Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я абавязаны Ўкраіне». Дудзінскі — пра вяртаньне ў Кіеў і спробу стаць добраахвотнікам


Дзяніс Дудзінскі
Дзяніс Дудзінскі

Дзяніс Дудзінскі, вядоўца, сьпявак, журналіст і ад нядаўняга часу карэспандэнт Белсату ў Кіеве, тлумачыць, чаму вырашыў вярнуцца ў Кіеў, як спрабаваў увайсьці ў атрад добраахвотнікаў і чаму яго не ўзялі ваяваць, а таксама пра тое, як мяняецца стаўленьне да беларусаў ва Ўкраіне.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • Магчыма, гэта гучыць крыху высакамоўна, але я зразумеў, што абавязаны Кіеву, абавязаны Ўкраіне. У гэты час я як дарослы мужчына ня маю права быць няўдзячным.
  • Я не спадзяюся на беларускі генэралітэт, бо цудоўна разумею ступень прамыўкі мазгоў там і адмоўную сэлекцыю за гэтыя 28 гадоў.
  • Можа, лепей усё ж пад трыбунал за непадпарадкаваньне загаду і некалькі гадоў адседзець, чым ператварыцца ў агрэсара, найміта і забойцу.
  • Вось ужо тыдзень, як украінскія СМІ вяртаюцца да 2020 году, даносяць гэтую беларускую гісторыю, расказваюць пра рэйкавую вайну. І літаральна за некалькі дзён стаўленьне да беларусаў перавярнулася на 180 градусаў.
  • У любым разе будзе поўны закат рэжыму... І будзем вяртацца ў Беларусь, аднаўляць, апраўдваць сябе перад сусьветнай супольнасьцю, ужо не кажу пра ўкраінцаў, і будаваць высачэнны плот на ўсходзе.

«Я плянаваў уступіць у атрад добраахвотнікаў»

— Летась ты быў вымушаны зьехаць з жонкай зь Беларусі ва Ўкраіну праз палітычны перасьлед, і на пачатку вайны давялося зьехаць ужо з Кіева. Празь некаторы час ты вырашыў вярнуцца. Раскажы, як усё было?

— Само неяк атрымалася. 25 лютага мы сабралі рэчы і выехалі з Кіева. Асноўнай маёй мэтай была эвакуацыя жонкі Каці. Спачатку думалі ехаць ва Львоў, але зразумелі, што ўсе трасы занятыя, таму некалькі сутак правядзем у дарозе, у выніку накіраваліся на поўдзень. Ехалі разам са знаёмымі. Нейкім дзіўным чынам дабраліся да ўкранска-малдаўскай мяжы і перасеклі яе.

Была яшчэ адна прычына ад’езду. Вядома, што Ўкраіна заблякавала банкаўскія рахункі ўсім беларусам, і нам трэба было выехаць хоць куды, каб адкрыць хаця б якую крыніцу сродкаў для існаваньня. Такім чынам, праз Малдову, Румынію, Вугоршчыну, Славаччыну дабраліся да Варшавы. Там я пакінуў жонку, і празь некалькі дзён я вярнуўся ў Кіеў.

— Ад самага пачатку вырашыў, што будзеш вяртацца?

Вяртаньне ў Кіеў
Вяртаньне ў Кіеў

— Не зусім. Калі толькі пачалася вайна, было першае пачуцьцё, што трэба ратавацца, зьяжджаць. І ў дарозе думаеш — а навошта я гэта раблю? Кіеў, Украіна — горад і краіна, якія нас прыгрэлі, прытулілі, далі жыць і існаваць. Беларусам замест 90 дзён дазволілі знаходзіцца 180 дзён без рэгістрацыі. Магчыма, гэта гучыць крыху высакамоўна, але я зразумеў, што абавязаны Кіеву, абавязаны Ўкраіне. У гэты час я як дарослы мужчына ня маю права быць няўдзячным. Я ня ведаў на той момант, што і як я буду рабіць ва Ўкраіне, але я дакладна ведаў, што ва Ўкраіну я вярнуся.

Я плянаваў уступіць у атрад добраахвотнікаў. Каардынатаў ніякіх не было. Двойчы я спрабаваў уступіць. Першы раз у Малдове я зьвязаўся з украінскай амбасадай, з украінскім консульствам. Тройчы спрабаваў зь імі размаўляць пра гэта. Калі вярнуцца да нашай размовы пра дыскрымінацыю год таму, то я на сабе адчуў, што такое дыскрымінацыя, што такое эйджызм. Я званю, і мяне пераключаюць на людзей, адказных за прыём добраахвотнікаў. Дыялёгі былі прыкладна такія:

— Добры дзень, хачу ўступіць у атрад добраахвотнікаў.

— Цудоўна.

— Адразу скажу, што я беларус.

— Нічога страшнага. Атрады добраахвотнікаў ня маюць нацыянальнасьці, усіх ласкава запрашаем. У якіх гарачых кропках вы ваявалі?

— Не было ў маім жыцьці гарачых кропак.

— Нічога. У якіх войсках вы служылі, праходзілі тэрміновую службу?

— Не служыў, не праходзіў. Ня быў у арміі.

— Добра. Хто вы паводле адукацыі?

— Я выкладчык ангельскай і італьянскай мовы.

— Ух. Добра. Зараз падумаем. Колькі вам гадоў?

— 48.

— Малады чалавек, выбачайце, але не.

— Я магу снарады падносіць. Калі вы будзеце браць замежных «языкоў», я буду перакладаць з ангельскай, італьянскай, гішпанскай.

— Малады чалавек, мы ня можам узяць на сябе такую адказнасьць.


Наўпрост казалі, што «такі баляст у выглядзе 48-гадовага, які не служыў, не ваяваў, ня ўмее кіраваць аўтамабілем і мае праблемы са зрокам... Прабачце, у якасьці каго вас можам узяць?»

Такая ж гісторыя была ў маіх сяброў-музыкаў. Ня буду называць імя. Наш найвядомейшы джазавы музыка двойчы спрабаваў прабіцца ў добраахвотнікі. Яму прыкладна тое самае гаварылі. Эйджызм у дзеяньні.

— А да беларускага батальёну добраахвотнікаў не зьвяртаўся?

— Калі я зьвяртаўся, яшчэ ня ведаў пра батальён Кастуся Каліноўскага. Я зьвязваўся зь Сяргеем Бульбам, прадстаўніком «Белага легіёну», рознымі шляхамі спрабаваў прабіцца. Зразумела, што так проста не атрымаеш кантакт, каб наўпрост пазваніць. Усё ж атрад Каліноўскага практычна на перадавой, уся інфармацыя дастаткова засакрэчаная.

Больш за тое. З Варшавы, зь Беларускага дому мы вязем ім перадачку, пачынаючы ад цукерак і печыва, заканчваючы сур’ёзнай экіпіроўкай і мэдпрэпаратамі. І вось ужо другі дзень знаходзімся ў Кіеве і не зусім можам зразумець лягістыку, як да іх дабрацца, хоць і знаходзімся на сувязі. У той момант, як я даведаўся, што дзьверы ў батальён Каліноўскага (як хочацца спадзявацца) для мяне адчыненыя, я ўжо зарэгістраваўся ў якасьці беларускага рэпартэра ва Ўкраіне.

«Як толькі ты перасякаеш са зброяй у руках мяжу, аўтаматычна перастаеш быць беларусам»

— Ты вельмі жорстка зьвярнуўся ў сваіх сацсетках да беларускіх вайскоўцаў, каб яны не выконвалі злачынныя загады і не ішлі ва Ўкраіну. Такіх зваротаў шмат цяпер, як ад беларусаў, так і ад украінцаў. Ці дзейнічаюць яны? Ці пачулі цябе?

— Хочацца спадзявацца, што нехта там пачуў. Я не спадзяюся на беларускі генэралітэт і цудоўна разумею ступень прамыўкі мазгоў там і адмоўную сэлекцыю за гэтыя 28 гадоў. Хочацца спадзявацца, што беларускія дваццаці- і трыццацігадовыя хлопцы пачулі ня толькі мяне, але і ўсіх тых, хто да іх зьвяртаўся, што ўсё гэта было не дарма.

Калі на блёк-пастах ці ў Кіеве бачаць нашы беларускія пашпарты, адразу пытаньне: «Ці пойдуць беларусы ва Ўкраіну?» Мы, натуральна, разводзім рукамі. На гэтае пытаньне адказаў няма. Вельмі хочацца спадзявацца, што гэтага не адбудзецца.

Сур’ёзныя людзі з аўтаматамі, у якіх за плячыма Данбас, Луганск, 8 гадоў вайны, кажуць: «Мы вас, беларусаў, любім. Пакуль што. Мы вас цэнім, паважаем. Пакуль што. Вы нам браты. Пакуль што». Але як толькі ты перасякаеш са зброяй у руках мяжу, незалежна, ці ты 18-гадовы прызыўнік, ці ты дасьведчаны генэрал, ты аўтаматычна перастаеш быць беларусам, губляеш прыналежнасьць да любой нацыі, нацыянальнасьці, расы, веравызнаньня. Ты ператвараесься ў агрэсара.

Я хачу запісаць яшчэ адзін зварот, каб данесьці словы ўкраінскіх вайскоўцаў да беларускіх вайскоўцаў. Яны кажуць, што цудоўна ведаюць, па якіх дарогах, па якіх кустах, па якіх лясах могуць увайсьці на тэрыторыю Ўкраіны беларускія вайскоўцы. Паверце, што ўсе гэтыя падыходы ня тое што заблякаваныя і замінаваныя, там такая сілішча можа цягам некалькіх гадзін зьявіцца, што гэта будзе ня тое што мясарубка, гэта будзе пабіцьцё немаўлятаў. Яны цудоўна разумеюць, што беларуская армія — кардонная, ціктокаўская, не сапраўдная.

Таму яшчэ раз хачу сказаць беларускім вайскоўцам — калі раптам вашы камандзіры, вашы генэралы вас пагоняць празь мяжу Ўкраіны, самае лепшае, што вы можаце зрабіць, гэта здацца. Зразумела, што невыкананьне загаду караецца паводле закону. Можа, лепей усё ж пад трыбунал за непадпарадкаваньне загаду і некалькі гадоў адседзець, чым пераўтварыцца ў агрэсара, найміта і забойцу.

Вы ж разумееце, што расейскія войскі не пагоняць вас адлежвацца недзе ў акопах, вы пойдзеце на перадавую, будзеце гэтак жа, як і расейскія агрэсары, забіваць жанчын, вас падставяць пад кулі, будзеце жывым шчытом. Дык некалькі разоў падумайце.

«Калі мы перасякалі мяжу з Малдовай 27 лютага, былі касыя позіркі і дастаткова агрэсіўныя ўхмылкі»

— Ці сутыкнуўся ты з нэгатыўным стаўленьнем з той прычыны, што ты беларус, прадстаўнік краіны-агрэсара, што твая краіна дазволіла скарыстаць тэрыторыю, зь якой ляцяць ракеты на Ўкраіну і забіваюць людзей?

— Калі мы перасякалі мяжу з Малдовай 27 лютага, былі касыя позіркі і дастаткова агрэсіўныя ўхмылкі. Калі ехалі да мяжы з Малдовай, былі дастаткова непрыемныя выкрыкі з машын, што праяжджалі побач. Але цяпер, калі я вярнуўся ва Ўкраіну, магу сказаць, што нічога падобнага няма.

У мэдыйнай украінскай прасторы цяпер вельмі дакладна разьмяжоўваюць беларусаў і ўладу Лукашэнкі. Асноўныя інфармацыйныя тэле- і радыёканалы аб’ядналіся ў адзіны канал, ідзе адзінае вяшчаньне па ўсіх частотах. І там увесь час зьяўляюцца беларускія мэдыйныя асобы, блогеры, апазыцыйныя палітыкі і тлумачаць, чаго хочуць беларусы, што робяць беларусы, а што робіць улада, што робіць войска Беларусі.

Вось ужо тыдзень, як украінскія СМІ вяртаюцца да 2020 году, паказваюць вялізарныя натоўпы людзей на плошчах зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, даносяць украінцам гэтую беларускую гісторыю, расказваюць пра рэйкавую вайну, якую цяпер беларусы вядуць. Гэта настолькі натхняе, што літаральна за некалькі дзён стаўленьне да беларусаў перавярнулася на 180 градусаў.

Калі раней нас лічылі саўдзельнікамі злачынства, агрэсарамі (а цяпер ваенны час і ракеты дагэтуль працягваюць ляцець зь беларускага боку), то цяпер нічога падобнага няма. І калі раней мы як журналісты ахвотней паказвалі бэджы польскай тэлевізіі, то цяпер адкрыта кажам, што мы зь «Белсату». «Белсат» тут ведаюць і глядзяць. І ўжо ніякага адмоўнага стаўленьня няма. Пры гэтым трэба разумець, што сіні беларускі пашпарт на блёк-пастах — гэта дадатковыя пяць хвілін пры праверцы дакумэнтаў.

«Пасьля вайны „все буде Україна“»

— Што будзе з Украінай пасьля вайны?

— Украінцы неверагодна аб’яднаныя. Усе разам... Нядаўна вярнуўся з крамы (неўзабаве пойдзем туды здымаць сюжэт). Усё неабходнае ёсьць, няма чэргаў і натоўпаў. Ніхто не хапае тонамі цукар, як гэта адбываецца ў Расеі. Усе ўсё разумеюць. Калі крупаў ці цукру засталося два пакеты, жанчына возьме адзін, разумеючы, што за ёй яшчэ чалавек падыдзе, якому гэта таксама патрэбна... Пасьля вайны «все буде Україна».

— Што будзе зь Беларусьсю пасьля вайны?

— Усё залежыць ад таго, якія крокі ўлады Беларусі прадпрымуць бліжэйшым часам. Але што б Лукашэнка ні прадпрымаў, мне падаецца, гэта ўсё кепска. Ён загнаў сябе ў такую сытуацыю, што што б ні зрабіў, усё будзе не туды, міма і кепска... Выблытвацца з гэтага ня хопіць ані рэсурсаў, ані інтэлекту, ані розуму ні ў яго, ні ў яго генэралаў. У любым разе будзе поўны закат рэжыму, пакуль яшчэ дзейнага. А далей будзем вяртацца ў Беларусь, аднаўляць... Непрыемнае слова, але і апраўдваць сябе перад сусьветнай супольнасьцю, ужо не кажу пра ўкраінцаў. І, канечне, будаваць высачэнны плот на ўсходзе.

— А што будзе з Расеяй пасьля вайны?

— Гэта апошняе пытаньне, якое мяне цікавіць, што будзе з Расеяй. Жывіце як хочаце. Распадзяцеся вы на шэраг незалежных дзяржаваў, не распадзяцеся, будзе Пуцін ці ня будзе, у якім выглядзе... Расея, набяры мяне гадоў праз 5, магчыма, у вас там нешта і наладзіцца...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG