Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі зьвярнуўся да парлямэнту Японіі і заклікаў дапамагчы пазьбегнуць ядзернай катастрофы


Прэзыдэнт Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі, 22 сакавіка
Прэзыдэнт Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі, 22 сакавіка

Прэзыдэнт Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея ператварае захопленыя атамныя станцыі на аб’екты вайны і пагражае сьвету ядзернай зброяй.

«24 лютага Чарнобыльскую станцыю захапілі. Сілай, зброяй. Уявіце сабе: АЭС, дзе адбылася катастрофа. Канфайнмэнт, які закрывае разбураны рэактар. Сховішча ядзерных адходаў, якое працуе. Расея ператварыла і гэты аб’ект на арэну вайны. І гэтую 30-кіламэтровую тэрыторыю, гэтую закрытую зону Расея выкарыстоўвае для падрыхтоўкі новых атак супраць нашых сіл абароны», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў часе выступу 23 сакавіка перад парлямэнтам Японіі, які адбываўся ў відэарэжыме.

Паводле яго, пасьля вываду расейскіх войскаў спатрэбяцца гады, каб дасьледаваць шкоду, якую яны нанесьлі Чарнобылю, і якія сховішчы радыеактыўных матэрыялаў пашкодзілі.

«На нашай зямлі працуюць чатыры атамныя станцыі. Гэта 15 ядзерных блёкаў. І ўсе яны пад пагрозай. Расейскія войскі ўжо абстралялі з танкаў Запароскую атамную станцыю, найбуйнейшую ў Эўропе. У выніку баёў пашкоджаны сотні прамысловых прадпрыемстваў, многія зь іх — асабліва небясьпечныя. Абстрэлы пагражаюць газа- і нафтаправодам і вугальным шахтам», — дадаў ён.

«А адной з асноўных тэм для абмеркаваньня сусьветных палітыкаў стала пытаньне, як рэагаваць, калі Расея выкарыстае яшчэ і ядзерную зброю. Любая ўпэўненасьць любога чалавека ў сьвеце, любой краіны цалкам зруйнавана», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт заклікаў Японію далучыцца да распрацоўкі новых гарантый бясьпекі ў сьвеце.

«Нам трэба распрацаваць новыя гарантыі бясьпекі, каб можна было дзейнічаць прэвэнтыўна і моцна кожны раз, калі зьяўляецца пагроза для міру. Ці магчыма гэта зрабіць на базе дзейных міжнародных структур? Пасьля такой вайны — дакладна не. Патрэбна ствараць новыя інструмэнты. Новыя гарантыі, якія будуць працаваць прэвэнтыўна і моцна супраць любой агрэсіі, якія сапраўды дапамогуць. Лідэрства Японіі можа стаць незаменным у іх распрацоўцы. Для Украіны, для сьвету», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Што цяпер адбываецца на Чарнобыльскай АЭС

Дзяржаўная інспэкцыя ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны заявіла аб немагчымасьці ва ўмовах акупацыі праводзіць рэглямэнтныя працы і захады па тэхнічным абслугоўваньні і рамонце сыстэм і абсталяваньня Чарнобыльскай АЭС.

«Атрыманая з Чарнобыльскай АЭС інфармацыя аб парамэтрах бясьпекі і стану радыяцыйнай абстаноўкі на пляцоўцы сьведчыць аб тэндэнцыі ўстойлівага пагаршэньня шэрагу паказьнікаў. Акупант працягвае груба парушаць патрабаваньні радыяцыйнай бясьпекі і санітарнага рэжыму на прадпрыемстве і ў зоне адчужэньня, што пагаршае радыяцыйную абстаноўку на прадпрыемстве і ў зоне адчужэньня, спрыяе распаўсюджваньню радыеактыўнага забруджваньня за межы зоны адчужэньня», — адзначылі ў інспэкцыі.

Частковая ратацыя пэрсаналу, якую змаглі правесьці ўвечары 20 сакавіка, не дазволіла цалкам забясьпечыць дзённую зьмену: «Дзённы пэрсанал, рамонтны пэрсанал і пэрсанал падрадных арганізацый на станцыі адсутнічае».

Новую лябараторыю ў Чарнобылі раскралі і зьнішчылі

Цэнтральная аналітычная лябараторыя была ўнікальным комплексам па абслугоўваньні любога этапу абыходжаньня з радыеактыўнымі адходамі — ад кандыцыянаваньня паветра да ўтылізацыі адходаў, а таксама па дасьледаваньнях і распрацоўцы тэхналёгій.

Кошт яе стварэньня складае 6 мільёнаў эўра. Яна знаходзіцца на балянсе Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня.

У 2015 годзе ў рамках інструмэнту Эўразьвязу лябараторыю ўдасканалілі. Перад расейскай агрэсіяй у лябараторыі знаходзілася амаль 100 адзінак найбольш сучаснага аналітычнага абсталяваньня.

Супрацоўнікі лябараторыі дасьледавалі розныя ўласьцівасьці радыеактыўных адходаў, правяралі стан пакаваньняў для іх, распрацоўвалі неабходныя мэтодыкі і стандарты, а таксама кансультавалі ўладу ў пытаньнях перапахаваньня адходаў і рэалізацыі канцэпцыі разьвіцьця зоны адчужэньня. У лябараторыі знаходзіліся высокаактыўныя пробы і ўзоры радыенуклідаў. Цяпер яны знаходзяцца ў руках расейцаў.

Чарнобыльская АЭС была захопленая расейскімі войскамі 24 лютага; 6 лютага расейскія захопнікі ўзялі пад кантроль Запароскую АЭС. Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі, што «дзеяньні баевікоў Расеі на ядзерных аб’ектах Украіны пагражаюць экалягічнай трагедыяй усёй Эўропы».

Цяпер на Запароскай АЭС 50 адзінак вайсковай тэхнікі і каля 500 салдатаў РФ, у «Атамэнэрга Ўкраіны» кажуць, што «пэрсанал станцыі працуе пад рулямі захопнікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG