Пра гэта праваабаронцы HRW напісалі ў 752-старонкавай справаздачы World Report 2022 пра сытуацыю з правамі чалавека амаль у 100 краінах сьвету.
«У мінулым годзе беларускія ўлады правялі бязьлітасную чыстку грамадзянскай супольнасьці, — сказаў Г’ю Ўільямсан, дырэктар HRW па Эўропе і Цэнтральнай Азіі, камэнтуючы беларускую частку справаздачы. — Нягледзячы на ашаламляльныя рэпрэсіі, праваабаронцы і журналісты мужна працягваюць сваю працу як на месцах, так і ў эміграцыі».
Уільямсан таксама закрануў пытаньне мігранцкага крызісу на межах Эўразьвязу зь Беларусьсю.
«Беларускія ўлады павінны спыніць любыя злоўжываньні зь мігрантамі і дазволіць гуманітарным арганізацыям аказаць дапамогу людзям, якія жывуць у нястачы, — сказаў Уільямсан. — Для тых, хто хоча папрасіць прытулку ў Беларусі, беларускія ўлады павінны сумленна разгледзець іх заявы і расьсьледаваць злоўжываньні ў адносінах да мігрантаў з боку беларускіх памежнікаў, прыцягваючы вінаватых да адказнасьці».