Як паведаміла Свабодзе Мар'яна Грузьдзіловіч, пра перавод Алега ў Магілёўскую турму ёй стала вядома 25 сакавіка, калі пыталася ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, як арганізаваць сустрэчу мужа з натарыюсам.
Ёй сказалі, што 23 сакавіка Алега этапавалі ў турму нумар 4 Магілёва. Пазьней прыйшоў ліст ад Алега ад 23 сакавіка, у якім ён напісаў, што яму былі загадалі сабраць усе рэчы і зрабіць іх вопіс.
28 сакавіка дзяжурная ў магілёўскай турме пацьвердзіла жонцы Алега Грузьдзіловіча, што ён ужо ў іх.
Пры гэтым дата разгляду касацыйнай скаргі Алега Грузьдзіловіча і ягонай адвакаткі ў менскім гарадзкім судзе не прызначаная.
3 сакавіка Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама Грузьдзіловічу выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.
Адвакат Грузьдзіловіча на судзе заявіў, што лічыць абвінавачаньне неабгрунтаваным, бо ў дзеяньнях Грузьдзіловіча няма складу злачынства і яму павінен быць вынесены апраўдальны прысуд.
Перасьлед Алега Грузьдзіловіча
- 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
- Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
- Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.
- За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.