Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі за Херсоншчыну, абстрэл нафтабазы ля Дніпра. 42-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Украінскі сьцяг над вызваленым горадам Барадзянкай Кіеўскай вобласьці, красавік 2022
Украінскі сьцяг над вызваленым горадам Барадзянкай Кіеўскай вобласьці, красавік 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях украінскае войска выйшла на межы зь Беларусьсю, расейцы адступілі.
  • Украінская армія вядзе баі за вызваленьне Херсоншчыны.
  • Расейцы ўдарылі па нафтабазе ў Днепрапятроўскай вобласьці, яна згарэла.
  • Паводле ўкраінскага Генштабу, расейцы актывізуюць наступ у Луганскай і Данецкай абласьцях і перакідаюць туды войскі.
  • У Рубежным Луганскай вобласьці расейскія войскі ракетай падарвалі цыстэрну з азотам.
  • Расейцы падстрэлілі замежны цывільны карабель у порце Марыюпалю.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.


Што адбываецца 6 красавіка

Баі на Херсоншчыне, украінцы вызваляюць мясцовасьць

У Херсонскай вобласьці Ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі населеныя пункты Дабранка, Новавазьнянскае і Трудалюбаўка, пра гэта паведаміў Генштаб Узброеных сіл. У раёне Аляксандраўкі працягваюцца баі.

Брытанская выведка: Расея працягвае блякаваць Марыюпаль

Паводле дадзеных брытанскай выведкі, у горадзе на поўдні Ўкраіны, які застаецца ў аблозе расейскіх войскаў, але не здаецца, павялічваюцца маштабы гуманітарнага крызісу. Няма сьвятла, ацяпленьня, сувязі і вады. А між тым у горадзе застаюцца 160 тысяч жыхароў. Доступ да гуманітарнай дапамогі расейскія войскі працягваюць блякаваць. Вакол гораду ідуць баі, расейцы не спыняюць атак на Марыюпаль сваёй авіяцыяй.

Расейцы ўдарылі па нафтабазе пад Дніпром, яна згарэла

У ноч на 6 красавіка ў Днепрапятроўскай вобласьці расейцы з паветра нанесьлі ўдары па заводзе і нафтабазе. Пацярпелыя ёсьць, іх колькасьць пакуль невядомая. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

У выніку авіяўдару зьнішчана нафтабаза з палівам. Па стане на раніцу на прадпрыемстве ратавальнікі яшчэ тушаць полымя. Быў моцны агонь, гарэла паліва.

Дніпро праз сваё геаграфічнае разьмяшчэньне знаходзіцца паміж трыма франтамі: поўдзень Азоўскага мора, Харкаўскі напрамак і Данбас. У цяперашні час горад — транзытны вузел, празь які праходзяць эвакуаваныя. Толькі па чыгунцы з гораду выехалі больш за 200 тысяч чалавек.

У Львоўскай вобласьці 5 красавіка сілы СПА зьбілі дзьве ракеты

Пра гэта паведаміў кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі. Позна ўвечары 5 красавіка ў горадзе Радэхаў Львоўскай вобласьці сілы Войскаў супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьбілі дзьве ракеты, абломкі ўпалі на цывільны нядзейны аб‘ект.

Паводле Казіцкага, ахвяр няма — людзей на тым аб’екце не было. 26 сакавіка расейская ракета разбурыла нафтабазу ў Львове.

ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі ня менш як 1563 мірныя жыхары

Паводле зьвестак Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека на 5 красавіка, ва Ўкраіне з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў загінулі ня менш за 1563 мірныя жыхары, яшчэ 2213 былі параненыя.

У ААН адзначаюць, што фактычныя лічбы значна вышэйшыя, бо атрыманьне інфармацыі зь некаторых месцаў, дзе вяліся інтэнсіўныя баявыя дзеяньні, затрымліваецца, а многія паведамленьні ўсё яшчэ чакаюць пацьверджаньня.

Кіраўнік Луганскай АВА паведамляе пра моцныя абстрэлы гарадоў Луганскай вобласьці, падкантрольных Украіне

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай паведаміў, што падкантрольныя Ўкраіне гарады Луганскай вобласьці знаходзяцца пад інтэнсіўнымі абстрэламі. Па словах Гайдая, у горадзе Рубежнае загінуў адзін чалавек, яшчэ адзін паранены. У Севераданецку разбураны каля 10 шматпавярховікаў, ёсьць параненыя валянтэры, а з Папаснай з прычыны абстрэлаў не змаглі эвакуаваць насельніцтва.

У Кіеве з пачатку вайны загінулі 89 мірных жыхароў, 398 атрымалі раненьні

У Кіеве з пачатку вайны загінулі 89 мірных жыхароў, чацьвёра зь іх — дзеці. За гэты ж час раненьні атрымалі 398 чалавек, сярод якіх 20 дзяцей. Такую статыстыку прыводзіць гарадзкая адміністрацыя.

Паводле зьвестак адміністрацыі гораду, з 24 лютага пашкоджаныя 167 жылых дамоў, 44 школы, 26 дзіцячых садоў і адзін дзіцячы дом. Пацярпелі 11 адміністрацыйных будынкаў, два спартыўныя аб’екты, пяць абʼектаў сацыяльнай сфэры, 17 — аховы здароўя, 10 — культурнай сфэры і 48 абʼектаў транспартнай інфраструктуры.

У Марыюпалі за месяц блякады загінулі 5 тысяч чалавек, — мэр гораду

Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка падчас круглага стала 6 красавіка заявіў, што горад амаль цалкам разбураны расейскімі войскамі. Паводле яго, больш за 90% гарадзкой інфраструктуры зьнішчана. Зь іх сама меней 40% ужо не падлягае аднаўленьню.

Аднак галоўнае злачынства — тысячы забітых мірных жыхароў. «Толькі паводле папярэдніх ацэнак, у Марыюпалі за месяц блякады загінулі 5 тысяч чалавек, зь якіх прыкладна 210 — дзеці», — сказаў Бойчанка.

«Расейскія тэрарыстычныя войскі скінулі некалькі звышмагутных бомбаў на дзіцячую бальніцу, зьнішчылі адзін з карпусоў гарадзкой бальніцы № 1. Жыўцом згарэла амаль 50 чалавек. Разбамбілі драматычны тэатар, дзе да таго часу ад абстрэлаў хавалася больш за 900 чалавек», — адзначыў мэр.

Улады Ўкраіны заклікаюць жыхароў Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласьцей эвакуавацца

Віцэ-прэмʼер-міністар Украіны Ірына Верашчук падчас тэлемаратону зьвярнулася да жыхароў Данецкай, Луганскай абласьцей і часткі Харкаўскай вобласьці і заклікала іх эвакуавацца як мага хутчэй, каб не рабіць гэтага пазьней «пад агнём і пагрозай гібелі».

Па словах Верашчук, ва Ўкраіне чакаюць абвастрэньня ваеннай актыўнасьці з боку расейскіх войскаў, у сувязі з чым кіраўнікі абласных Луганскай, Данецкай і Харкаўскай адміністрацый робяць усё для таго, каб жыхары мелі магчымасьць бясьпечна пакінуць межы абласьцей.

Вуглядар абстралялі падчас раздачы гуманітарнай дапамогі, два чалавекі загінулі

У Вуглядары двое загінулі і пяцёра параненыя ў выніку абстрэлу расейскімі вайскоўцамі пункту раздачы гуманітарнай дапамогі, паведаміў кіраўнік Данецкай вайсковай адміністрацыі Павал Кірыленка.

За апошнія суткі пад заваламі ў Барадзянцы знайшлі 14 загінулых

Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на выканаўцу абавязкаў старшыні Барадзянскай пасялковай рады Георгія Ярко. Паводле яго, у Барадзянцы (Бучанскі раён, Кіеўская вобласьць) разбураныя ўсе дамы, якія разьмяшчаліся ўздоўж дарогі. Цяпер ідуць працы па аднаўленьні пасёлка, але Ярко лічыць, што вяртацца ў Барадзянку яшчэ рана.

«Пасёлак яшчэ ня можа жыць паўнавартасным жыцьцём, бо ў нармальным рэжыме не наладжаная праца камунікацый. Плюс пасёлак яшчэ трэба разьмінаваць — у нас вельмі шмат замінаваных участкаў», — кажа ён.

У Гастомелі ўводзяць тыднёвую камэнданцкую гадзіну

Камэнданцкая гадзіна ўводзіцца з 06.00 7 красавіка да 06.00 14 красавіка, у гэты пэрыяд будзе забаронена знаходзіцца на вуліцах і іншых грамадзкіх месцах, а таксама перамяшчацца транспартам і пешшу. Гэта трэба для таго, каб спэцыялісты маглі дэблякаваць аб'екты інфраструктуры і зрабіць іх бясьпечнымі для вяртаньня людзей.

Украіна канфіскуе беларускія і расейскія вагоны

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны ініцыюе нацыяналізацыю яшчэ 234 чыгуначных вагонаў, уласьнікамі якіх зьяўляюцца беларускія прадпрыемствы

Вагоны выявілі ў Дніпры і Запарожжы. Паводле ДБР, ад пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну працэс нацыяналізацыі ўжо закрануў амаль 3000 расейскіх і беларускіх чыгуначных вагонаў.

Уцекачы ад вайны

Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету. Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.

«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе ў найбліжэйшую амбасаду Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.

Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.

Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 паехалі ў Румынію, 387 151 — у Малдову, 364 804 — у Вугоршчыну, 350 632 — у Расею, 281 172 — у Славаччыну. На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля пачатку разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.

