Улады Беларусі надалей перасьледуюць грамадзян за выказваньне думак на палітычныя тэмы і пра вайну з Украінай, а таксама судзяць за ўдзел у пратэстах 2020 году.
Жыхарку Менску асудзілі за абразу былога міліцыянта, якому было «вельмі некамфортна»
У судзе Ганцавіцкага раёну адбыўся разгляд крымінальнай справы супраць жыхаркі Менску Ірыны Сташкевіч. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Пацярпелым у справе аказаўся былы міліцыянт Віталь Куляшоў, піша «Вясна».
У віну Ірыне ставілася тое, што пад здымкам Куляшова ў тэлеграм-канале яна напісала камэнтар «ну і рожа». Свае маральныя пакуты міліцыянт ацаніў у 1000 рублёў, бо «гэтая абраза выклікала перажываньні, у выніку чаго падняўся ціск, было вельмі некамфортна перад падначаленымі, што ў іх такі кіраўнік, і я ня мог належным чынам выканаць свае службовыя абавязкі».
У выніку судзьдзя Ўладзімір Космач засудзіў Сташкевіч на тры гады «хатняй хіміі».
Палітвязьню Дзьмітрыю Дубоўскаму працягнулі тэрмін трыманьня ў ШЫЗА
Анархісту Дзьмітрыю Дубоўскаму, асуджанаму на 18 гадоў зьняволеньня, працягнулі тэрмін знаходжаньня ў ШЫЗА да 5 красавіка. Пра гэта піша тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».
У штрафным ізалятары віцебскага СІЗА-2 Дубоўскі знаходзіцца ўжо больш за два тыдні, пачынаючы з 16 сакавіка.
22 сьнежня анархістаў Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў» — прызналі вінаватымі толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча) і асудзілі на наступныя тэрміны:
- Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,
- Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў,
- Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў,
- Сяргею Раманаву — 20 гадоў.
Штраф настаўніцы за жоўта-блакітную стужачку ў прычосцы
У Бабруйскай школе затрымалі настаўніцу гісторыі Ларысу Секержыцкую. Першай жоўта-блакітную стужку ў прычосцы заўважыла настаўніца матэматыкі (нязьменная сябра выбарчых камісіяў), паведамляе «Вясна». Яна данесла на Секержыцкую дырэктарцы, а тая выклікала АМАП. Прыехалі амапаўцы і проста на ўроку схапілі жанчыну. Вынік – 70 базавых велічыняў штрафу.