Галоўнае на гэты момант
- Расейскія войскі разрабавалі і зьнішчылі найноўшую цэнтральную аналітычную лябараторыю ў Чарнобылі.
- У Краматорску расейцы выкарысталі забароненыя фосфарныя боепрыпасы.
- Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў, што з пачатку расейскай агрэсіі па стане на раніцу 22 сакавіка ва Ўкраіне загінула 121 дзіця, 167 атрымалі раненьні.
- Пытаньне кампрамісаў з Расеяй, у прыватнасьці гарантыяў бясьпекі і акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Крыму, будзе вырашацца на рэфэрэндуме — Зяленскі.
- Пэнтагон: з 24 лютага каля 1100 ракет розных клясаў былі выпушчаныя Ўзброенымі сіламі РФ па аб’ектах ва Ўкраіне.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 23 сакавіка
Мэр Ірпяня: расейцы выкарысталі фосфарныя бомбы
Мэр Ірпяня Аляксандар Маркушын паведаміў, што расейцы працягваюць карыстацца забароненай зброяй.
«Позна ўвечары 22 сакавіка расейскія акупанты ўжылі забароненыя фосфарныя боепрыпасы над паўночна-заходняй ускраінай Кіева. Прыкладная зона паражэньня — Гастомель-Ірпень», — напісаў Маркушын.
З пачатку вайны Ўкраіну пакінулі звыш 3,6 млн чалавек
Колькасьць уцекачоў з Украіны працягвае расьці. Новыя абстрэлы і бамбаваньні спрычыніліся да таго, што яшчэ некалькі сотняў тысяч украінцаў пакінулі радзіму на нявызначаны час. Агульная колькасьць уцекачоў з 24 лютага, паводле статыстыкі ААН, — 3 626 546 чалавек. Пераважна ўкраінцы адпраўляюцца ў Польшчу, а таксама ў Малдову, Румынію, Славаччыну, Вугоршчыну і іншыя краіны. Акрамя таго, ёсьць зьвесткі, што з акружанага Марыюпалю людзей прымусова вывозяць у Расею. Нязначная частка ўкраінцаў уцякла ад вайны ў Беларусь.
Міністар аховы здароўя Ўкраіны: расейскія вайскоўцы абстралялі 58 машынаў «хуткай»
Міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко 23 сакавіка заявіў, што з пачатку вайны ва Ўкраіне расейскія войскі абстралялі ўжо 58 машын хуткай мэдыцынскай дапамогі. Таксама, паводле яго, з пачатку вайны загінулі шэсьць украінскіх мэдыкаў.
Кіеў: расейцаў разграмілі пад Ізюмам
Як адзначае ўкраінская служба Радыё Свабода, Узброеныя сілы Ўкраіны разьбілі праціўніка пад Ізюмам, які разам з Марыюпалем знаходзіцца ў блякадзе.
У Марыюпалі ў выніку абстрэлаў зьнішчаны музэй з арыгіналамі карцін Айвазоўскага
Улады гораду паведамляюць, што Мастацкі музэй імя Куінджы абстралялі расейскія войскі. У момант абстрэлу ў будынку не было работ Архіпа Куінджы, але заставаліся арыгіналы Івана Айвазоўскага і яшчэ шэрагу мастакоў. Усяго ў фондзе музэю захоўвалася 2000 экспанатаў — іх лёс невядомы.
Харкаў за ноч абстралялі 32 разы
Мінулай ноччу расейскія вайскоўцы 32 разы абстралялі Харкаў, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
«Акупанты прайгралі вайну за Харкаў, таму ім застаецца толькі наносіць удары з далёкіх адлегласьцяў. За суткі іх было 32. У штабе абароны адзначана ўзмацненьне актыўнасьці праціўніка пры ўжываньні РСЗА (280 разоў) і танкавых удараў (9 разоў)», — напісаў Сінягубаў у тэлеграме.
Паводле яго, упершыню расейскія вайскоўцы абстралялі ракетамі Лазавую, параніўшы ня менш за 8 мірных жыхароў, 4 зь якіх у цяжкім стане.
Таксама ўкраінскі бок кажа пра 400 новых ахвяр у расейскім войску.
Мэр гораду Ігар Церахаў распавёў у відэазвароце, што з пачатку вайны расейскія войскі разбурылі ў Харкаве 1143 абʼекты інфраструктуры, 998 зь іх — жылыя дамы.
У Чарнігаўскім раёне абстралялі адно з харчовых прадпрыемстваў горада. Пашкоджаны магістральны аміякаправод
Расейскія вайскоўцы абстралялі Чарнігаўскі раён, дзе знаходзіцца адно з харчовых прадпрыемстваў горада. У выніку снарада пашкоджаны магістральны аміякаправод і адна цыстэрна. Зараз на месцы працуюць ратавальнікі, канцэнтрацыя пароў аміяку знаходзіцца ў дапушчальных межах. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяраў і пацярпелых няма, паведамляе кіраўнік Чарнігаўскай аблдзяржадміністрацыі Вячаслаў Чаус.
Расейцы зьнішчылі мост, які злучаў аточаны Чарнігаў з Кіевам
У Чарнігаве расейскія вайскоўцы разбамбілі аўтамабільны мост праз раку Дзясну, які злучаў горад з Кіевам.
На мост скінулі авіябомбы, адзін зь яго пралётаў упаў. Па гэтым мосьце дастаўлялася гуманітарная дапамога ў аточаны горад і праводзілася эвакуацыя мірных жыхароў.
У Кіеве абстралялі тры раёны
Кіеўская гарадзкая адміністрацыя паведаміла, што ў двух раёнах — Шаўчэнкаўскім і Сьвятошынскім — расейскія войскі абстрэламі пашкодзілі жылыя шматпавярховыя і прыватныя будынкі, а таксама гандлёвы цэнтар.
