Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША значна павялічаць пастаўкі звадкаванага прыроднага газу ў Эўропу


Сховішчы звадкаванага газу
Сховішчы звадкаванага газу

Злучаныя Штаты сёлета паставяць у краіны Эўразьвязу 15 мільярдаў кубамэтраў звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), каб дапамагчы ЭЗ паступова адмовіцца ад паставак расейскага газу, паведамляе «Голас Амэрыкі».

ЭЗ мае намер скараціць сваю залежнасьць ад расейскага газу на дзьве трэці сёлета і цалкам спыніць імпарт расейскага газу да 2027 году ў сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну. Цяпер Расея забясьпечвае каля 40% патрэбаў Эўропы ў прыродным газе.

Асьцярогі наконт надзейнасьці паставак узмацніліся на гэтым тыдні пасьля таго, як Расея распарадзілася перавесьці плацяжы па газавых кантрактах на разьлікі ў рублях, што падвысіла рызыку скарачэньня паставак і нават павышэньня цэнаў.

Амэрыканскія заводы па вытворчасьці ЗПГ працуюць на ўсю моц, і аналітыкі кажуць, што большая частка дадатковага газу з ЗША, які адпраўляецца ў Эўропу, будзе забясьпечвацца за кошт скарачэньня экспарту ў іншыя краіны. У выніку і без таго высокія эўрапейскія цэны на газ могуць узрасьці яшчэ больш за кошт высокага попыту на фоне абмежаваных паставак.

Умовы кантрактаў аб пастаўках ЗПГ ня так лёгка зьмяніць, каб перанакіраваць газ іншым пакупнікам.

«Звычайна будаўніцтва новага вытворчага аб’екта займае два-тры гады, таму гэтая зьдзелка можа быць больш зьвязаная з перанакіраваньнем існуючых паставак, чым з увядзеньнем у строй новых магутнасьцяў», — сказаў у інтэрвію Reuters Алекс Фроўлі, аналітык па газе і СПГ у кампаніі ICIS.

Высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі ЗША не ўдакладнілі, які абʼём ці адсотак дадатковых паставак ЗПГ будзе паступаць у Эўропу з ЗША.

Нават калі пазначаная партнэрамі лічба — 15 мільярдаў кубамэтраў — дасяжная, «гэтага ўсё яшчэ недастаткова для замены імпарту расейскага газу, абʼём якога ў 2021 годзе склаў каля 155 мільярдаў кубамэтраў», — адзначаюць аналітыкі ING Bank.

Прэзыдэнт Джо Байдэн і старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен таксама абвясьцілі аб пляне стварэньня рабочай групы, якая зоймецца зьніжэньнем залежнасьці Эўропы ад расейскіх энэргарэсурсаў.

Камісія таксама будзе працаваць з краінамі ЭЗ, каб гарантаваць, што яны змогуць дадаткова атрымаць каля 50 мільярдаў кубамэтраў ЗПГ як мінімум да 2030 году, гаворыцца ў заяве Белага дому.

ЭЗ ужо актывізаваў намаганьні, каб атрымаць больш ЗПГ пасьля перамоваў з краінамі-пастаўшчыкамі, у выніку чаго ў студзені ў эўрапейскія парты былі пастаўленыя рэкордныя 10 мільярдаў кубамэтраў ЗПГ больш як на 120 суднах.

Тым часам Нямеччына, найбуйнейшы імпартэр расейскага газу ў ЭЗ, заявіла, што дамаглася «значнага прагрэсу» ў скарачэньні сваёй залежнасьці ад імпарту расейскага газу, нафты і вугалю.

Аднак міністар эканомікі Нямеччыны Роберт Хабэк таксама заявіў, што найбуйнейшая эканоміка Эўропы зможа адмовіцца ад расейскага газу не раней як у 2024 годзе.

Некаторыя краіны, напрыклад Італія, заявілі, што працягнуць плаціць за расейскі газ у эўра. Генэральны дырэктар польскай PGNiG сказаў, што кампанія, у якой ёсьць кантракт з «Газпромам» да канца гэтага году, ня можа проста так перайсьці на аплату ў рублях.

Прадстаўнік нямецкай кампаніі Uniper заявіў у пятніцу: «Мы не атрымлівалі ніякіх афіцыйных апавяшчэньняў або запытаў на апрацоўку разьлікаў у рублях».

Міністар эканомікі Нямеччыны заявіў, што ўрад пракансультуецца са сваімі партнэрамі наконт патрабаваньня Ўладзіміра Пуціна аб аплаце газавых паставак у рублях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG