Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія аэрадромы, зь якіх Расея бамбуе Ўкраіну. ФОТА


Наступствы расейскага авіяцыйнага ўдару па ўкраінскім Чарнігаве, сакавік 2022
Наступствы расейскага авіяцыйнага ўдару па ўкраінскім Чарнігаве, сакавік 2022

Для нанясеньня авіяўдараў па Ўкраіне расейскае войска выкарыстоўвае практычна ўсе прыдатныя аэрадромы ў Беларусі, Расеі і акупаваным Крыме. Украінскія журналісты скарысталіся доступам да сыстэмы спадарожнікавых здымкаў і паказалі, як выглядаюць гэтыя аэрадромы.

Агулам ля межаў Украіны каля 40 аэрадромаў з тактычнай вайсковай авіяцыяй, да арсэналу трэба дадаць і стратэгічную авіяцыю, якая можа базавацца на адлегласьці больш як 5 тысяч км ад цэлі. Праект «Схеми» паказаў у тым ліку беларускія аэрадромы, якія рэгулярна выкарыстоўваюцца расейцамі.

Прэс-сакратар камандаваньня Вайскова-паветраных сіл Украіны Юры Ігнат прызнаўся, што ўкраінскі бок пачаў узмацняць супрацьпаветраную абарону на ўкраінска-беларускай мяжы толькі пасьля 2020 году.

«Сапраўды, з пачатку расейскай агрэсіі ў 2014 годзе мы не канцэнтравалі на поўначы магутных сілаў супрацьпаветранай абароны. Аднак, улічваючы палітычныя працэсы, якія пачаліся ў Беларусі паўтара года таму (задушэньне народных пратэстаў, інтэграцыя Беларусі ў „русский мир“), ВПС паскорылі працэс пашырэньня сыстэмы супрацьпаветранай абароны на поўначы — як зьнішчальныя, так і зэнітныя ракеты. Створаны новыя зэнітна-ракетныя падразьдзяленьні, пашыраны магчымасьці авіяцыйных брыгад і іншыя меры па ўмацаваньні паўночнага кірунку, пра што мы ня будзем гаварыць публічна».

Паводле яго, цяпер расейскія вайскоўцы актыўна выкарыстоўваюць у Беларусі практычна ўсе існуючыя аэрадромы каля гарадоў Ліды, Бабруйску, Мазыра, Гомля, Лунінца, Баранавічаў, Берасьця і іншых.

Лідзкі вайсковы аэрадром

Зазвычай на гэтым аэрадроме дысьлякуюцца сілы 116-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой базы ВПС Беларусі. На фатаздымку ад Maxar для GoogleMaps за верасень 2020 году на аэрадроме відаць больш за 20 вайсковых самалётаў, некаторыя зь якіх могуць быць схаваныя ў спэцыяльных падземных ангарах. Звычайна сустракаюцца ў асноўным Су-25 і МіГ-29, а таксама Як-130.

Вайсковы аэрадром у Лідзе, 2020 год
Вайсковы аэрадром у Лідзе, 2020 год

Апошні дэталёвы здымак спадарожнікавай сыстэмы Planet за 14 лютага 2022 году не паказвае сур’ёзных зьменаў у колькасьці самалётаў, але каля ўзьлётна-пасадачнай паласы ўжо можна ўбачыць звыш 20 верталётаў, якіх раней там не было. Гэта можа сьведчыць аб пачатку актыўнага перакідваньня расейскіх вайскоўцаў падчас вучэньняў, пасьля якіх расейскія войскі не пакінулі тэрыторыю Беларусі, як абяцалі Лукашэнка, Макей і расейскія кіраўнікі.

Лідзкі аэрадром 14 лютага 2022
Лідзкі аэрадром 14 лютага 2022

На апошніх здымках за 17 сакавіка зьмены ўжо больш прыкметныя. Колькасьць самалётаў на ўзьлётна-пасадачнай паласе вырасла амаль удвая. Сярод іх мы бачым самалёты, якія па ярка-блакітным колеры даволі лёгка пазнаць нават на фатаздымках нізкай якасьці. Гэта расейскія бамбавікі Су-34.

Лідзкі аэрадром 17 сакавіка 2022
Лідзкі аэрадром 17 сакавіка 2022

Толькі 17 сакавіка зь Лідзкага аэрадрому ў кірунку Ўкраіны ня менш за дзевяць разоў узьляталі Су-34 і яшчэ двойчы Су-25, пацьвердзілі ва Ўзброеных сілах Украіны. Раней пра гэта паведамлялі беларускія актывісты, якія сочаць за перамяшчэньнем вайсковай тэхнікі для тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн».

Кожны раз выкарыстоўваліся ня ўсе самалёты, а ад 2 да 7 у групе. Гэта зьвязана з асьцярожнай тактыкай, якую выбралі расейскія вайскоўцы пасьля атрыманьня годнага адпору ад украінскай супрацьпаветранай абароны.

«Гэта тактыка. Расейскія калёны сухапутных войскаў таксама спрабуюць ня ехаць згуртавана, а разыходзіцца пасьля таго, як іх пачалі біць. Лягчэй перамагчы групавую цэль. Ляцяць парамі або зьвяном па 4-5. А потым разьлятаюцца ў розныя бакі. Гэта тактыка, яны яе мяняюць», — растлумачыў вайсковы экспэрт Інстытуту Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Ігар Козій.

Напрыклад, ён сказаў, што касэтная ракета можа зьнішчыць усе 4 самалёты, калі яны знаходзяцца побач. А калі яны ляцяць адзін за адным, то будзе закрануты толькі адзін.

Вайсковы аэрадром Баранавічы

Да поўнамаштабнага ўварваньня на аэрадроме ў Баранавічах знаходзілася каля 50 вайсковых самалётаў ВПС Беларусі. Гэта зьвязана з тым, што там базуецца 61-я зьнішчальная авіябаза, якая складаецца ў асноўным з самалётаў Су-30СМ, Су-27 і МіГ-29. Аднак ад верасьня 2021 году туды пачалі прыбываць расейскія самалёты Су-30СМ і Су-34. Тады гэта тлумачылі вучэньнямі «Захад-2021», якія вайскоўцы Беларусі і Расеі праводзілі кожныя 4 гады. Пазьней гэты ж аэрадром выкарыстоўваўся для нападаў і бамбаваньня Ўкраіны.

Баранавіцкі аэрадром у верасьні 2021
Баранавіцкі аэрадром у верасьні 2021

Беларускі канал «Гаюн» піша, што толькі 17 сакавіка з гэтага аэрадрому вылецела да 6 самалётаў, сярод якіх маглі быць бамбавікі. Часам яны ўзьлятаюць адначасова з бамбавікамі ў аэрапорце Ліды. Цікава, што згаданыя аэрадромы ў Беларусі, якія цяпер актыўна выкарыстоўваюць Паветрана-касьмічныя сілы Расеі супраць Украіны, выкарыстоўваліся вайскова-паветранымі сіламі нацысцкай Нямеччыны «Люфтвафэ» падчас ІІ усясьветнай вайны, адзначаюць украінскія журналісты. І немцы таксама трымалі тут пераважна бамбавікі.

Аэрадром Лунінец

Выявы Maxar для GoogleMaps паказваюць, што ў 2018 годзе аэрадром быў пусты, і такая ж карціна была ў пачатку 2022 году да поўнамаштабнага ўварваньня. Гэта зьвязана з тым, што аэрадром мае запасны статус.

Пусты лунінецкі аэрадром у 2018 годзе
Пусты лунінецкі аэрадром у 2018 годзе

Усё зьмянілася пасьля таго, як лунінецкі аэрадром, як і баранавіцкі, вырашылі выкарыстоўваць у якасьці дадатковага на вайсковых вучэньнях. Цяпер там ня менш за 20 самалётаў Су-25СМ і як мінімум адзін бамбавік Су-34.

Аэрадром Лунінец 20 сакавіка 2022
Аэрадром Лунінец 20 сакавіка 2022

Агулам «Схеми» налічылі каля 40 аэрадромаў у Расеі, Беларусі і акупаваным Крыме, якія расейскія вайскоўцы выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. У Беларусі, акрамя ўжо згаданых, такія аэрадромы разьмешчаны паблізу Менску, Мазыра, Гомля, Берасьця, Віцебску і Бабруйску.

Цяпер усе аэрадромы, якія выкарыстоўвае Расея, добра вядомыя Ўзброеным сілам Украіны. З дапамогай мясцовых жыхароў і тэлеграм-каналаў у Беларусі пра вылеты самалётаў украінцам становіцца вядома нават бяз сродкаў лякалізацыі, адзначаюць журналісты.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG