Днямі да дзяцей беларусаў дадаліся пяцёра ўкраінскіх.
«На маю прапанову ў сацыяльных сетках адгукнулася жанчына з Мікалаева. Мы не маглі не дапамагчы. Яна зь пяцярымі дзецьмі былі бяз даху над галавой, начавалі ў транзытнай залі аэрапорту, дзецям там было холадна. Я сама бачу, як на вакзалах дзеці сядзяць ці ляжаць на падлозе. Гэта ж не ўмовы для дзяцей», — расказала Свабодзе Анастасія.
Яны жывуць у арэнднай 4-пакаёвай кватэры. Плацяць толькі за камунальныя. Кватэру ім здаў у арэнду знаёмы з касьцёла, куды ходзіць сям’я. Яны яшчэ ня здолелі абжыцца, купіць неабходную мэблю. З кватэрай і фінансава ім дапамагаюць палякі з касьцёла.
«Як нам дапамагаюць людзі, то і мы дзелімся зь іншымі тым, чым можам. Яшчэ калі мы жылі ў Беларусі, то па адной праграме атрымлівалі дапамогу як шматдзетныя. Мы дзяліліся зь іншымі людзьмі тым, што мелі», — патлумачыла Анастасія.
Украінцы зь пяцярымі дзецьмі, якія прыехалі да беларусаў, памыліся, памылі вопратку, адпачылі, паелі. Палякі дапамаглі з рэчамі для іх і грашамі. Цяпер іх перавялі ў мясцовую школу — там для ўцекачоў адвялі два пакоі. Зрабілі таксама пакой для гульняў, кухню.
Цяпер Віктар і Анастасія чакаюць сям’ю з украінскіх Сумаў з дваімі дзецьмі.
«Толькі я папярэджваю, што ў нас шмат дзяцей, і калі людзей гэта не напружвае, то калі ласка. Дзеці, дарэчы, не разьбіраюцца ў нацыянальнасьцях. Нашы з украінскімі адразу пасябравалі і былі як браты. Нашы дзеці цяпер ацанілі, што такое мець дах над галавой і быць у цяпле. Мы з украінскай маці разам гатавалі ежу, а дзеці разам гулялі. Я некалі скончыла курсы цырульніц, то я пастрыгла і пафарбавала нашу новую сяброўку», — падзялілася Анастасія.
Дзеці разам гулялі ў канструктар, ігралі на гітары і сынтэзатары, хадзілі на рэчку.
«Малыя дзеці яшчэ асабліва ня ведаюць пра вайну. Але нашы старэйшыя абураюцца, вядома. Яны ідуць у валянтэры, бо цяпер усюды трэба рукі. Дапамагаюць і дзеці — на вакзале, дзе шмат людзей, ці сартаваць гуманітарку, бо цяпер шмат пунктаў прыёму па горадзе», — расказвае беларуска.
Украінка Ніна не магла спаць спакойна нават у Польшчы. «Уздрыгвала ад гукаў; у нас стары гадзіньнік, і яна яго палохалася. Ёй усё здавалася, што гучыць паветраная трывога», — кажа Анастасія.
Нейкага нэгатыўнага стаўленьня ў яе бок як беларускі ад украінцаў ці палякаў яна не заўважыла.
«Украінцам я расказвала пра нашу Беларусь, пра тое, якія ў нас умовы — яны былі проста ў шоку, бо ня ведалі шмат пра нашу краіну. Бо ўкраінцы ж розныя бываюць. Некаторым не да навінаў, ім трэба было шмат працаваць, зарабляць грошы. Таму яны ня ведалі, што ў Беларусі нельга і слова сказаць, і правоў ты ніякіх ня маеш. Размаўляла з палякамі — яны нас разумеюць. Пакуль не сустрэла тут нікога, каб на нас касавурыўся ці нешта дрэннае сказаў. Дзеці ходзяць у польскую школу, таксама ня скардзіліся. У нас адкрытыя суседзі, мы добра ладзім зь імі», — кажа беларуска.
Беларуская сям’я ўцекачоў і далей гатовая дапамагаць і беларусам, і ўкраінцам — усім, хто трапіў у бяду, бяжыць ад вайны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.