Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія замарозіла актывы расейскіх алігархаў на сотні мільёнаў крон


Прэм’ер-міністар Чэхіі Пётр Фіяла
Прэм’ер-міністар Чэхіі Пётр Фіяла

Прага замарозіла маёмасьць і рахункі расейскіх алігархаў, якія трапілі пад санкцыі з прычыны вайны з Украінай, на сотні мільёнаў чэскіх крон.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла ў этэры Чэскага тэлебачаньня.

Фіяла адзначыў, што замарожаныя актывы — гэта частка чужой маёмасьці. Наносячы ўдар па якой-небудзь кампаніі, якая належыць расейскім бізнэсоўцам з абмежавальнага сьпісу, дзяржава павінна забясьпечыць працай супрацоўнікаў, падкрэсьліў прэмʼер. Ён ня выключыў, што для далейшага выкананыя санкцый Чэхіі давядзецца ўнесьці зьмены ў заканадаўства. Пра нацыяналізацыю прадпрыемстваў, якія належаць расейскім алігархам, гаворкі не ідзе.

За выкананьне санкцый у Чэхіі адказвае Фінансава-аналітычнае бюро. Раней на гэтым тыдні яно абвясьціла, што займаецца некалькімі выпадкамі абходу абмежаваньняў. Паводле дадзеных бюро, некаторыя прадпрымальнікі спрабавалі вывесьці са сваіх рахункаў дзясяткі мільёнаў крон. Цяпер гэтую справу расьследуе паліцыя. Імёны бізнэсоўцаў не раскрываюцца.

Да вайны Расеі з Украінай прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман быў праціўнікам санкцый супраць Масквы. Неўзабаве пасьля расейскага ўзброенага ўварваньня на тэрыторыю суседняй краіны Зэман выказаўся за максымальна жорсткія меры ў дачыненьні да Крамля. Фіяла ў размове з Чэскім тэлебачаньнем сказаў, што рады таму, што кіраўніцтва краіны ў надзвычайнай сытуацыі ня мела рознагалосьсяў.

Паводле Фіялы, расейскі прэзыдэнт сваёй агрэсіўнай палітыкай практычна нічога не дамогся, а меркаваньне пра тое, што ён спыніцца, лічыцца памылковым. Паводле ацэнкі Фіялы, цяперашнія санкцыі супраць Масквы зьяўляюцца самымі жорсткімі ў гісторыі.

  • З пачатку так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» Расеі на тэрыторыі Ўкраіны Эўразьвяз увёў некалькі пакетаў санкцый, якія закранулі буйныя расейскія кампаніі, а таксама расейскіх чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і банкіраў.
  • Італія, у прыватнасьці, замарозіла актывы расейскіх алігархаў на суму больш за 800 мільёнаў эўра. Цэнтрабанк Нідэрляндаў замарозіў расейскіх актываў на 200 мільёнаў эўра. Францыя замарозіла сродкі Банку Расеі на суму 22 мільярды эўра.
  • У сваю чаргу Дзярждума РФ раней прапанавала нацыяналізаваць заходнія кампаніі, якія пайшлі з расейскага рынку ў сувязі з ваеннай агрэсіяй Расеі ў адносінах да Ўкраіны. Уладзімір Пуцін падтрымаў ідэю ўвядзеньня зьнешняга кіраваньня на такіх прадпрыемствах.
  • Ва ўрад і пракуратуру Расеі накіраваны сьпіс зь некалькіх дзясяткаў замежных кампаній, якія абвясьцілі аб спыненьні або прыпыненьні працы ў Расеі і таму могуць быць нацыяналізаваныя. У сьпіс, у прыватнасьці, увайшлі Apple, IBM, IKEA, H&M, McDonaldʼs, Microsoft, Porsche, Shell, Toyota і Volkswagen.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG