Ігар Казьмярчак — адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар рэгіянальнага мэдыя Orsha.eu, які летась увосень зьехаў пад ціскам рэпрэсіяў ва ўкраінскі Чарнігаў, плянаваў разьвіваць беларускую супольнасьць у гэтым горадзе падчас вымушанай эміграцыі. Але пляны парушыла вайна. Казьмярчак месяц пражыў пад бамбаваньнямі ў Чарнігаве і толькі днямі здолеў выехаць у Львоў, піша БАЖ.
Эвакуацыя: звычайна ад Чарнігава да Львова ехалі тры дні
Эвакуацыя мне больш за ўсё, асабліва ў першыя гадзіны, нагадала фільм «Імгла» — туман накрывае горад, у канцы фільма людзі выходзяць з гандлёвага цэнтру і бачаць, што адбылося з горадам, увесь час адчуваюць небясьпеку, бо на іх могуць напасьці монстры. Дакладна так выглядала наша эвакуацыя. Мы ехалі праз разбомбленыя вуліцы, разумелі, што ў кожны момант можа накрыць мінамётны агонь, бачылі расстраляныя машыны — пару вайсковых, але большасьць цывільныя. Наступствы вайны шмат дзе відавочныя: праяжджалі палі, на іх тырчалі неразарваныя ракеты, як кукурузіны непрыбраныя. Бачыў лягеры для ўцекачоў, дзьве ночы там правёў.
Звычайна дарога ад Чарнігава да Львова заняла б восем гадзін, а мы ехалі трое содняў. Уражвае гэта ўсё. Чым далей ад Чарнігава, тым менш сьлядоў вайны. Здаецца, у Віньніцкай вобласьці ўбачыў трактар, за якім ішоў чорны шлейф, думаў, нешта гарыць. Але гэта быў падняты пыл ад сухой зямлі. У мяне дагэтуль парушаныя асацыяцыі — што норма, а што ня норма. Напэўна, так і выглядаюць ваенныя сындромы.
У Чарнігаве засталося шмат эмоцый — я любіў гэты горад і да вайны. Недзе праз год пасьля «аранжавай рэвалюцыі» першы раз трапіў у Чарнігаў, з таго часу бываў там штогод, так лёс складаўся. Таму быў рады, калі пасяліўся ў гэтым горадзе.
Некалькі дзён я прасядзеў без электрычнасьці — не чытаў навін
Моцна пацярпелі ўскраіны Чарнігава — дзе даставала расейская артылерыя, ускраіны бамбілі моцна. Кепска ўсё стала з мэдыцынай. Я ня ведаю, па шчырасьці, колькі лякарняў было ў Чарнігаве, але ёсьць адчуваньне, што іх усе бамбілі, ці побач праляталі снарады і павыбівала вокны. Пацярпелі помнікі архітэктуры. На шчасьце, ня самыя важныя, але гэта ўсё адно непрыемна.
Разбураная інфраструктура. Пакуль я быў там, то не зусім усьведамляў, наколькі ненармальна ў ХХІ стагодзьдзі хадзіць з зарадкай, спадзеючыся, што дзесьці атрымаецца падзарадзіць тэлефон. Некалькі дзён я прасядзеў без электрычнасьці — не чытаў навін, не было ніякай інфармацыі. Я не асэнсоўваў, што набіраць ваду з ракі, якая да таго ж крыху сьмярдзіць, для мыцьця і туалета таксама ня норма, так не павінна быць. Людзі не павінны гатаваць ежу на вогнішчы ў двары.
Першыя дні арганізм не разумее, як паводзіцца пад бамбаваньнямі. У мяне ён «прасіў» спаць, зьмяншаецца апэтыт. А потым разумееш, што ў крамах цяжкавата знайсьці нешта. Самае складанае — мыцца, калі няма вады, цяпла. Празь некалькі тыдняў я навучыўся ваду з ракі выстаўляць у вядры на бальконе на сонца, каб яна прагравалася і можна было хоць крыху галаву памыць. Калі пад Кіевам на аўтазапраўцы змог памыць пад кранам рукі цёплай вадой, гэта было адчуваньне поўнага шчасьця. А потым яшчэ і цёплая ежа...
Не параіў бы нікому гэта перажываць. Да артылерыйскіх атак прывыкаеш, я хоць ні дня не служыў у войску, але ўжо ведаю па гуку, дзе артылерыя працуе «на выхад», а дзе «на ўваход». Самае страшнае — авіяцыйнае бамбаваньне. Калі ляціць самалёт, ад яго характэрны шум. Але разумееш, калі і чуеш яго, што ў гэты момант ён ужо ў іншым месцы. Авіябомбы страшныя па сваёй разбуральнасьці. Я назіраў, як падалі авіябомбы: гэта было далекавата, але такі «грыб» вогненны вырастаў, што на плошчы ў 100-200 мэтраў, відаць, нічога жывога і не заставалася.
Шмат адбываецца ўнутры цябе падчас авіяўдару: жаданьне бегчы ад авіябомбаў, пры тым ты ня ведаеш, куды бегчы. Проста інстынкты, натуральныя рэакцыі арганізму схавацца. І гэта ня паніка.
На вайне таксама шмат побытавых раздражненьняў: напрыклад, няма сьвятла, і ты ня можаш напісаць родным, што жывы.
Пра прапаганду і вяртаньне ў Беларусь
Уначы можна было пачуць паветраную трывогу на чарнігаўскіх каналах. Давяраюць — хто каму і чаму хоча. У чарзе па ваду можна наслухацца рознай ахінеі і плётак. Але, не зважаючы на адсутнасьць тэлевізіі, людзі вераць ва Ўкраіну. Прапаганда Расеі ніяк не паўплывала на іх сьветапогляд. Іх самасьвядомасьць не пачалася ў 2020 годзе, як у многіх беларусаў. Украінцы прайшлі доўгі шлях да асэнсаваньня сябе.
Што тычыцца сайту Orsha.eu, дык мы не адны заблякаваныя. Наведвальнасьць упала моцна, але ў нас былі разьвітыя сацсеткі, і мы зрабілі на іх акцэнт пасьля блякаваньня. Раней гэта быў самы папулярны сайт пра Воршу, а хутка будзем самым папулярным аршанскім рэсурсам у сацыяльных сетках: у нас высокае месца ў Instagram, някепскія пазыцыі ў «ВКонтакте», хутка раскручваецца YouTube, бо я вёў відэадзёньнік падчас вайны, таксама зьяўляюцца відэа зь нейкіх здарэньняў у Воршы.
Я ня бачу катастрофы. У нас цяпер шмат «агентуры», якая дае інфармацыю з гораду, але, мяркую, што калі зьявіцца магчымасьць зноў працаваць у Беларусі, то мы ня толькі вернем свае пазыцыі, але і ўзмоцнім іх. Гэта добры досьвед у экстрэмальных умовах. І я хачу падзякаваць усёй рэдакцыі, якая працавала, пакуль быў без сувязі.
Гэтая вайна насамрэч моцна паскорыла ўсе гістарычныя працэсы, якія і так відавочныя. Я прадказваю — і разумею адказнасьць за такія аптымістычныя прагнозы — да канца году ня будзе ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Мы вернемся ў Беларусь і зможам нармальна працаваць у легальным полі.
Я паглядзеў, як працуюць СМІ ва Ўкраіне, ведаю, якія мэдыя ў Польшчы, Літве. Беларускія дзяржаўныя раёнкі — гэта поўны «калгас». Перабіць іх аўдыторыю будзе вельмі проста. Таму я чакаю, калі сытуацыя зьменіцца і мы зможам нармальна працаваць і атрымліваць з гэтага добры вынік.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.