Галоўнае на гэты момант
- Расея бамбавала Ўкраіну і з дапамогай Гомельскага аэрапорту.
- Украіна забараніла 11 прарасейскіх партый.
- Расейскія войскі 19 сакавіка скінулі бомбы на школу мастацтваў №12 у Марыюпалі, дзе хаваліся каля 400 чалавек — жанчыны, дзеці, старыя. Будынак разбураны, людзі дасюль пад заваламі, колькасьць пацярпелых удакладняецца, — гарадзкая рада.
- Генпракуратура Ўкраіны: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 115 дзяцей, больш за 140 дзяцей атрымалі раненьні.
- Расейскія вайскоўцы за апошнія суткі не вялі актыўных наступаў, паведаміў Генштаб УСУ. Мінабароны Вялікай Брытаніі таксама сьцьвярджае, што наступ расейскіх вайскоўцаў на Ўкраіну запаволіўся.
- 10 мільёнаў чалавек пакінулі свае дамы ва Ўкраіне з пачатку вайны, як найменей 902 мірных жыхара былі забітыя і 1459 параненыя пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, паведаміла Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
- Агенцтва ААН па справах дзяцей (ЮНІСЕФ) паведамляе, што больш за 1,5 мільёна дзяцей выехалі за мяжу Ўкраіны.
- Расейцы пачалі вывозіць жыхароў Марыюпалю ў самаабвешчаныя рэспублікі і ў РФ.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 20 сакавіка
Жытоміршчына: у выніку авіяўдару пашкоджана 13 будынкаў, 3 чалавекі пацярпелі
У Жытомірскай вобласьці 20 сакавіка ў выніку авіяўдару пашкоджаныя 13 будынкаў і трое чалавек пацярпелі. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўнай службе па надзвычайных сытуацыях.
Расейцы прызналі, што пад Марыюпалем забіты намесьнік камандуючага расейскага Чарнаморскім флётам
Намесьнік камандуючага расейскім Чарнаморскім флётам капітан 1-га рангу Андрэй Палій забіты падчас баёў пад украінскім Марыюпалем. Пра гэта паведамілі ў нядзелю ў тэлеграме расейскі губэрнатар Севастопаля ў анэксаваным Крыме Міхаіл Развазжаеў і сэнатарка Кацярына Алтабаева.
Палій стаў адным з некалькіх высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў, аб гібелі якіх паведамлялася падчас вайны з Украінай. Украінскі бок, у прыватнасьці, заяўляе, што з пачатку вайны былі забітыя ўжо пяцёра расейскіх генэралаў, Масква гэта не камэнтуе.
ААН: 10 мільёнаў чалавек пакінулі свае дамы ва Ўкраіне з пачатку вайны
- Дзесяць мільёнаў чалавек — каля чвэрці насельніцтва — пакінулі свае дамы ва Ўкраіне з прычыны расейскага ўварваньня, заявіў 20 сакавіка Вярхоўны камісар ААН па справах уцекачоў Філіпа Грандзі.
- Прынамсі 1,5 мільёна ўкраінскіх дзяцей сталі ўцекачамі ў выніку беспрычыннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, паведамляе Агенцтва ААН у справах дзяцей (UNISEF). Яшчэ 3,3 мільёна непаўналетніх сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі.
- Як найменей 902 мірных жыхара былі забітыя і 1459 параненыя пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, паведаміла таксама Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Расейцы абстралялі Сьвятошынскі раён Кіева
Як сказаў мэр украінскай сталіцы, у адзін з жылых дамоў у Сьвятошынскім раёне Кіева трапіў расейскі снарад. На месца выехалі ратавальнікі. Пра ахвяр паведамленьняў пакуль няма.
Абстрэл сэмінарыі ў Ірпяні
20 сакавіка была абстраляная біблійная сэмінарыя ў горадзе Ірпень Кіеўскай вобласьці. Там пачаўся пажар. Горад грунтоўна разбураны налётамі расейскай авіяцыі.
Расейскія вайскоўцы ўзялі ў палон намесьніка мэра Энэргадару
20 сакавіка ў мэрыю паступіла пацьверджаная інфармацыя, што намесьнік мэра Энэргадару Іван Самайдзюк выкрадзены акупантамі. Пакуль невядома, дзе ён і ў якім фізычным і псыхалягічным стане.
