Цела мужчыны месяц праляжала ў двары, аж да моманту, калі ўкраінскія вайскоўцы пагрузілі яго ў фургон і зьвезьлі ў невядомым кірунку.
Гісторыю сям’і Абрамавых з Бучы апісала BBC.
«Алег табе больш не дапаможа»
Уладзімір Абрамаў адчайна спрабаваў патушыць пажар у сваім доме ў прыгарадзе Кіева Бучы, клічучы на дапамогу свайго зяця.
Расейскія войскі выбілі парадную браму дома 72-гадовага Уладзіміра, адкрылі агонь па хаце і выцягнулі адтуль самога мужчыну, ягоную 48-гадовую дачку Ірыну і яе 40-гадовага мужа Алега ў двор.
Салдаты вывелі Алега за вароты на тратуар, расказаў Уладзімір, і кінулі праз парадныя дзьверы дома гранату, якая з аглушальным трэскам узарвалася, ад чаго дом загарэўся.
Уладзімір схапіў невялікі вогнетушыцель і дарэмна спрабаваў патушыць полымя. «Дзе Алег? Алег дапаможа!» — крыкнуў ён дачцэ. Але адказ прыйшоў ад аднаго з расейскіх салдатаў: «Алег табе больш не дапаможа».
Па словах Ірыны, Алега знайшлі на тратуары за варотамі, і па тым, як ён ляжаў, было відаць, што яго прымусілі стаць на калені і стрэлілі ў галаву ва ўпор. Забіты быў зваршчыкам, вёў ціхае жыцьцё на рагу вуліцы Яблунскай у Бучы.
Гэтае забойства — адно зь дзясяткаў, калі ня сотняў, раскрытых у Бучы пасьля нядаўняга вываду расейскіх войскаў. Мэр Анатоль Федарук заявіў у панядзелак, што сама меней 300 мірных жыхароў былі забітыя. Афіцыйнага падліку пакуль няма.
Расея адмаўляе сваё дачыненьне да зьверстваў. Але яе згарэлымі танкамі ўсеяны горад. На тэрыторыі царквы ёсьць адкрытая брацкая магіла зь мёртвымі ўнутры, некаторыя людзі ў чорных мяшках для трупаў, некаторыя валяюцца ў пяску. На дарогах стаяць зрашэчаныя кулямі цывільныя машыны, прынамсі адна зь целам усярэдзіне. Дамы разбураныя абстрэламі, пад’езды да іх узараныя танкамі. Мясцовыя жыхары апісваюць, як расейскія салдаты без усялякай правакацыі стралялі ў мірных жыхароў каля іхных дамоў, а спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што целы ляжалі на вуліцах, пакуль расейцы ўсё яшчэ кантралявалі сытуацыю.
«Я б хацела, каб мяне таксама забілі»
Па словах Ірыны, расейскія салдаты, якія забілі яе мужа Алега Абрамава, «ні пра што яго не пыталіся».
«Яны нічога не пыталіся і нічога не казалі, проста забілі яго, — сказала яна. — Яны толькі сказалі яму зьняць кашулю, стаць на калені — і застрэлілі яго».
Яна плакала ў аўторак, стоячы на тым месцы, дзе яго забілі, дзе на вуліцы ўсё яшчэ было відаць цёмную пляму крыві. Паводле Ірыны, калі яна выбегла і знайшла зьнявечанае цела мужа, чацьвёра расейскіх салдатаў, якія выцягнулі яго, расслаблена стаялі і пілі ваду. Яна крычала ім, каб яны стралялі ў яе, і адзін зь іх падняў пісталет, потым апусьціў яго, потым зноў падняў і зноў апусьціў, пакуль Уладзімір не зацягнуў яе назад у вароты.
«Гэтыя салдаты сказалі нам, што ў нас ёсьць тры хвіліны, каб пайсьці, і прымусілі нас бегчы ў тапках, — сказаў Уладзімер. — Буча была падобная на апакаліпсіс — паўсюль трупы, вуліцы поўныя дыму».
Уладзіміру і Ірыне нічога не заставалася, як пакінуць цела Алега ляжаць на вуліцы. Яно праляжала там амаль месяц, да моманту, калі бацька з дачкой прытуліліся ў сваякоў непадалёк. Калі стала бясьпечна вяртацца, Уладзімір паспрабаваў пахаваць зяця на няроўным участку зямлі ля маставой, і ў аўторак там яшчэ відаць была выкапаная яма.
Але змучаны працай і спалоханы расейскмі салдатамі, Уладзімір аднёс Алега назад у двор і паклаў яго там. Пазьней украінскія вайскоўцы пагрузілі цела ў фургон, расказаў Уладзімер, і павезьлі яго. «Я паняцьця ня маю, як мы знойдзем яго цяпер», — сказаў ён.
Украінскія ўлады ўжо прыбралі целы з вуліц Бучы, але ёсьць асьцярога, што іх знойдуць у падвалах і ў дварах прыватных дамоў. Чыноўнікі толькі пачалі працэс каталягізацыі жахаў. Шкода Бучы настолькі вялікая, што цяжка ўявіць сабе маштабы неабходнай рэканструкцыі, каб вярнуць яе ў той прывабны прыгарад, якім яна калісьці была.
Ля дарогі праз горад, дзе нагрувашчаны згарэлыя танкі і разбураны амаль усе дамы, у аўторак 84-гадовы Рыгор Замагільны падмятаў вуліцу, нібы не заўважаючы татальнай разрухі вакол сябе. Нейкім чынам ягоны дом ацалеў — адзіны непашкоджаны будынак на ўсёй вуліцы.
Выступаючы ў аўторак у Радзе Бясьпекі ААН, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвінаваціў расейцаў у самых страшных злачынствах з часоў Другой сусьветнай вайны і заклікаў судзіць вінаватых, як нацыстаў у Нюрнбэргу.
«Ён спытаўся ў іх: „Чаму?“»
„Расейскія вайскоўцы шукалі і мэтанакіравана забівалі ўсіх, хто служыў нашай краіне“, — сказаў ён. — Яны забівалі цэлыя сем’і, дарослых і дзяцей, а целы спрабавалі паліць».
Украіна пачала расьсьледаваньне ваенных злачынстваў у сувязі зь дзеяньнямі Расеі ў Бучы і суседнім Ірпяні. У ім гаворыцца, што на гэты момант у двух прыгарадах знойдзена 410 трупаў.
Цяпер ёсьць асьцярогі, што па меры таго, як расейцы будуць адступаць далей і вызваляцца новыя прыгарады, будуць выяўляцца новыя зьверствы — больш цел на вуліцах, больш брацкіх магіл. Уладзімір і Ірына Абрамавы шукаюць толькі адно цела і баяцца, што ніколі яго не знойдуць.
«Ён быў проста мірным чалавекам, сем’янінам, зваршчыкам, які змагаўся з пераломам хрыбетніка і ўсё жыцьцё быў інвалідам», — расказаў Уладзімер.
«Непасрэдна перад яго сьмерцю, калі я быў у двары, я ненадоўга ўбачыў яго праз адчыненыя вароты. Ён стаяў на каленях і сказаў свае апошнія словы. Ён пытаўся ў іх: «Чаму?».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.