Затрыманьне ў Горадні
Раніцай 6 красавіка ў Горадні затрымалі 45-гадовую Іну Шырокую. Яе затрымалі дома. Міліцыянты сказалі, што яе забіраюць у менскі Сьледчы камітэт за «падзеі 2020 году». У жанчыны трое непаўналетніх дзяцей.
Пакуль ейны статус, артыкул і месцазнаходжаньне невядомыя.
Затрыманьне нібыта за рэгістрацыю ў «Перамозе»
Жыхара Віцебскай вобласьці затрымалі нібыта за рэгістрацыю ў чат-боце пляну «Перамога» і за тое, што ён быццам зьбіраўся ехаць ваяваць ва Ўкраіну, піша «Вясна». Імя мужчыны пакуль невядомае.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне Анатоля Міхайлава. Паведамляецца, што пасьля прагляду яго сацсетак супраць мужчыны распачалі крымінальныя справы адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 361-1, арт. 368, арт. 369 і арт. 361-3.
У Гомлі затрымалі актывіста Мікіту Сьлепянка
Мікіту Сьлепянка затрымалі 4 красавіка, паведамляе «Белсат» са спасылкай на знаёмых актывіста.
«Яму прыйшла позва ў суд быццам бы забраць тэлефон. Таксама прыходзілі да яго ў хату, каб высьветліць, чаму не зьявіўся ў суд. З гэтай прычыны ўчора яго выклікалі на размову ці на допыт. Ён казаў, што прыйдзе сам. Але сёньня ён даслаў паведамленьне, што яго забіраюць», – кажуць знаёмыя мужчыны.
У лютым Мікіта Сьлепянок адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту. Ён выйшаў на волю 23-га лютага.
Магілёўцу далі 3 гады калёніі за «ілжывае паведамленьне» і «абразу Лукашэнкі»
Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва 6 красавіка прысудзіў Ігару Гелахаву 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у заведама фальшывым паведамленьні аб небясьпецы (арт. 340 КК РБ) і абразе Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Mayday.
Згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 9 на 10 сьнежня 2021 году Гелахаў, будучы нападпітку, патэлефанаваў па нумары 101 і заявіў наступнае: «Майго брата ўзарвалі. Проста так Лукашэнка ўзарваў яго і абвінаваціў яго, што ён вінаваты, а я табе кажу, што я не вінаваты. І зараз ён, Аляксандар Рыгоравіч, вінаваты, у тым, што ня выплаціў грошы». Дыспэтчар Кацярына Азаранка, якая выступіла на судзе сьведкам, пацьвердзіла факт і зьмест званка:
«Казаў, што ён [Лукашэнка] дрэнны, пра нейкія выбухі, што ўзарвалі нешта, што ён сам вайсковец. Казаў, што ягонага брата ўзарвалі і што Лукашэнка ня выплаціў ніякіх грошай сваякам. Нібыта будзе размаўляць зь нейкім генэралам. Размова доўжылася хвіліны дзьве».
Пасьля званка ў 101 Ігар Гелахаў набраў па нумары 102, каб заявіць у міліцыю аб выбуху, які рыхтуецца ў сярэдняй школе № 18. Сам мужчына на судзе цалкам прызнаў сваю віну. Ён паведаміў, што 9 сьнежня выпіў «літар ці два гарэлкі, быў вельмі п’яны і цьмяна ўсё памятае».
«Лёг спаць, потым прачнуўся, была ноч, патэлефанаваў у 102 пагутарыць, проста пагутарыць. Сказаў, што школа замінаваная, хацеў праверыць, як працуюць супрацоўнікі міліцыі. Што было далей — ня памятаю. Праз 5 хвілін выйшаў паглядзець, упэўніцца, што супрацоўнікі міліцыі прыехалі да школы, але там нікога не было. Прыйшоў дадому, там мяне затрымалі і завялі крымінальную справу», — сказаў на судзе Гелахаў. З 24 лютага ён быў пад вартай.
Сілавікі паранілі і затрымалі некалькі «рэйкавых партызанаў»
МУС Беларусі паведаміла, што ў ноч на 30 сакавіка пры сілавой падтрымцы САХРу затрымалі трох жыхароў Бабруйску 27 і 28 гадоў, якія нібыта маюць дачыненьне да зьнішчэньня дзьвюх рэлейных шафаў сыгнальнай устаноўкі пад Асіповічамі.
У міністэрстве заявілі, што падчас затрыманьня яны «аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы», таму па іх адкрылі агонь на паражэньне. Адзін чалавек «паранены і знаходзіцца ў лячэбнай установе», іншым «аказаная мэддапамога на месцы».
Зьмітра Дашкевіча арыштавалі па крымінальнай справе
Яму інкрымінуюць ч.1 арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Супрацоўніка Баранавіцкага аддзяленьня чыгункі арыштавалі на 10 дзён
30 сакавіка быў затрыманы работнік Баранавіцкага аддзяленьня Беларускай чыгункі і адміністратар тэматычных рэсурсаў Беларускай чыгункі «ЎКантакце» і ў «Одноклассниках» Валянцін Самасюк. Праваабаронцам стала вядома, што яго арыштавалі на 10 дзён па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
У Гомлі на працы затрымалі мясцовую актывістку
6 красавіка на працоўным месцы была затрымана гомельская актывістка, шматдзетная маці Юля Ганісеўская, паведамляе «Гомельская Вясна». Цяпер у яе дома адбываецца вобшук. Жанчыну вінавацяць у экстрэмісцкіх камэнтарах і непадпарадкаваньні міліцыі.
Юлія брала ўдзел у зборы дапамогі для жыхароў памежных зь Беларусьсю ўкраінскіх вёсак.