56 загінулых пасьля танкавага абстрэлу дому састарэлых
Трагедыя здарылася на Луганшчыне. Але даведаліся пра яе толькі празь некалькі дзён пасьля здарэньня. Усіх, зто выжыў, расейцы вывезьлі ў так званую «ЛНР».
«Градамі» абстраляная вёска каля Зяленадольску
Расейскія войскі намагаюцца прабіцца ў Днепрапятроўскую вобласьць. Яны, паводле кіраўніка вайсковай адміністрацыі Крывога Рогу Аляксандра Вілкула, ударылі з установак «Град» па Вялікай Кастраміцы, што каля Зяленадольску. У Высакапольлі некалькі дзён таму расейцы абстралялі некалькі жылых будынкаў і дзіцячы садок, ахвяраў не было, піша сайт навінаў Дніпра. Прабіцца далей ім не даюць украінскіх войскі.
Працягваецца блякада польска-ўкраінскай мяжы
Актывісты блякуюць грузавікі, якія затым сьледуюць у Расею і Беларусь. Чарга з фураў, якія ідуць у Беларусь, расьцягнулася на 45 км.
На Багамах знайшлі расейскія грошы. Апэрацыі па іх забароненыя
Фінансавыя ўстановы Багамскіх астравоў маюць актывы ў памеры каля 3 мільярдаў даляраў, уладальнікі якіх зьвязаны з Расеяй, паведаміў цэнтральны банк карыбскай краіны. Пра гэта піша агенцтва Reuters.
Багамскія астравы 12 сакавіка загадалі спыніць усе апэрацыі з расейскімі арганізацыямі, якія трапілі пад санкцыі заходніх краін. Цэнтральны банк выявіў у фінансавых установах Багамскіх астравоў, якія маюць ліцэнзію на абслугоўваньне замежных кліентаў, 420 мільёнаў даляраў дэпазытаў і 2,5 мільярда даляраў у захоўваньні або давераных актывах «з канчатковымі бэнэфіцыярамі з Расеі або зьвязанымі зь ёй».
Багамскія астравы — адна з найпапулярнейшых у сьвеце афшорных зонаў. Грошы, якія захоўваюцца там, не абкладаюцца падаткамі, таму гэта вабіць шэраг бізнэсоўцаў сьвету і заахвочвае іх трымаць актывы ў багамскіх банках.
У Рубежным і Севераданецку расейцы зруйнавалі 24 дамы
Сярод зруйнаваных будынкаў 12 шматкватэрных жылых дамоў і 12 прыватных. Падчас абстрэлаў Рубежнага загінулі трое чалавек, сярод іх двое дзяцей. Сямёх чалавек удалося ўратаваць з пашкоджаных дамоў, паведамілі ў Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі. 12,5 тысяч чалавек удалося вывезьці з Луганшчыны гуманітарнымі калідорамі. Тысячы жыхароў, якія застаюцца на тэрыторыі Луганшчыны, засталіся бяз газу і электрычнасьці.
Расея працягвае губляць найвышэйшы афіцэрскі склад
У вучэльні Ваенна-марскога флёту Расеі прызналі гібель на вайне ва Ўкраіне капітана 1-га рангу Андрэя Палія. У ліку загінулых камандзіраў — ужо шэсьць расейскіх генэралаў, сьцьвярджаюць у Кіеве. Столькі загінула за 10 год Афганскай вайны, паведамляе Медуза.
Палій — этнічны ўкраінец, ураджэнец Кіева, служыў у ВМФ Расеі з пачатку 1990-х гадоў. Па дадзеных украінскіх журналістаў, Палій у 1993 годзе адмовіўся прымаць украінскую вайсковую прысягу і перайшоў служыць на Паўночны флёт Расеі. У 2021 годзе крымскія СМІ згадвалі яго як намесніка камандуючага Чарнаморскім флётам па вайскова-патрыятычнай працы. Ён удзельнічаў у блякадзе ўзьбярэжжа Грузіі ў вайне 2008 году і ў анэксіі Крыму 2014 году.
У Чарнаўцах дэмантавалі зорку калябаранта
У горадзе Чарнаўцы на паўднёвым захадзе Ўкраіны з Тэатральнай плошчы дэмантавалі зорку Васіля Герэлы. Сьпявак удзельнічае ў расейскіх прапагандысцкіх кнцэртах, тым самым ухваляючы палітыку Пуціна супраць роднай Украіны.
Афіцыйны Кіеў забараніў дзейнасьць шэрагу прарасейскіх партый
РНБА вырашыла забараніць дзейнасьць 11 партый, «улічваючы поўнамаштабную вайну, якую вядзе РФ, і сувязі некаторых палітычных структур з гэтай дзяржавай».
У «ДНР» паднялі прызыўны век да 65 гадоў
Як паведаміў Генштаб Украіны, згодна зь яго зьвесткамі, у квазіўтварэньні «ДНР» цяпер забіраюць на вайну супраць Украіны людзей да 65 гадоў. Імі нібыта намагаюцца дапоўніць 1-ы армейскі корпус. Такая ж палітыка чакаецца і на Луганшчыне, там у зоне дзеяньняў 2-га армейскага корпусу, як сьцьвярджаюць ва ўкраінскім Генштабе, штодня ў Луганск, Сарокіна і Даўжанск прыбываюць целы забітых людзей, таму акупацыйныя войскі адчуваюць недахоп жывое сілы.
Каля 200 тысяч валянтэраў дапамагаюць кібэрпаліцыі Ўкраіны
Як паведаміла Нацыянальная паліцыя Ўкраіны, вялікая колькасьць людзей далучылася да супрацьдзеяньня расейскім рэсурсам на заклік уладаў. Дзякуючы гэтаму Ўкраіна заблякавала 1,5 тыс. расейскіх рэсурсаў, дзе распаўсюджваліся ілжывыя зьвесткі пра вайну. Паведамляецца, што яны «распаўсюджвалі прапаганду і дэзынфармацыю». Таксама ўсё больш людзей атрымліваюць ад кібэрпаліцыі інфармацыю пра неабходнасьць бясьпекі ўкраінскіх інфармацыйных старонак.
Праваахоўнікі выяўляюць і прадухіляюць спробы злачынцаў зарабіць на вайне. У цяперашні час найбольш распаўсюджаныя схемы — псэўдадабрачыннасьць, прапановы арэнды неіснуючага жыльля, фальшывыя пасажырапатокі і продаж неіснуючых тавараў, у тым ліку вайсковай амуніцыі.
Расейцы не пусьцілі гуманітарную дапамогу ў Херсонскую вобласьць
Фуры з прадуктамі і лекамі ехалі ў занятую расейскімі войскамі Херсонскую вобласьць Украіны, але іх не прапусьцілі на блёк-постах. Такім чынам, Расея працягнула палітыку поўнай блякады.
«Акупанты тэрарыстычнымі мэтадамі ўводзяць жорсткі адміністрацыйна-паліцэйскі рэжым, сьвядома ствараючы ўмовы для гуманітарнага крызісу на часова акупаваных тэрыторыях», — гаворыцца ў паведамленьні Генштабу Ўзброеных сіл Украіны.
Адзначаецца, што ў суботу з гораду Апосталава Днепрапятроўскай вобласьці на Херсоншчыну выехалі 14 грузавікоў з прадуктамі харчаваньня і неабходнымі лекамі. Аднак расейская армія не прапусьціла гуманітарны канвой, не назваўшы ніякай прычыны. Украінскія ўлады мяркуюць, што захопнікі выкарыстоўваюць блякаду, каб хутчэй схіліць да калябарацыянізму мясцовае насельніцтва.
Уцекачы ад вайны
Амаль чвэрць грамадзян Украіны былі вымушаныя пакінуць свае дамы з-за ўварваньня Расеі
Пра гэта гаворыцца ў сьвежай справаздачы Упраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў, паведамляе BBC.
Амаль 6 500 000 чалавек беглі ад вайны ў межах Украіны, больш за 3 300 000 пакінулі тэрыторыю краіны. У сукупнасьці колькасьць уцекачоў ад вайны складае прыкладна 9 800 000 чалавек.
Паводле зьвестак Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, ваеннае наступленьне, якое працягваецца чацьвёрты тыдзень, прывяло да гібелі 816 грамадзянскіх асоб, 2149 былі параненыя.
Памежная служба Польшчы паведаміла, што колькасьць уцекачоў, якія прыбылі з Украіны пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне, дасягнула 2 мільёнаў чалавек. Гэта пераважна жанчыны і дзеці. Частка зь іх кіруецца праз Польшчу транзытам.
Акрамя Польшчы, 291 тысяча ўкраінскіх грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 234 тысячы — у Славаччыну, 355 тысяч — у Малдову, 184 тысячы — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 508 тысяч — у Румынію, 2127 чалавек — у Беларусь.
Што адбываецца ў Расеі
Кіраўніца МЗС Брытаніі Ліз Трас лічыць, што ўведзеныя супраць расейскіх алігархаў санкцыі ніколі не будуць зьнятыя
Аб гэтым яна заявіла ў інтэрвію газэце The Times.
Bosch спыняе вытворчасьць на сваіх заводах у Расеі
Нямецкі гігант прызнаў, што з-за праблем пастаўкі і даставак, магчыма, давядзецца сысці з Расеі, піша BBC.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.
Генштаб Украіны: высокая пагроза наступу Беларусі па валынскім кірунку
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што паводле наяўных зьвестак, існуе вялікая імавернасьць таго, што ў бліжэйшыя 1-2 дні беларускае войска ўступіць у вайну з Украінай на баку Расеі. Як паведамляюць «Української правді» крыніцы сярод вайскоўцаў і сілавікоў, нягледзячы на супраціў шараговых вайскоўцаў і жыхароў Беларусі, такое рашэньне прынята кіраўніцтвам дзяржавы.
Раней украінскія вайскоўцы і дзяржаўныя службоўцы паведамлялі, што да 21:00 11 сакавіка Беларусь рыхтуецца ўварвацца ва Ўкраіну. Але пакуль гэтага не адбылося.
Зьявіліся відэадоказы таго, што расейцы выляталі для бамбаваньня Ўкраіны з аэрапорту ў Гомлі
Міністэрства абароны Расеі апублікавала відэа, на якім бачны ўзьлёт з аэрадрому ў Гомлі бесьпілётніка з боекамплектам. Таксама на відэа адлюстраваныя ракетныя ўдары па ўкраінскай тэрыторыі і пасадка на гэтым жа аэрадроме.
Спынілася чыгуначнае спалучэньне паміж Украінай і Беларусьсю
Кіраўнік украінскай чыгункі заявіў, што дзякуючы сумленным беларускім чыгуначнікам, зносін паміж Украінай і Беларусьсю цяпер няма
«Я нядаўна зьвяртаўся з заклікам да беларускіх чыгуначнікаў не выконваць злачынныя загады і ня везьці расейскія вайсковыя эшалёны ў бок Украіны, — сказаў Аляксандр Камышын. — На сёньняшні дзень я магу сказаць, што чыгуначных зносін паміж Украінай і Беларусьсю няма. Я не буду ўдакладняць дэталі, але я ўдзячны беларускім чыгуначнікам за тое, што яны робяць».
Як рэагуе сьвет
Новыя санкцыі
Японія, Аўстралія і Новая Зэляндыя ўвялі новыя санкцыі супраць Расеі. Санкцыі накіраваныя на алігархаў, абаронны і фінансавы сэктары Расеі.
ЗША пачалі прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю
У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 424 заканадаўцы ўхвалілі прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю. Цяпер законапраект накіруюць на разгляд у Сэнат.
Прыпыненьне нармальных гандлёвых дачыненьняў азначае, што пастаўкі расейскай і беларускай прадукцыі страцяць на амэрыканскім рынку рэжым найбольшага спрыяньня.
Акрамя таго, ініцыятыва патрабуе ад прадстаўніка ЗША на гандлёвых перамовах дабівацца замарожваньня ўдзелу Расеі ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі і прыпыненьня ўступу Беларусі ў гэтую арганізацыю.