На месцах абстрэлаў працуюць ратавальнікі і мэдыкі. Вядома пра чатырох траўмаваных, інфармацыя пра іншых пацярпелых удакладняецца.
Увечары стала вядома, што ў Кіеве абстралялі таксама паркоўку гандлёвага цэнтру ў Падольскім раёне — паводле папярэдняй інфармацыі, адзін чалавек загінуў, два атрымалі раненьні, паведаміў мэр гораду Віталь Клічко.
Расейцы зьнішчылі ўнікальную лябараторыю ў Чарнобылі
Войскі захопнікаў разрабавалі і зьнішчылі найноўшую цэнтральную аналітычную лябараторыю ў Чарнобылі. Гэта быў комплекс з магутнымі аналітычнымі магчымасьцямі, які мог аказваць паслугі на любым этапе абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі, ад кандыцыянаваньня паветра да ўтылізацыі, таксама там займаліся дасьледаваньнямі і распрацоўкамі. Пра гэта паведаміла Дзяржаўнае агенцтва кіраваньня зонай адчужэньня Ўкраіны.
Дзякуючы інструмэнту супрацоўніцтва Эўразьвязу ў галіне ядзернай бясьпекі сумесна з украінскім партнэрам SACP у 2015 годзе быў пасьпяхова рэалізаваны праект, накіраваны на паляпшэньне інфраструктуры абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі. Амаль 100 адзінак самага сучаснага аналітычнага абсталяваньня, аналягаў якому няма ў Эўропе. На базе лябараторыі былі высокаактыўныя пробы і ўзоры радыянуклідаў.
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці РФ заявіў, што з боку Ўкраіны ў адно зь сёлаў рэгіёну прыляцеў снарад
Ён сьцьвярджае, што снарад разарваўся і ёсьць пацярпелыя. У дзьвюх вёсках увялі рэжым надзвычайнага становішча.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Уцекачы ад вайны
Амаль чвэрць грамадзян Украіны былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз уварваньне Расеі. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Офісу каардынацыі гуманітарных пытаньняў ААН. Амаль 6 500 000 чалавек уцякалі ад вайны ў межах Украіны, і 3 489 644 чалавек выехалі з тэрыторыі краіны. Разам колькасьць уцекачоў ад вайны набліжаецца да 10 мільёнаў чалавек.
Колькасьць уцекачоў, якія прыбылі ў Польшчу з Украіны пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне, дасягнула 2 083 854 чалавек. Гэта пераважна жанчыны і дзеці. Акрамя Польшчы, 312 120 украінскіх грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 250 036 — у Славаччыну, 365 197 — у Малдову, 231 764 — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 535 461 — у Румынію, 3765 чалавек — у Беларусь.
Што адбываецца ў Расеі
Суд прызнаў амэрыканскую кампанію Meta экстрэмісцкай арганізацыяй
Цьвярскі раённы суд Масквы задаволіў пазоў Генэральнай пракуратуры і Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі аб прызнаньні экстрэмісцкай арганізацыяй амэрыканскай кампаніі Meta, матчынай кампаніі Facebook, Instagram і WhatsApp.
Генпракуратура і ФСБ зьвярнуліся ў суд з такім пазовам пасьля публікацыі Reuters аб тым, што Facebook і Instagram на тле расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зьменяць правілы і часова ня будуць выдаляць з плятформаў публікацыі з пажаданьнем сьмерці або з заклікам да гвалту над Пуціным, Лукашэнкам і расейскімі вайскоўцамі.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.
Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Генштаб Украіны: Беларусь працягвае назапашваць на мяжы сілу і вайсковую тэхніку
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што па беларускай тэрыторыі працягваецца актыўнае перамяшчэньне расейскай і беларускай вайсковай тэхнікі.
Са спасылкай на наяўную інфармацыю Генштаб паведаміў, што тэхніка назапашваецца ўздоўж мяжы Беларусі з Украінай.
«Варожая авіяцыя працягвае ракетна-бомбавымі ўдарамі зьнішчаць аб’екты інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцях. Пры гэтым акупанты працягваюць актыўна выкарыстоўваць аэрадромную сетку Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў апэратыўнай зводцы Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны на 0 гадзін 22 сакавіка. Пры гэтым абодва словы назвы «Рэспубліка Беларусь» напісаныя ў дакумэнце з малой літары — як і «Расейская Фэдэрацыя».
Украінскі Генштаб сьцьвярджае, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ «ажыцьцяўляе агрэсіўную прапагандысцкую дзейнасьць, накіраваную на вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасьці ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны».
Як рэагуе сьвет
Замарозка расейскіх актываў за мяжой
Італія, Нідэрлянды і Польшча замарозілі актывы расейскіх алігархаў на сотні мільёнаў эўра праз вайну ва Ўкраіне
Італія замарозіла актывы на суму $880 млн (€800 млн). Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі, выступаючы ў ніжняй палаце парлямэнту.
Нідэрлянды замарозілі каля $431 млн (€392 млн) расейскіх актываў. Пры гэтым у міністэрстве адзначылі, што арышты актываў працягнуцца.
Польшча замарозіла на рахунках на сваёй тэрыторыі каля $33 млн (140 млн злотых). Пра гэта сказаў прэс-сакратар ураду Пётар Мюлер.
Раней Францыя замарозіла сродкі Цэнтрабанку Расеі на суму €22 млрд, а таксама рахункі і нерухомасьць прыватных асобаў, якія падпалі пад санкцыі, на суму €850 млн эўра.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.