У Менску затрымалі хворую на дыябэт пэнсіянэрку
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманьне ў Менску Ірыны Алябовіч. Яе затрымалі яшчэ 28 сакавіка.
Да жанчыны прыйшлі зь ператрусам два міліцыянты, узялі тэлефон, спраўдзілі подпіс у Telegram, пасьля гэтага паказалі сваю раздрукоўку зь ейным «нікам» і камэнтаром і затрымалі. Затым Ірыну перавялі ў ізалятар у Жодзіне.
Жанчына мае праблемы зь ціскам і цукровы дыябэт, але ёй не аказваюць неабходнай мэдычнай дапамогі за кратамі — дапамогі ад турэмнага доктара яна атрымаць ня можа.
Былога палітвязьня Банцэра зноў зьбіраюцца судзіць
Вядомага музыку, лідэра гурту Mister X, былога палітвязьня Ігара Банцэра зноў будуць судзіць. На гэты раз — за камунальныя паслугі, якія ён мусіў заплаціць, калі знаходзіўся на «хіміі».
Запазычанасьць склала 81,66 рубля; акрамя таго, патрабуецца заплаціць яшчэ і пеню ў 64 рублі. Сам Банцэр плаціць ня хоча, бо са 130 дзён ён правёў 82 дні ў ШЫЗА, піша «Белсат».
Актывіст руху «За свабоду» заявіў пра катаваньні ў Пінскім СІЗА
Праваабаронцу і актывіста руху «За свабоду» Алеся Рамановіча затрымалі падчас прагулкі па цэнтры Пінску з нагрудным знакам «Пагоня», паведамляе «Мэдыя Палесьсе». У мясцовым ізалятары Рамановіча аднаго зьмясьцілі ў пяцімясцовую камэру і стварылі амаль невыносныя ўмовы: катавалі недасыпаньнем, холадам, адмаўляліся вадзіць у прыбіральню.
«Мяне хацелі запалохаць, давесьці, каб я звар’яцеў. Яны стварылі камэру катаваньняў, проста не прымянялі фізычнай сілы», — падзяліўся Рамановіч.
У выніку справу Алеся адправілі на дапрацоўку. Цяпер праваабаронца на волі, але ў яго канфіскавалі тэлефон.
Чатыры гады «хатняй хіміі» прысудзілі жыхарцы Полацкага раёну за абразу Лукашэнкі
У судзе Полацка і Полацкага раён 4 красавіка вынесьлі прысуд жыхарцы вёскі Дуброўны Любові Цьвярдовай, піша «Вясна». 60-гадовую жанчыну абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» (па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
На сваёй старонцы ў «Одноклассниках» жанчына пакінула паведамленьне, «якое мае нэгатыўную ацэнку прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» («фашыст»), напісала камэнтар са словамі («Усе фашысты»)«. Таксама яна пакінула камэнтар «фашыст» у адным з тэлеграм-каналаў пад пастом з фатаздымкам Лукашэнкі.
Судзьдзя Віктар Баліка прысудзіў Любові Цьвярдовай чатыры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу і штраф у памеры 3 200 рублёў.
Мужчыну судзілі за абразу прэзыдэнта ў 2020 годзе, а прызначылі 2,5 гады «хіміі» па новай рэдакцыі кодэксу
У судзе Ашмянскага раёна вынесены прысуд у дачыненьні да Ягора Багдзевіча, якога вінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу, паведамляе«Вясна».
Паводле абвінавачваньня, Ягор з дапамогай спэцыяльнай праграмы зрабіў 10 ролікаў з урыўкамі з фільмаў і музычных кліпаў працягласьцю да 10 сэкундаў, у якіх твар кінагероя ці сьпявачкі мяняў на твар Лукашэнкі. Ён разьмясьціў ролікі ў гарадзкой групе ў тэлеграме.
Варта адзначыць, што ўчынак, які ставіцца ў віну Ягору, быў зьдзейсьнены да ўступленьня ў сілу зьменаў у Крымінальны кодэкс. Паводле папярэдняй рэдакцыі кодэксу, яму па ч. 1 арт. 368 КК ня можа быць прызначана больш за два гады абмежаваньня ці пазбаўленьня волі. Аднак судзьдзя Віталь Казакевіч прызначыў Багдзевічу 2,5 года «хіміі».
Сябра БСДП з Чэрыкава аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
5 красавіка Чэрыкаўскі раённы суд разгледзеў справу сябра БСДП і пастара пратэстанцкай царквы Рамана Раждзественскага. Яго судзілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпост з «экстрэмісцкага» канала і «лайк» у фэйсбуку пад пастом ад 2020 году. Суд прызнаў Рамана вінаватым і аштрафаваў на 640 рублёў (20 базавых велічыняў).
У Менску затрымалі супрацоўніка «Белтэлекаму»
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што Алег Касьпяровіч быў затрыманы адразу пасьля прылёту з адпачынку з ААЭ за «насаджэньне пратэстных ідэй і рэпосты з рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі ў карпаратыўным тэлеграм-чаце прадпрыемства».
Пасьля затрыманьня сілавікі знайшлі ў яго тэлефоне фатаздымкі з акцый пратэсту ў 2020 годзе. Яму інкрымінуецца арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя групавых дзеяньняў, груба парушаюць грамадзкі парадак і падрыхтоўка альбо навучаньне такой дзейнасьці).
У Гомлі затрымалі дзяўчыну, якая пакінула на машыне праўладнага блогера запіску «Русский военный корабль иди *****»
3 красавіка праўладны блогер Катляроў паскардзіўся на дзьвюх дзяўчат, якія пакінулі пад дворнікам яго машыны антываеннае пасланьне. Іх зьняў відэарэгістратар.
Сёньня на праўладных каналах зьявілася відэа з затрыманай Дар’яй Чуравай, якая «прызнаецца» ў тым, што раздрукавала ўлёткі дома, а потым расклейвала і раскладвала іх па машынах на паркоўцы, паведамляе @mediazona_by.
Яўген Катляроў — гомельскі праўладны блогер, які выступаў на судзе супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Як потым пісаў Леанід, «...адкуль мне было ведаць, што 19 студзеня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ІЧУ і не была яшчэ заведзеная справа, у СК супраць мяне даў паказаньні Какойта (Яўген Катляроў, — ад рэд.), які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомлі. Гэтыя ягоныя паказаньні чалавек у мантыі судзьдзі паклаў у аснову абвінавачаньня ў прысудзе».
Затрыманьне ў Рудзенску за камэнтар 2020 году ў сацсетках
У Рудзенску ў сябе дома пасьля ператрусу быў затрыманы 51-гадовы Аляксандар Мурашка. Прычынай затрыманьня стаў камэнтар у чаце чыгуначнікаў у 2020 годзе. Працэсуальны статус і месцазнаходжаньне Аляксандра пакуль невядомыя, паведамляе «Вясна».
У Менску затрымалі 55-гадовую Ірыну Сташкевіч
Яе тройчы судзілі па арт. 369 Крымінальнага кодэксу за абразы міліцыянтаў, піша «Вясна». Апошні раз яе асудзілі ў канцы сакавіка — тады ей прысудзілі тры гады «хатняй хіміі».
Прычына затрыманьня пакуль невядомая. Вядома толькі, што сёньня мусіў адбыцца суд у судзе Цэнральнага раёну Менску.
Мінінфарм заблякаваў сайт праваабарончай арганізацыі
Міністэрства інфармацыі заблякавала сайт міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, паведамляе Генпракуратура Беларусі. Зроблена гэта паводле пастановы пракурора горада Менску.