У той жа час украінскія СМІ паведамляюць, што пад Кіевам утварыліся аўтамабільныя заторы, тысячы людзей вяртаюцца ў горад пасьля таго, як Кіеўская вобласьць аказалася цалкам вызваленая ад расейскай акупацыі.

Што адбываецца ў Расеі

Intel пакідае Расею

Найбуйнейшы вытворца мікрапрацэсараў у сьвеце, карпарацыя Intel заявіла, што неадкладна спыняе ўсе бізнэс-апэрацыі ў Расеі. У Расеі ў Intel 1,2 тысячы супрацоўнікаў.

«Intel працягвае разам з сусьветнай супольнасьцю асуджаць вайну Расеі супраць Украіны і заклікае да найхутчэйшага аднаўленьня міру. Мы неадкладна прыпынілі ўсе дзелавыя апэрацыі ў Расіі. Гэта наступны крок за нашым папярэднім рашэньнем прыпыніць усе пастаўкі кліентам у Расеі і Беларусі», — гаворыцца ў заяве.

Пуцін падпісаў указ аб вясновым прызыве ў войска

Прызыў пройдзе з 1 красавіка па 15 траўня, на тэрміновую службу маюць намер прызваць 134 500 чалавек ад 18 да 27 гадоў. Гэта на 7 тысяч больш, чым у леташні восеньскі прызыў. Ад пачатку вайны з Украінай расейскія ўлады і асабіста Пуцін адмаўлялі, што ў ёй удзельнічаюць салдаты тэрміновай службы. Але потым Мінабароны Расеі прызнала «некалькі фактаў» прысутнасьці вайскоўцаў тэрміновай службы ў частках расейскіх узброеных сіл ва Ўкраіне. У Крамлі абяцалі разабрацца.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Кіеў: Агрэсар перакідае верталёты і самалёты зь беларускіх аэрадромаў назад у Расею

Паводле зводкі ўкраінскага Генштабу за 5 красавіка, калёны ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі рухаюцца празь Беларусь у напрамку вакзалаў Гомель, Ельск і Мазыр для пагрузкі ў цягнікі. Значная частка самалётаў і верталётаў ВПС Расеі перадысьлякавалася з аэрадромаў Беларусі ў Расею.

Як рэагуе сьвет

ЗША дадуць Украіне больш комплексаў Javelin

ЗША дадуць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу (супрацьтанкавыя сыстэмы Javelin) на $ 100 млн. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Энтані Блінкен. З 24 лютага ЗША далі Ўкраіне ваенную дапамогу на суму $1,7 млрд.

Макрон: «Пасьля забойстваў у Бучы патрэбны новыя санкцыі»

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў 4 красавіка, што пасьля атрыманьня дакладных сьведчаньняў адказнасьці расейскіх войскаў за забойства мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Бучы патрэбна дадатковае ўзмацненьне санкцый супраць Расеі.

«Тое, што адбылося ў Бучы, патрабуе новага раўнду санкцый і вельмі выразных захадаў», — сказаў Макрон радыё France Inter, паведамляе Reuters.

Новыя санкцыі павінны быць накіраваныя супраць вугальнай і нафтаздабыўной галінаў расейскай эканомікі, сказаў Макрон.

Блінкен: Расейская армія не змагла дасягнуць ніводнай з сваіх мэтаў ва Ўкраіне

Гэта заявіў у эфіры NBC дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен. Паводле ягоных словаў, Расея мела тры мэты: падпарадкаваць Украіну, пазбавіць яе сувэрэнітэту і незалежнасьці; зацьвердзіць на тэрыторыі краіны прарасейскую ўладу; падзяліць Захад.

«Па ўсіх трох кірунках плян праваліўся. Украіна цяпер больш згуртаваная. Сувэрэнная, незалежная Ўкраіна будзе існаваць значна даўжэй, чым Уладзімір Пуцін на сцэне. Моц Расеі сапраўды моцна зьменшылася. Войска моцна адстала. Эканоміка хістаецца», — сказаў Блінкен.

Зяленскі на ўручэньні Grammy заклікаў музыкаў падтрымаць Украіну

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі 3 красавіка выступіў на цырымоніі ўручэньня ў Лас-Вэгасе галоўнай прэміі музычнай індустрыі ЗША Grammy і заклікаў удзельнікаў імпрэзы падтрымаць яго краіну «любым спосабам».
«Што больш супрацьлегла музыцы? Цішыня разбураных гарадоў і забітых людзей. Напоўніце цішыню сваёй музыкай. Напоўніце яе сёньня, каб расказаць нашу гісторыю. Падтрымайце нас любым чынам. Чым заўгодна, але не цішынёй», — сказаў Зяленскі.

Ён нагадаў, што «ўкраінскія музыкі носяць бронекамізэлькі замест смокінгаў, яны сьпяваюць параненым, у шпіталях, нават тым, хто іх ня чуе, але музыка прарвецца».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG