Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік сайту Orsha.eu атрымаў тлумачэньні пракуратуры, за што заблякавалі рэсурс


Ігар Казьмярчак
Ігар Казьмярчак

26 лістапада 2021 на сайце Генпракуратуры зьявілася паведамленьне аб тым, што па рашэньні пракурора Віцебскай вобласьці Ігара Ўкраінца абмежаваны доступ да парталу Orsha.eu.

Для высьвятленьня падстаў блякаваньня ў абласную пракуратуру зьвярнуўся ўладальнік сайту, праваабаронца Ігар Казьмярчак.

У сваім звароце Ігар Казьмярчак, як інфармуе «Віцебская Вясна», прасіў пазначыць артыкулы, у якіх зьмяшчалася недакладная інфармацыя, якая «нэгатыўна характарызуе грамадзка-палітычную сытуацыю ў краіне пасьля заканчэньня выбарчай кампаніі 2020 году».

Таксама ён прасіў назваць матэрыялы, сэнс якіх «накіраваны на дыскрэдытацыю дзейнасьці прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў», пералічыць артыкулы, зьмест якіх «матываваў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», як пра тое пісалі сілавікі.

У сваім звароце ў пракуратуру аршанскі праваабаронца ўказаў пракурору на тое, што блякаваньне сайту зьяўляецца прамым парушэньнем канстытуцыйных правоў грамадзян на распаўсюд і атрыманьне інфармацыі.

На пастаўленыя пытаньні праваабаронцу адказаў намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Ўладзімер Гук.

«Па выніках аналізу інфармацыйнай прадукцыі, разьмешчанай на інтэрнэт-рэсурсе — інтэрнэт-сайце пад назвай „Orsha.eu Аршанскі рэгіянальны партал“ устаноўлены парушэньні патрабаваньняў падп. 2.3, 2.5 п. 2 арт. 30-1 Закону аб СМІ, якія выявіліся ў тым, што на дадзеным інтэрнэт-сайце сыстэматычна дапускаліся факты разьмяшчэньня інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасьці, ганьбіць дзелавую рэпутацыю дзяржаўных органаў і здольная нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

З пракуратуры на электронную пошту Казьмерчака выслалі копію пастановы аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурсу. У пастанове прапісаны назвы і даты васьмі публікацый, якія датаваны 2020 і 2021 гадамі. Аўтары матэрыялаў распавядалі пра працу дзяржаўных органаў і арганізацый, выбарчых камісій падчас апошняй электаральнай кампаніі і аб пратэстах пасьля падліку галасоў у Воршы.

Аднак у пастанове не ўказваецца, якія апісаныя ў артыкулах факты, на думку пракуратуры, трэба лічыць несапраўднымі, а якія зь іх носяць дыскрэдытуючы характар.

Новай нечаканай для заяўніка стала інфармацыя пра тое, што на працягу шасьці месяцаў уладальнік сайту ня можа аднавіць доступ да яго. Праўда мэханізм узнаўленьня працы сайту пракуратура так і не патлумачыла.

Да моманту блякаваньня ў лістападзе 2021 году Orsha.eu цягам некалькіх гадоў запар зьяўляўся самым наведваемым інтэрнэт-рэсурсам пра Воршу. У розныя гады сілавікі неаднаразова праводзілі ператрусы і праверкі дзейнасьці сайту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG