагонаў зь Беларусі і Расеі
Арышт накладзены ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце наўмыснага ўхіленьня ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах (частка 3 артыкула 212 КК Украіны), паведамляецца на сайце ведамства. Па вэрсіі сьледзтва, на тэрыторыі Ўкраіны знаходзяцца вагоны, якія выкарыстоўваліся пры зьдзяйсьненьні злачынства ў сфэры гаспадарчай дзейнасьці і арыштаваныя судом як прылады злачынства.
«Вырашаецца пытаньне аб канфіскацыі арыштаваных вагонаў у даход дзяржавы. Дасудовае сьледзтва ідзе і ажыцьцяўляецца Бюро эканамічнай бясьпекі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Прэс-сакратар Пуціна прызнаў «значныя» страты расейскіх войскаў падчас вайны ва Ўкраіне
«Мы панесьлі значныя страты войскаў, гэта вялізная трагедыя для нас», — сказаў Дзьмітры Пяскоў у інтэрвію Sky News.
Уцекачы ад вайны
Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету. Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.
«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе ў найбліжэйшую амбасаду Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.
Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.
Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.
У той жа час украінскія СМІ паведамляюць, што пад Кіевам утварыліся аўтамабільныя заторы, тысячы людзей вяртаюцца ў горад пасьля таго, як Кіеўская вобласьць аказалася цалкам вызваленая ад расейскай акупацыі.
Што адбываецца ў Расеі
Intel пакідае Расею
Найбуйнейшы вытворца мікрапрацэсараў у сьвеце карпарацыя Intel заявіла, што неадкладна спыняе ўсе бізнэс-апэрацыі ў Расеі. У Расеі ў Intel 1,2 тысячы супрацоўнікаў.
«Intel працягвае разам з сусьветнай супольнасьцю асуджаць вайну Расеі супраць Украіны і заклікае да найхутчэйшага аднаўленьня міру. Мы неадкладна прыпынілі ўсе дзелавыя апэрацыі ў Расіі. Гэта наступны крок за нашым папярэднім рашэньнем прыпыніць усе пастаўкі кліентам у Расеі і Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска
Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым у леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне. У Крамлі абяцалі разабрацца.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
АГП прапануе беларусам правесьці акцыю супраць вайны ва Ўкраіне
Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе суграмадзянам накіраваць заяву ў дзяржаўныя органы з прапановай ініцыяваць пытаньне аб адпаведнасьці Канстытуцыі рашэньня ўладаў Беларусі аб вядзеньні агрэсіўнай вайны зь яе тэрыторыі.
«У вачах сусьветнай супольнасьці Беларусь — саўдзельніца агрэсіўнай вайны, за што ўжо пакараная ўведзенымі супраць яе санкцыямі. Беларусь усё больш становіцца краінай-ізгоем, а яе грамадзяне ўспрымаюцца нэгатыўна, як тыя, хто адказвае за дзеяньні свайго ўраду. Партыя прапануе задзейнічаць унутраныя мэханізмы ацэнкі дзеяньняў ураду», — гаворыцца ў заяве АГП.
Партыя прапануе кожнаму беларусу, арганізацыі і індывідуальнаму прадпрымальніку накіраваць заяву ў выглядзе электроннага ці пісьмовага звароту ў Палату прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны суд, Савет Міністраў.
Кіеў: Агрэсар перакідае верталёты і самалёты зь беларускіх аэрадромаў назад у Расею
Паводле зводкі ўкраінскага Генштабу за 5 красавіка, калёны ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі рухаюцца празь Беларусь у напрамку вакзалаў Гомель, Ельск і Мазыр для пагрузкі ў цягнікі. Значная частка самалётаў і верталётаў ВПС Расеі перадысьлякавалася з аэрадромаў Беларусі ў Расею.
Як рэагуе сьвет
ЗША адправілі Ўкраіне партыю ўдарных дронаў Switchblade і дадуць больш комплексаў Javelin
ЗША дадуць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу (супрацьтанкавыя сыстэмы Javelin) на $ 100 млн. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Энтані Блінкен. З 24 лютага ЗША далі Ўкраіне ваенную дапамогу на суму $1,7 млрд.
Таксама ЗША ўжо адправілі Ўкраіне партыю з 100 ударных дронаў Switchblade, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагона Джон Кірбі.
Эўразьвяз узгадніў пяты пакет санкцый супраць Расеі
Пакет уключае ў сябе поўнае эмбарга на імпарт расейскага вугалю. Таксама ў рамках новых абмежаваньняў Эўразьвяз уводзіць забарону на экспарт у Расею ўзбраеньняў. Гандлёвым суднам пад расейскім сьцягам забараняецца ўваходзіць у парты Эўразьвязу, а грузавому транспарту — уезд у ЭЗ.
Эўразьвяз выдзеліць яшчэ 500 млн эўра на ваеннае абсталяваньне для Ўкраіны
Пра гэта паведаміў 7 красавіка кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль.
Генэральная асамблея ААН прыпыніла ўдзел Расеі ў Радзе правоў чалавека
Рэзалюцыя была прынятая большасьцю галасоў: «за» прагаласавалі 93 краіны, «супраць» – 24, а яшчэ 58 краін устрымаліся.
Сэнат ЗША пазбавіў Расею і Беларусь статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі і ўхваліў забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў
Рашэньне Сэнату ЗША на практыцы дазваляе ўвесьці больш высокія тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін.
Латвія забараніла грамадзянам Расеі і Беларусі атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі. Эстонія будзе даваць ВНЖ толькі як выключэньне
Парлямэнт Латвіі 7 красавіка забараніў расейскім і беларускім грамадзянам атрымліваць від на жыхарства за інвэстыцыі ў эканоміку краіны. Папраўкі да закону «Аб іміграцыі» прынятыя аднагалосна.
Эстонія сьледам за Латвіяй перастала выдаваць новыя віды на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі. Падаўжэнне ранейшага віду на жыхарства магчымае, таксама ва ўказе прапісаны выключэньні для атрыманьня дакумэнтаў.
Малдова забараніла «георгіеўскую стужку» і сымболіку зь літарамі Z і V
Дэманстрацыя сьцягоў, літар, стужак і іншай атрыбутыкі пацягне за сабою штраф у памеры да 9000 леяў (450 эўра) для фізычных і да 18 000 леяў для юрыдычных асобаў.
Макрон: «Пасьля забойстваў у Бучы патрэбны новыя санкцыі»
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў 4 красавіка, што пасьля атрыманьня дакладных сьведчаньняў адказнасьці расейскіх войскаў за забойства мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Бучы патрэбна дадатковае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі.
«Тое, што адбылося ў Бучы, патрабуе новага раўнду санкцый і вельмі выразных захадаў», — сказаў Макрон радыё France Inter, паведамляе Reuters.
Новыя санкцыі павінны быць накіраваныя супраць вугальнай і нафтаздабыўной галінаў расейскай эканомікі, сказаў Макрон.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.